«Першы інфармацыйны» пачынае вяшчанне з 17 верасня
Дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны» пачне вяшчаць у абавязковым агульнадаступным пакеце тэлепраграм з 17 верасня 2024 года. Пра гэта паведамляе беларускае Міністэрства інфармацыі.
Новы навінавы госканал з’явіўся ў пераліку тэлепраграм у складзе абавязковага агульнадаступнага ТБ-пакета. Зменены спіс, зацверджаны пастановай Саўміна ад 11 верасня 2024 года № 665. У пакет таксама ўваходзяць 9 іншых дзяржаўных тэлеканалаў, у асноўным прапагандысцкага зместу.
У ведамстве звярнулі ўвагу на змену паслядоўнасці тэлепраграм пасля дабаўлення (пад нумарам 5) «Першага інфармацыйнага»:
- Тэлепраграма «Беларусь 1».
- Тэлепраграма «Агульнанацыянальнае тэлебачанне».
- Тэлепраграма «Сталічнае тэлебачанне».
- Тэлепраграма «Мір».
- Тэлепраграма «Першы інфармацыйны».
- Тэлепраграма «Расія-Беларусь».
- Тэлепраграма «НТВ-Беларусь».
- Тэлепраграма «Беларусь 3».
- Тэлепраграма «Беларусь 5».
- Тэлепраграма «Беларусь 2».
Нагадаем, стварэнне «інфармацыйнага канала» на базе Белтэлерадыёкампаніі анансавала прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант 28 чэрвеня. Яна удакладніла, што на новым тэлеканале будзе шмат прамых трансляцый, у тым ліку найважнейшых палітычных падзей.
Прапаганда абяцае народу новы сайт і тэлеканал, падобнага якому «яшчэ не было»
29 жніўня Лукашэнка заявіў, што «Першы інфармацыйны» павінен быць «сапраўдным беларускім» тэлеканалам, «без усялякай хлусні».
У сакавіку 2022 года Лукашэнка ўвёў абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку дзяржаўных СМІ. Яны атрымліваюць 10% ад кошту рэкламных паслуг за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, у астатніх выпадках — 20%. Таксама на фінансаванне «вытворчасці беларускага (нацыянальнага) кантэнту ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі» накіроўваецца 1/26 частка ПДВ, які паступіў у бюджэт пры рэалізацыі паслуг перадачы дадзеных, адзначае «Позірк».