Польскі журналіст расказаў пра затрыманні і тры дні ў беларускай турме
Польскі журналіст Вітальд Дабравольскі прыехаў у Беларусь 6 жніўня, каб асвятляць прэзідэнцкія выбары. 10 жніўня журналіста і фатографа, які з ім працаваў, запіхалі ў чорны бус на Нямізе. Яны выйшлі на свабоду толькі праз тры дні.
«Выкралі проста пасярод пустой вуліцы»
— 10 жніўня ўвечары мы з фатографам Касперам былі ў кавярні ў Верхнім горадзе. Мы знайшлі пункт вай-фай і чыталі навіны пра пратэсты. Вырашылі пайсці туды, каб паздымаць. Прайшлі ад кавярні ўсяго 100 метраў — і да нас падышлі супрацоўнікі АМАПа. Спыталі дакументы. Мы паказалі польскія пашпарты. Нас запіхалі ў чорны бус і выкралі проста пасярод пустой вуліцы, — успамінае Вітальд Дабравольскі.
Па словах журналіста, збіваць іх пачалі адразу — яшчэ ў мікрааўтобусе. Пасля гэтага перасадзілі ў аўтазак і адвезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна. Там збіццё і абразы працягнуліся.
— Нас адвялі ў нейкую баскетбольную залу. Там ужо было каля ста чалавек. Усім трэба было ляжаць галавой у падлогу. Людзі крычалі, іх працягвалі збіваць. Гэта ўжо быў не АМАП — яны толькі прывезлі нас. Збівалі нас у гэтай зале супрацоўнікі міліцыі, нейкія сілавікі ў форме, падобнай да АМАП, але з нашыўкамі МУС, і людзі ў цывільным, без масак, — працягвае Вітальд.
— Вы не спрабавалі растлумачыць, што вы замежныя журналісты, а не ўдзельнікі акцыі?
— Калі даведаліся, што я з Польшчы, збіваць пачалі мацней. Яны адвялі нас з Касперам у калідор і сказалі, што ненавідзяць палякаў. Успаміналі гісторыю Другой сусветнай вайны. Тое самае было з латвійцамі, іх таксама называлі фашыстамі. Тое, што мы журналісты, таксама ніяк нам не дапамагала.
«Вырашылі судзіць, але не знайшлі перакладчыка»
Пасля гэтага Вітальда і Каспера перавезлі ў турму ў Жодзіне. У камеры з журналістамі сядзелі яшчэ 24 чалавекі, спаць было немагчыма. Жодзінская турма ў параўнанні з Фрунзенскім РУУС падалася яму «больш камфортным месцам для выжывання»:
— У нас хоць была ежа, прыбіральня. У Жодзіне мяне і Каспера вырашылі судзіць, але мы не гаворым па-руску, і яны не знайшлі перакладчыка. Таму ўрэшце 13 жніўня яны нас выпусцілі. З моманту затрыманьня прайшло амаль тры дні.
Каля турмы нас сустрэлі сотні беларусаў, якія чакалі сваіх сваякоў, прапаноўвалі розную дапамогу. Яны дапамаглі нам звязацца з консулам. Амбасада перавезла нас у бяспечнае месца, а на наступны дзень мы паляцелі ў Варшаву.
У Польшчы Вітальда і Каспера паклалі ў бальніцу на абследаванне.
— У мяне няма сур’ёзных траўмаў. Толькі сінякі і ўдары. Вельмі баліць рабро, але пашанцавала, што не зламанае. Нам у цэлым пашанцавала, можна сказаць. Я памятаю, як аднаго хлопца ў аўтазаку білі так, што ён страціў зрок. А ў Фрунзенскім РУУС збівалі чалавека 15 хвілін да моманту, пакуль ён не пачаў гаварыць, што не можа больш дыхаць. Гэта сапраўднае злачынства.
Вітальд і Каспер прыехалі ў Беларусь без акрэдытацыі журналістаў. Іх выданне, як многія іншыя замежныя СМІ, не змагло яе атрымаць. Карэспандэнты рыхтаваліся да пратэстаў, але не чакалі такога гвалту з боку сілавікоў.
— Я быў і ва Украіне, і ў Ганконгу, і ў іншых «гарачых» кропках, але за апошнія гады не бачыў нічога падобнага да таго, што адбывалася ў Беларусі. Каб вось так выкрадалі, катавалі журналістаў, арыштавалі за пару дзён 7000 чалавек! Сапраўднае вар’яцтва, — рэзюмуе Вітальд.