Першае вялiкае iнтэрв’ю Iвулiна на волi: 1000+ лiстоў, 135 кніг, чэмпiён калоніі па футболе, адзенне замест аўтографаў i шмат iншага
Аляксандр Івулін распавёў Tribuna.com аб тым, як не звар'яцець за кратамi i што казалi ciлавiкi Лукашэнкi з лiку гледачоў канала «ЧестнОК».
Сілавікі Лукашэнкі наўпрост казалі, што іх задача – зрабіць так, каб пра яго забыліся. Але не атрымалася. Калі 23 лютага 2023 года стала шырока вядома пра тое, што журналіст «Трыбуны» і заснавальнiк YouTube-праекту «ЧестнОК» Аляксандр Iвулiн выйшаў на волю, гэта ўсцешыла многіх беларусаў. Першая публікацыя Івуліна ў Instagram пасля вызвалення за некалькі гадзін набрала амаль 15 тысяч падабаек.
Пра свой выхад з‑за кратаў журналіст паведаміў ужо пасля таго, як пакінуў Радзіму. Заставацца ў Беларусі ён палічыў для сябе небяспечным. У цяперашні момант Івулін знаходзіцца ў Грузіі, дзе бавіць час з сябрамі і рыхтуецца да аднаўлення прафесійнай дзейнасці.
Блогер быў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года каля дому, у якім здымаў кватэру. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 30 сутак, але яшчэ да канца тэрмiну паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах супраць Лукашэнкі. Івуліну давялося сядзець у ЦІП i IЧУ на Акрэсціна, у СІЗА на Валадарцы і ў Баранавічах. Носьбіт судзейскай мантыі Сяргей Шаціла пакараў журналіста двума гадамі зняволення. Яго Івулін адбываў у калоніі №22 пад Івацэвічамі. Усяго ў няволі наш калега правёў 624 дні.
25 лютага на YouTube-канале «ЧестнОК» адбудзецца стрым, падчас якога журналіст распавядзе пра свае прыгоды і адкажа на пытанні.
Пакуль жа ў першым інтэрв’ю на свабодзе Івулін расказвае пра тое, як не звар’яцець за кратамi, 135 прачытаных кніг i больш за тысячу напiсаных лiстоў, перамогу ў чэмпіянаце калоніі па футболе і папулярнасці, якая, бывала, праяўлялася зусім нечакана.
– Шчыра кажучы, дагэтуль у шоку ад каласальнага ўзроўню падтрымкі. Я меркаваў, што за мяне перажывала шмат людзей, але не мог уявіць, наколькі шмат. Калі зайшоў у Instagram, падумаў, што тэлефон выбухне з‑за колькасці паведамленняў, адзнак. Рабяты, крыху пазней абавязкова адкажу кожнаму. Гэта неверагодна каштоўна!
Зараз перажываю адзін з самых эмацыйных момантаў у сваiм жыццi. Эндарфінаў мора! Поўнае ўсведамленне ўсяго таго, што здарылася са мной за два апошнія гады, прыйдзе пазней. Але менавіта ў моманце адбываецца штосьцi сапраўды грандыёзнае.
БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі, каб быць карыснымі і цікавымі тым, хто з намі даўно, і тым, хто нас яшчэ не ведае. Гэта дапаможа нам адаптаваць нашыя прадукты і кантэнт, удасканаліць іх і стаць карысным інструментам і плацдармам для развіцця беларускай незалежнай журналістыкі. Прайдзіце апытанне і дапамажыце нам стаць лепш!
– Калі рыхтаваўся да вызвалення, пракручваў у галаве сцэнарый сваіх першых дзён на волі?
– Шчыра кажучы, не. Проста навучыўся не будаваць планы, таму што, як спяваў Макс Корж, яны не спраўджваюцца ніколі :). Ведаеш, гэта вельмі карысная штука – не планаваць чагосьці, каб потым не расчароўвацца. Многія людзі, асуджаныя па палітычных артыкулах, ставяць сабе нейкія знакі, чакаюць нейкага моманту – і потым іх няблага «накрывае», калі ў гэты самы момант чагосьці задуманага не здараецца. Я разумеў, што мой тэрмін рана ці позна скончыцца – ну а далей разбярэмся, што рабіць.
Праўда, два апошнія дні перад выхадам на волю прайшлі крыху нервова. Перажываў, хаця стараўся гэтага не паказваць. Да гэтага з нервамі ўсё было ў парадку – навучыўся абстрагавацца, разумеў, дзе знаходжуся, у якіх умовах, таму не займаўся самаедствам. У зняволенні ў мяне не было праблем са сном: адбой у 22.00, а ў 22.05 я ўжо сплю. Але па начах перад вызваленнем увесь час варочаўся, не спаў да двух-трох раніцы. Недзе на падсвядомым узроўні да канца не верылася, што ўся гэтая гісторыя скончыцца.
Быў яшчэ адзін момант, які прымусіў паднапружыцца. Улетку Каці Андрэевай накінулі яшчэ восем гадоў («суд» даў журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай за нібыта «здраду» рэжыму 8 гадоў калоніі, калі яна ўжо знаходзілася за кратамі пасля «прысуду» ў 2 гады калоніі за трансляцыю акцыі памяці Рамана Бандарэнкі з Плошчы Перамен у 2020‑м – Tribuna.com), а мы з ёй першапачаткова сядзелі па аднолькавых артыкулах. Я ведаў, што больш мне прад’явіць няма чаго, але пры цяперашнім рэжыме з табой можа здарыцца ўсё што заўгодна. Хоць, зразумела, не зрабілі нічога дрэннага ні я, ні дзяўчыны, за якіх я перажываў, калі яшчэ быў на волі (разам з Андрэевай два гады калоніі далі яе калезе Дар’і Чульцовай, з якой яны разам праводзілі трансляцыю – Tribuna.com). Жудасны тэрмін Андрэевай – страшэнная дзічына і несправядлівасць. Сіл ёй і мужнасці!
– Вяртаючыся да пытання: будучы за кратамi, ты ж марыў пра штосьцi, што зробіш ці паспрабуеш перш за ўсё на волі?
– Не было такога, што я хачу паспрабаваць нейкую асаблівую страву ці зрабіць нешта канкрэтнае. Было дакладнае разуменне, што галоўны капітал, які я нажыў да 30 гадоў – гэта неверагодныя людзі! Галоўнае, што мне хацелася зрабіць пасля вызвалення, – гэта ўбачыць блізкіх і абняць бацькоў. Усе яны вялікія малайцы! Захапляюся тым, як яны перажылі гэты пэрыяд.
Яшчэ адзін момант. Мне не вельмі хацелася, каб гісторыя з маім вызваленнем адразу ж стала публічнай. Гэта моцна ўскладніла б выезд з краіны. Таму вялікі дзякуй усім незалежным СМІ, праваабаронцам, якія нейкім неверагодным чынам стрымлівалі інфармацыю пра маё вызваленне, не давалі ёй прабіцца ў эфір. Як па мяне, гэта яшчэ адзін паказчык беларускай салідарнасці. Можа, з пункту гледжання нейкіх стандартаў журналістыкі гэта не зусім прафесійна, калі так церпiць аператыўнасць. Але падзеі 2020 года навучылі нас, што для таго, каб зрабіць нешта лепш, часам трэба крыху пачакаць. Так што яшчэ раз падзякую ўсім, хто не пісаў пра маё вызваленне. Гэта значна аблягчыла мой выезд з краіны.
– Раскажы пра лісты, якія прыходзілі табе за краты.
– Ведаю, што мне пісалі яшчэ на Акрэсціна, але туды нічога не прыходзіла. Калі перавялі ў СІЗА на Валадарскага, лісты пачалі прыносіць. Перадаюць у камеру пачак лістоў – амаль усе мне. У добрыя часы кожны дзень было па 10–15 канвертаў. Рэкорд, па-мойму, 25 за дзень. Пры гэтым я выдатна разумеў, што гэта толькі малая частка таго, што насамрэч дасылалі людзі.
У снежні 2021-га, калі на сайце «пракуратуры» напісалі, што «журналіст спартыўнага выдання арганізаваў» пратэсты, перапіску проста «замарозілі». Некалькі месяцаў не атрымліваў лісты ад слова зусім, нават ад маці.
Так працягвалася да пераводу ў СIЗА ў Баранавічы. Але і там прыкладна тыдзень мне перадавалі лісты, пасля – зноў «мароз». А потым была ў нас неяк праверка ад адміністрацыі ўстановы, дзе можна задаваць пытанні кіраўніцтву, я і спытаў, маўляў, чаму лісты дрэнна ходзяць. Мне сказалі: «А, той самы Івулін, які ведае ўсё пра беларускі спорт? Вы ж разумееце. Наша задача – зрабіць так, каб пра вас забылі».
– Прыбівала маральна такая сітуацыя?
– Калі лісты мне прыходзілі да снежня 2021-га, гэта моцна адцягвала. Я адказваў кожнаму. Бо яшчэ на «ЧестнОК» адказваў на ўсе каментарыi. Вось і з лістамі атрымалася тая ж гісторыя. Лісты стараўся пісаць максімальна разгорнута. Гэта не былі нейкія адпіскі для галачкі. Натхняла, што чалавек па той бок плота, нягледзячы на ўвесь трэш, які творыцца вакол, знайшоў час і сілы, каб мяне падтрымаць. І як пасля гэтага можна не адказаць?
Плюс я вёў «бухгалтэрыю» сваіх лістоў. Нумараваў іх, потым запісваў у сшытак, каб разумець, што даходзіць, а што не. Пісаў, што такога чысла адказаў на такую колькасць лістоў. Калі перапіску замарозілі, гэта значыць няма чаго стала запісваць, я некалькі дзён грузіўся. Але які сэнс заганяцца, калі ты рэальна нічога не можаш змяніць?
Калі перавялі ў калонію ў Івацэвічы, лісты сталі зноў даходзіць, але іх было вельмі мала – я так разумею, каля трох працэнтаў ад таго, што дасылалі людзі.
– Колькі ўвогуле лістоў табе прыйшло і колькі напісаў ты?
– Колькі прыйшло, дакладна не скажу. У Івацэвічах я ўжо не вёў сваю «бухгалтэрыю», бо сілавікі могуць праявіць нездаровую цікавасць да людзей, якія мне пісалі. Не хацелася нікога падстаўляць. Тым больш ведаў, як затрымлівалі людзей за футболкі з нумарам [Івуліна ў «Крумкачах»] 25, як студэнт, які прыйшоў да мяне на суд, адправіўся на суткі за бел-чырвона-белыя палосы на заплечніку. Напэўна, недзе перастрахоўваўся, але вельмі перажываў за кожнага беларуса, якому быў неабыякавы.
Я ведаю, што напісаў больш за тысячу лiстоў у адказ.
Ты сядзеў у розных месцах. Раскажы, якія ўмовы там былі.
– У ЦІП на Акрэсціна – агідныя. Па 16–18 чалавек у камеры на шасцярых. Думаю, усе пра гэта чулі. Але са мной сядзелі суперкласныя людзі, з якімі час пралятаў непрыкметна. Мы неяк у адной з камер правялі апытанне – 16 чалавек з 20 мелі вышэйшую адукацыю. Як казала ў адным з выпускаў «ЧестнОК» Марыя Калеснікава, калі ў адным месцы збіраецца шмат добрых людзей, атмасфера абавязкова будзе добрай. І вялікае прывітанне [экс-палітвязню, палітыку, дарадцу Святланы Ціханоўскай] Анатолю Лябедзьку. Вельмі класны дзядзька!
ІЧУ на Акрэсціна – там умовы крыху іншыя. Можна сказаць, санаторый у параўнанні з ЦІП – таму што колькасць людзей адпавядае колькасці нараў. Але і там без матрацаў.
У Баранавічах прыйшло дакладнае разуменне, што Мінск і рэгіёны вельмі моцна адрозніваюцца. І справа нават не ва ўмовах, а ў людзях, з якімі давялося сядзець. Але да ўсіх можна знайсці падыход. Любое месца робяць людзі, а не ўмовы, нават за кратамi.
– Цябе пазнавалі ва ўсіх месцах, дзе ты сядзеў?
– Пазнавалi, прычым нават міліцыянеры. Вось дзве паказальныя гісторыі.
Калі на час апеляцыі мяне пераводзілі з Валадарскага ў Баранавічы, у аўтазаку ехаў у кайданках. Дарэчы, пры гэтым побач сядзеў хлопец з чырвонай біркай – гэта значыць, схільны да нападу на супрацоўнікаў калоніі, уцёкаў, суіцыду, карацей, поўны набор, – і на яго кайданкі не надзявалі. Калі мы выехалі, на мяне вельмі ўважліва глядзеў канваір, хлопец гадоў 22–25. Паглядзіць на мяне, потым у свой тэлефон. На мяне – у тэлефон. Потым падыходзіць: «Дык гэта ты той блогер спартыўны?». – «Ага. Можа, сфоткаемся?». – «Не, нам нельга. Гляджу цябе. Шкада, што так здарылася. Трымайся там!»
Калі мяне этапавалі з Акрэсціна на Валадарскага, адбылася адваротная гісторыя. Нас перавозілі ўначы, пасадзілі мяне ў «стакан» з нейкім хлопцам. Тут адчыняюцца дзверы, і міліцыянер кажа: «А дзе Івулін? Жадаю ў вочы табе паглядзець. У цябе быў такі добры канал пра футбол. Я яго глядзеў, пакуль ты ў палітыку не палез. Ну, цяпер пасядзі і падумай пра свае паводзіны». І зачыніў дзверы – я нават нічога адказаць не паспеў.
– Аўтографы ніхто не прасіў?
– У гэтым не было сэнсу.
Калі пераязджаў з месца на месца, пакідаў рабятам нейкія рэчы. Напрыклад, з’яжджаючы з Баранавічаў у калонію, пакінуў рабятам нейкія байкі, таму што ім было рэальна патрэбней. У Баранавічах, каб ты разумеў, трэба ўвесь час сядзець за сталом на драўляных лаўках, і я рэальна бачыў, як з‑за гэтага людзі зараблялі гемарой. Пакінуў у камеры пару баек, каб можна было падаслаць. На Валадарскага таксама пакідаў адзенне. Потым да мяне даходзілі прывітанні, маўляў, людзі радаваліся, што карысталіся менавіта маімі рэчамі.
– За час зняволення ты прачытаў 135 кніг. Як гэта ўдалося?
– Калі быў час, стараўся заняць яго нечым карысным. Хацелася не губляць час у зняволенні марна, а закрыць нейкія гештальты. Ну, і выбіць козыр з рук Мікіты Мелказёрава, які казаў, што я за жыццё прачытаў тры кнігі :).
– Назаві тры, якія асабліва запалі.
– Найперш – Уладзімір Караткевіч і «Каласы пад сярпом тваiм». Гэта, вядома, злачынства, але чытаў на рускай мове:). У бібліятэцы быў толькі такі экзэмпляр.
Вельмі спадабалася Айн Рэнд: «Мы жывыя», «Крыніца», «Атлант расправіў плечы». Моцна пра асобу і характар.
І, канечне, Святлана Алексіевіч. Закрыў усе прабелы: і «Чарнобыльская малітва», і «Цынкавыя хлопчыкі», і «Апошнія сведкі», і «У вайны не жаночае аблічча». Бліжэй за ўсё аказаліся «Цынкавыя хлопчыкі».
– Усе кнігі былі на рускай?
– Не. На беларускай чытаў Купалу, Быкава, Марціновіча. «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» Караткевіча таксама чытаў па-беларуску. Таго ж Горвата, дзе шыкоўна сфармулявана крэда сапраўдных беларусаў: «Каго любiш?» – «Люблю Беларусь!» – «То трымайся».
Які дзень за час зняволення ты можаш назваць самым цяжкім?
– Назаву не дзень, а момант – пасля апошняга слова ў «судзе». Тады рэальна было цяжка. Пра маю сямейную гісторыю ніхто не ведаў, я стараўся яе не выносіць – не люблю, калі мне спачуваюць, таму і не хацеў пра гэта расказваць. На «судзе» ўсё гэта казаць было рэальна цяжка. Момант быў суперэмацыйным (Івулін распавёў пра старэйшага брата з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця, прызнанага інвалідам – Tribuna.com).
– Прыкметна, што ты моцна схуднеў. Гэта адбывалася натуральна?
– Калі выйшаў праект «Саша выйдзе», сачыў за сваёй вагой, і калі мяне арыштавалі, быў 82–83 кг. На Валадарскага набраў некалькі кілаграмаў, бо рухаўся мала, былі пастаянныя перадачы з хлебабулачнымі вырабамі, шакаладкамі. Не прападаць жа дабру :).
А вось у Івацэвічах я схуднеў. У тым ліку таму, што там было шмат спорту – валейбол, футбол, баскетбол. На хвiлiначку, я стаў чэмпіёнам калоніі па футболе. Галоўны футбольны трафей у маім жыцці :).
Калі стаў на вагі ў дзень свайго вызвалення, то аказалася, што вешу каля 78 кг. Але нічога страшнага, усё вернем. І я не толькі пра вагу :).
– Што за ежа была ў месцах, дзе ты сядзеў?
– Есцi можна. Зразумела, што вагу не набярэш, але і не будзеш пухнуць з голаду. У СІЗА я харчаваўся больш дзякуючы перадачам, а вось у калоніі ўвогуле ад чагосьці адмаўляцца не варта, бо перадачы раз на месяц прыходзяць.
– Раскажы пра тое, як у калоніі стаў чэмпіёнам па футболе.
– У нас было сем каманд, каб выйграць турнір, правёў з камандай дзевяць матчаў. Гуляў у атацы, забіў 18 мячоў, аддаў 14 галявых перадач. Але найлепшым бамбардзірам стаў іншы хлопец, больш магутны, фактурны – форвард тараннага тыпу, як Дзяніс Лапцеў. У рэаліях таго футбола гэта давала перавагу. Я ў гонцы самых карысных гульцоў стаў другім на турніры.
– Ты здольны зараз прабіцца ў «Крумкачы» ці іншую каманду?
– Цяперашняя другая ліга – гэта зусім не пра прафесійны футбол. Я б спакойна мог там забіваць. Але гэта сведчыць не пра тое, што я такі круты футбаліст, а пра стан футбола ў краіне.
– Ці шмат футбалістаў табе пісалi?
– Чалавек 10. Не буду называць прозвішчы, каб у іх потым не было праблем.
– Цябе засмуціла, што іх колькасць аказалася такой невялікай?
– Не. Кожны сам выбірае свой шлях. Кожны сам вырашае, як яму жыць, як глядзець людзям у вочы. Мне асабіста не сорамна. Тады я зрабіў свой выбар і ніколькі пра яго не шкадую. Прыемна ўсведамляць, што мой выхад для кагосьці стаў сапраўдным святам. Класна ўсведамляць, што магу паглядзець людзям у вочы.
Як пісаў Вiктар Марцiновiч, «людзi не расстаюцца назаўседы». І што будзе ў многіх футбалістаў у галовах, калі мы перасячэмся, нават не ўяўляю.
– Што ты параіш людзям, якіх затрымліваюць і саджаюць? Як ім выжыць і не звар’яцець за кратамі?
– Калі я сядзеў, былі людзі, якіх затрымлівалі за каментарыi. Вельмі дзіка, што людзей да гэтага часу саджаюць, ні за што даюць ім велізарныя тэрміны.
Калі апынуўся ў няволі, першае, што неабходна зрабіць, – гэта адключыць эмоцыі і зразумець, як рухацца далей. Самае галоўнае правіла ў пачатку гэтай «гульні» – менш кажы і больш слухай.
– Якія ў цябе далейшыя планы?
– Адказаць на ўсе паведамленні ў дырэкце :). Потым трошкi адпачыць і працягваць рабіць беларускі ютубчык лепш.
Чытайце яшчэ:
«Я бачыў кнігу не як нейкую сухую біяграфію, а гісторыяй чалавека». Гутарка з аўтарам першага выдання пра Ціханоўскую
“Я уехала, чтобы приносить пользу Беларуси”. Ради чего Александра Богуславская прервала журналистскую карьеру
Каханне на адлегласці: журналісты пра свае сямейныя стасункі, нягледзячы на мяжу