У Беларусі прайшла хваля ператрусаў у кватэрах прадстаўнікоў медыя
У чэрвені-ліпені Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала як мінімум 21 ператрус у калег, якія выехалі за мяжу і працягваюць працу ў медыя. У абсалютнай большасці па месцых рэгістрацыі журналістаў і журналістак сілавікі прыязджалі з пастановамі на ператрус па заведзеных на медыйшчыкаў крымінальных справах.
У шэрагу выпадкаў сілавікі запісвалі так званыя «пакаяльныя» відэа з роднымі журналістаў. Так, нядаўна, сілавікі прымусілі бацькоў вядоўцаў канала выдання «Зеркало» у ТікТок запісаць відэа са словамі асуджэння і абурэння ў дачыненні да дзяцей.
Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць новую хвалю ператрусаў спосабам ціску на журналістаў і медыя. Улады не пакідаюць у спакоі не толькі журналістаў, што вымушана з’ехалі з Беларусі пад пагрозай рэпрэсій, але і іх родных.
На дадзены момант за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 37 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя.
БАЖ просіць калег паведамляць у арганізацыю інфармацыю пра любыя факты пераследу. Такія дадзеныя могуць захоўвацца абязлічана ў тых выпадках, калі журналісты ці рэдакцыя не гатовыя называць сябе. Гэтыя дадзеныя дапамагаюць ацэньваць агульны ўзровень рэпрэсій.