Сьледчымі дзеяньнямі заблякаваныя рэдакцыйныя памяшканьні і бухгальтэрыя. Ператрус праводзіць Сьледчы камітэт. Падазраюць, што хтосьці з кампаніі Tut.by узламаў сайт дзяржаўнага інфармацыйнага агентва БелТА. Сайт БелТА працуе ў звычайным рэжыме.
Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу «несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды».
Да названай супрацьпраўнай дзейнасьці датычныя службовыя асобы выдавецкага дому «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ТАА «Тутбай Мэдыя».
Сёньня праз падазрэньне ва ўчыненьні гэтага злачынства затрымалі шэраг прадстаўнікоў названых арганізацый. Расьсьледаваньне працягваецца.
Як стала вядома Свабодзе, раніцай 7 жніўня супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі на допыт рэдактараў парталу Tut.by Марыну Золатаву, Ульляну Бабаед і Ганну Калтыгіну, Галіну Ўласік.
Таксама затрыманая супрацоўніца інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова. На дадзены момант у Сьледчым камітэце адбываюцца допыты гэтых асобаў.
Дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай на тэлефанаваньні не адказвае.
Партал Tut.by займае два паверхі ў гандлёвым цэнтры Omega Tower, па праспэкце Дзяржынскага, 57 у Менску.
10.30.
Адбываецца ператрус у журналісткі БелаПАН Тацяны Каравянковай у Жодзішках. Там цяпер знаходзіцца Каравянкова і яе маці.
11.20
Карэспандэнтку БелаПАН Тацяну Каравянкову зь вёскі Жодзішкі Смаргонскага раёну вязуць у Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту ў Менск. Яна цяпер у статусе падазраванай, паведаміла суседка. Ператрус доўжыўся каля гадзіны.
Як расказала ў жывым відэаэфіры Свабоды галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, затрыманая журналістка незалежнага агенцтва Тацяна Каравянкова — міжнародны аглядальнік. Гэта галоўная сфэра ейных абавязкаў. Апроч таго яна час ад часу займаецца і іншымі тэмамі.
«Зусім незразумелыя прэтэнзіі да Тацяны і БелаПАН. Мы бралі абсалютна адкрытую інфармацыю БелТА і заўжды перадавалі яе з гіперспасылкай на дзяржаўнае агенцтва ў бясплатным доступе. Таму сьцьвярджаць, што мы мелі карысьлівую выгаду, асабліва Тацяна Каравянкова, проста сьмешна», — сказала Леўшына.
Паводле рэдактаркі БелаПАН, яны вымушаныя выкарыстоўваць інфармацыю БелТА, бо ня маюць доступу да дзяржаўных структур, кіраўніцтва дзяржавы.
«Гэта сьведчыць, у якіх няроўных умовах мы працуем зь дзяржаўнымі СМІ», — сказала яна.
Паводле Леўшынай, у рэдакцыі БелаПАН знаходзіцца адзін журналіст — дзяжурны рэдактар Андрэй Серада. «Што адбываецца ўсярэдзіне, мы ня ведаем. Са мной ніхто ня зьвязваўся, — адзначыла Леўшына. — Чаму выбар паў на Тацяну Каравянкову, для мяне вялікае пытаньне».
Пасля заканчэння ператрусу ў офісе БелаПАН (прыкладна а 16‑й гадзіне) на допыт забралі выпускаючага рэдактара Андрэя Сераду.
Сьледчыя замінаюць працы кампаніі hoster.by, якая знаходзіцца ў тым жа будынку што і Tut.by.
Заснавальнік інтэрнэт-парталу Tut.by Юры Зісер прыехаў у офіс Tut.by, сьледчыя пусьцілі яго ў рэдакцыю.
Паводле яго, вымаюць вінчэстэры некалькіх супрацоўнікаў. З Марынай Золатавай ён ня можа зьвязацца. Яе тэлефон адключаны. Мяркуе, што яе цяпер дапытваюць. Ён ня думае, што прычына ператрусу — платная падпіска на навіны БелТА. Зісер бкдзе чакаць сканчэньня ператрусу каля рэдакцыі. Меркавана, сьледчыя скончаць у раёне абеду.
У рэдакцыі газеты «Навука», якая размяшчаецца ў будынку акадэміі навук Беларусі, адбыўся ператрус. Супрацоўнікі рэдакцыі адмовіліся паведамляць падрабязнасці, спасылаючыся на падпісаны імі дакумент аб неразгалошванні. Аднак пацвердзілі, што СК праводзіў ператрус.
Раней галоўны рэдактар РУП «Выдавецкі дом» Беларуская навука «Аляксандр Дудзік паведаміў baj.by, што рэдакцыя працуе ў звычайным рэжыме.
У офісе выдавецкага дому «Беларуская навука» ператрусаў няма. Галоўны рэдактар РУП “Выдавецкі дом “Беларуская навука” Аляксандр Дудзік паведаміў baj.by, што рэдакцыя працуе ў звычайным рэжыме:
«Я сам даведаўся пра гэта з навін. Зараз я знаходжуся на працоўным месцы, у нас у рэдакцыі ўсё спакойна, няма ніякага ператрусу”.
Каля Сьледчага камітэту стаяць машыны прэсы — дзяржаўных тэлеканалаў БТ, АНТ і СТБ.
Следственным комитетом расследуется уголовное дело о несанкционированном доступе к компьютерной информации