Польскі суддзя-перабежчык перакваліфікаваўся ў карэспандэнта БЕЛТА
Новая задача Томаша Шмідта, які ўжо называе сябе журналістам і публіцыстам, – інтэрв’ю з запрошанымі гасцямі. Пра новае працаўладкаванне польскага суддзі, супраць якога ў Польшчы ўзбуджаная крымінальная справа, паведаміла выданне Do Rzeczy.
«Вельмі добрая праца. Я не буду выкладваць кантракт», — напісаў Томаш Шмідт у сацсетках.
Суддзя 2‑га аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шмідт збег у Беларусь 6 траўня 2024 года, дзе і папрасіў палітычнага прытулку. Суддзя-перабежчык заявіў, што ў Польшчы «падвяргаўся пераследу і пагрозам за самастойную палітычную пазіцыю».
Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі назваў Шімдта «здраднікам»:
«У нас колісь ужо быў здраднік, і, здаецца, гэта падобны выпадак».
Міністр яўна намякаў на перабежчыка Эміля Чэчку, якога знайшлі ў Мінску павешаным у сакавіку 2022 года: у Польшчы супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу, яму пагражала да 10 гадоў зняволення.
Нацыянальная пракуратура Польшчы завяла супраць Томаша Шмідта крымінальную справу за шпіянаж. На думку пракуратуры, ён «прымаў удзел у гібрыднай вайне, якую Беларусь і РФ вялі супраць Польшчы».
Беларускі рэжым адразу ўзяў новага перабежчыка ў абарот, які стаў усяляк нахвальваць Лукашэнку. Вось адна з апошніх цытат:
«Дастаткова паглядзець на сённяшнюю сітуацыю: як ён паводзіць сябе, як праводзіць палітыку. Гэта не камплімент, гэта факт. Акрамя таго, можна пазайздросціць яго фізічнай форме. Дастаткова паглядзець на тое, як ён коле дровы, як у Манголіі страляе з лука».
Што цікава: Томаш Шмідт не валодае ні рускай, ні тым больш беларускай мовамі. Паўстае лагічнае пытанне: а якім чынам ён збіраецца размаўляць з запрошанымі гасцямі?