Пісьменнік Славамір Антановіч хацеў спагнаць з «Нашай Нівы» 10.000 рублёў, але прайграў суд
Мінскі гарадскі суд скончыў шматмесячную судовую эпапею — пісьменнік Славамір Антановіч хацеў спагнаць з кіраўніка Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца 20 тысяч рублёў, а з «Нашай Нівы» — 10 тысяч рублёў.
У выніку Антановіч сам заплаціць «НН» 800 рублёў. Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.
У ліпені 2019 года на сайце «Нашай Нівы» з’явіўся артыкул «З афіцыйнага Саюза пісьменнікаў са скандалам выключылі Славаміра Антановіча. Чаргінец: Ён элементарнае трапло».
У ім Чаргінец расказваў, чаму Антановіча выключылі з арганізацыі. А Антановіч у каментары карэспандэнту звяртаў увагу на юрыдычныя моманты гэтай працэдуры.
Урэшце Антановіч пакрыўдзіўся і пайшоў у суд. Ён палічыў абразлівымі назву артыкула і яшчэ пяць фраз у тэксце, патрабаваў іх абвяржэння і сплаты гіганцкай кампенсацыі.
Суд Ленінскага раёна часткова задаволіў яго прэтэнзіі, Чаргінец падаў апеляцыю ў Мінскі гарадскі суд, які ў выніку вярнуў справу на раённы ўзровень. Паўторны разгляд пазова адхіліў усе патрабаванні Антановіча. Чарговая апеляцыя ў Мінскі гарадскі суд, цяпер ужо ад Антановіча, не змяніла сітуацыю.
Якія выразы Славамір Антановіч палічыў абразай?
1. «З афіцыйнага Саюза пісьменнікаў са скандалам выключылі Славаміра Антановіча. Чаргінец: Ён элементарнае трапло»
Адказ суда: Антановіча выключылі з Саюза на падставе рашэння суда Смалявіцкага раёна за распаўсюд звестак, якія ганьбяць гонар Чаргінца. Значыцца, казаць «са скандалам» — карэктна. «Трапло» — чалавек, які кажа няпраўду. Антановіч казаў няпраўду, значыцца, Чаргінец мае права на суб’ектыўную ацэнку яго як «трапла».
2. «За паклёп … было вырашана прыбраць яго з ліку сяброў СПБ»
Суд: Антановіч насамрэч узводзіў паклёп на Чаргінца, што пацвярджаецца рашэннем суда Смалявіцкага раёна.
3. «Ён заўсёды ходзіць п’яны, то прадстаўляўся, што ён быў памочнікам Машэрава, то казаў, што расследаваў смерць Машэрава… Ён элементарнае трапло!»
Суд: Сведкі пацвердзілі, што Антановіч пастаянна прыходзіў у Саюз п’яным. А пратаколы, як патлумачыў Чаргінец, на яго не складалі, бо не мелі на гэта паўнамоцтваў.
4. «Ён хваліўся, што працаваў памочнікам прэм’ер-міністра Генадзя Навіцкага. Сапраўды, адпрацаваў пару месяцаў, але потым яго выперлі адтуль»
Суд: Гаворка вядзецца пра інфармацыю, атрыманую Чаргінцом ад Антановіча, таму яна не патрабуе абвяржэння.
5. «…хваліўся, што быў палкоўнікам юстыцыі ў пракуратуры … але ён і блізка не мае гэтага звання»
Суд: У адной з кніг Антановіча змешчаны здымак у форме супрацоўніка мытнай службы, падпісаная «старшы саветнік юстыцыі». Але старшы саветнік юстыцыі адпавядае вайсковаму званню палкоўнік. Антановіч тлумачыў, што ў кнізе апіска, але суд яму не паверыў.
6. «Трапло і хвалько»
Суд: Суб’ектыўная ацэнка Чаргінца.