• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пісьменнік, які быў аптэкарам: незвычайныя павароты ў біяграфіях беларускіх літаратараў

    Класічныя «нармальныя» заняткі для пісьменніка, якія і ў працоўную кніжку запісаць не сорамна, — рэдактарская праца, пераклады, настаўніцтва. Але нярэдка здаралася (і ўсё яшчэ здараецца) так, што жыццё робіць нечаканы паварот і апроч пяра або клавіятуры пісьменніцкім рукам даводзіцца брацца за іншыя прылады працы. Wir.by сабраў  некалькі літаратурных біяграфій, якія паказваюць, што ў рэшце рэшт магчыма ўсё.

    прафесіі беларускіх літаратараў

    Выява з сайта wir.by

    Францішак Багушэвіч 

    Францішак Багушэвіч

    Францішак Багушэвіч

    Францішак Багушэвіч (1840–1900) паходзіў з дробнай шляхты. Малады Францішак абвяргаў клішэ пра гуманітарыяў і тэхнароў, бо ён аднолькава цікавіўся і этнаграфіяй, і фізікай.

    Ён актыўна прымаў удзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, таму далей — эміграцыя, новая адукацыя, цяпер ужо юрыдычная, праца следчым і шматлікія пераезды.

    Праз 20 гадоў пасля паўстання ён нарэшце змог вярнуцца дадому, і тут яго літаратурная і прафесійная дзейнасць зліліся ў адно: Багушэвіч працаваў адвакатам, пераважна для сялян, часта без належнай аплаты.

    Але пад канец жыцця яму нарэшце пашанцавала: ён атрымаў добрую спадчыну ды змог адбудаваць радавую сядзібу ў Кушлянах. Цяпер гэта дом-музей, схаваны сярод палёў і лясоў, які мы вельмі раім адведаць — ёсць чуткі, што там усталяваная лакальная машына часу.

    Карусь Каганец

    Карусь Каганец

    Казімір–Рафал Каралевіч Кастравіцкі (1868–1918), больш вядомы пад псеўданімам Карусь Каганец, належаў  да слаўнага шляхецкага роду, з якога таксама паходзіў французскі паэт Гіём Апалінэр.

    За ўдзел ў паўстанні Каліноўскага сям’ю пазбавілі маёмасці ды саслалі ў Табольск, дзе Казімір і нарадзіўся. У хуткім часе Кастравіцкім дазволілі вярнуцца ў Беларусь, і тут малому шляхціцу давялося працаваць пастушком.

    У найлепшых традыцыях сваёй сям’і падрослы Кастравіцкі далучыўся да рэвалюцыйнага руху і таму зусім нядоўга пратрымліваўся ў сваіх працадаўцаў у мастацкай майстэрні або на будове чыгункі. У святле гэтай біяграфіі крыху іранічна гучыць назва галоўнага твора Каганца — камедыі «Модны шляхцюк», якая стала сапраўдным хітом і заклала пачатак беларускага нацыянальнага тэатра.

    Ядвігін Ш.

    Ядвігін Ш.

    Ядвігін Ш.

    Ядвігін Ш. (1869–1922), ён жа Антон Лявіцкі, пачаў свой цярністы прафесійны шлях з нелегальнай школкі, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміла.

    Пасля ён паступіў на медыцынскі факультэт у Маскве, але і тут усё было не так проста: за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях Лявіцкі адсядзеў у знакамітай Бутырскай турме, на гэтым вучоба скончылася.

    Так замест доктара Ядвігін Ш. становіцца аптэкарам (дарэчы, не адзіным у беларускай літаратуры — пазней лекі адпускаў таксама Ізі Харык).

    Пакінуўшы аптэку, ён становіцца загадчыкам крамы, тая прагарае, і тады будучы класік робіць цалкам сучасны крок: даўншыфтарам ён вяртаецца ў свой маёнтак ды займаецца там садам і літаратурай. У той маёнтак да яго нярэдка забягаў малады сусед Ян Луцэвіч, каб узяць кніжак ды пагаманіць пра літаратуру, а пасля туды наведваўся і Максім Багдановіч.

    Алаіза Пашкевіч

    Алаіза Пашкевіч (Цётка)

    Алаіза Пашкевіч (Цётка)

    Алаіза Пашкевіч (1876–1916) больш вядомая пад партыйнай мянушкай Цётка. Яна не толькі пісала палымяныя рэвалюцыйныя вершы, але і была палітыкам – адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады, а таксама змагалася за правы жанчын.

    Пасля паражэння рэвалюцыі 1905 года актывізм Алаізы пацягнуў за сабой эміграцыю ў Львоў (тады яшчэ Аўстра-Венгрыя), дзе яна працавала масажысткай.

    Пасля яна выйшла замуж (кажуць, фіктыўна) і з новым прозвішчам змагла вярнуцца ў Мінск.

    Псеўданім Цётка можа ўвесці ў зман, бо Алаіза не пражыла і 40 гадоў. За гэты час дзяўчынка з небагатай шляхецкай сям’і, гімназістка, якая губляла прытомнасць ад голаду, паспела пабываць настаўніцай, фельчаркай, актрысай, рэдактаркай – і гэта далёка не ўсё.

    Жыццё Алаізы Пашкевіч дакладна вартае не толькі некалькіх старонак у падручніку беларускай літаратуры, але і добрага фільма ці серыяла на Net­flix.

    Мойшэ Кульбак

    Мойшэ Кульбак

    Мойшэ Кульбак

    Мойшэ Кульбак (1896–1937) – сусветная зорка ідышскага мадэрнізму, частка неверагоднага міжваеннага чатырохмоўя, якая цягам апошніх некалькіх гадоў паступова вяртаецца і да беларускага чытача.

    Кульбак быў не толькі літаратарам, але і выкладчыкам, кумірам сваіх выхаванцаў. Цікавы паварот у ягонай кар’еры прынесла, ізноў жа, эміграцыя: у 1920 годзе Кульбак выправіўся ў Берлін, у якім віраваў мадэрнізм з усімі сваімі тэатрамі, кіно, кабарэ і багемнымі кафэ, дзе багацце суседнічала з беднасцю і пасляваеннымі калецтвамі.

    Кульбак спрабуе вучыцца ва ўніверсітэце, але з гэтым не склалася, і праводзіць свае тры берлінскія гады ў галечы, падпрацоўваючы суфлёрам.

    Там ён пісаў зусім не пра еўрапейскую сталіцу экспрэсіянізму, а пра Беларусь: у Берліне паўстала паэма «Райсн» (רייסן, ідышская назва Беларусі). А свае берлінскія ўражанні ён апіша, вярнуўшыся ў Мінск, ды ажно праз 10 гадоў, у паэме «Дзісенскі Чайлд-Гарольд» (דיסנער טשײלד האַראָלד‎).

    Алесь Гурло

    Алесь Гурло

    Алесь Гурло

    Алесь Гурло (1892–1938) паходзіў з сялянскай сям’і. Не дзіва, што яму давялося папрацаваць і пастухом, і на заводзе, і на лесапільні,  і… матросам! Не самая тыповая прафесія для беларуса.

    Матросам Алесь Гурло паўдзельнічаў у баях Першай сусветнай, у штурме Зімняга палаца і іншых гістарычных падзеях, а пасля бурапеннае жыццё прыбіла яго да мінскіх берагоў.

    Тут ён стаў пісаць вершы, прозу і драмы ды складаць слоўнікі капыльскай гаворкі. Аднак мора так і не пакінула Алеся Гурло, яно засталося ў яго вершах і такім чынам пашырыла краявіды беларускай літаратуры далёка за межы лясоў, палёў да балот: Хваляй буйнай мора плешча: / Разьбяжыцца стройны вал, / Блісьне срэбрам — і, нарэшце, / Пацалуе твары скал…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці