• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пераможцы конкурса на лепшую рэгіянальную філію/суполку — БАЖаўцы з Віцебска, Гомеля і Магілёва

    Конкурс, у якім штогод удзельнічае большасць рэгіянальных філій і суполак, традыцыйна завяршыўся снежаньскім падвядзеннем вынікаў.

    Кіраўнікі БАЖаўскіх суполак даслалі на конкурс справаздачы пра дзейнасць сябраў арганізацыі, а журы ў складзе старшыні  ГА “БАЖ” Андрэя Бастунца і ягоных найбліжэйшых паплечнікаў і памочнікаў Аліны Суравец і Міхася Янчука належала вырашыць, хто селета працаваў найбольш актыўна і крэатыўна. Улічвалася таксама, наколькі спраўна сябры філій плацяць унескі, ці ўдзельнічаюць яны ў агульных імпрэзах і наколькі праца БАЖаўцаў была ў гэтым годзе карыснай як для развіцця філій і суполак, так і для ўсей арганізацыі.  

    Удзельнікамі селетняга конкурсу на лепшую філію сталі 14 рэгіянальных структур, кіраўнікі якіх даслалі выніковыя справаздачы. Уганараванне пераможцаў было арганізавана такім чынам, што пачэсныя месцы атрымалі не толькі філіі. За самую актыўную працу ў рэгіенах былі адзначаныя некалькі кіраўнікоў рэгіянальных структур, і нават адна “ініцыятыўная група” — група гродзенскіх БАЖаўцаў на чале з кіраўніцай суполкі Юліяй Катаржынскай, якія на выдатным узроўні арганізавалі і правялі традыцыйны штогадовы фэст “БАЖынкі- 2016”.

    “Гэта вельмі істотна, калі кіраўнік філіі, суполкі —  не толькі майстар у прафесіі, але і актыўны чалавек, здольны прымяніць свае лідарскія якасці”, — заўважыла намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец падчас уручэння дыпломаў за добрую арганізацыю працы ў сваіх суполках Таццяне Смоткінай (Глыбокае) і Віктару Стукаву (Полацк).

    Пра тое, якая менавіта праца праводзілася БАЖаўцамі на працягу  2016-га года, вядучая цырымоніі ўзнагароджання Аліна Суравец прапанавала распавесці прадстаўнікам розных філій. Але гэта былі аповеды не пра свае рэгіянальныя здзяйсненні, а разважанні пра працу калег.

    “Калегі пра калег” — так можна было і назваць невялікі конкурс, які скончыўся парнымі выступамі прадстаўнікоў філій пра БАЖаўскую дзейнасць у іншых рэгіёнах. Напрыклад, у Баранавічах ведаюць, што полацкая суполка ГА “БАЖ” змагалася за аднаўленне помніка літары “Ў”, а палачане з захапленнем пераказвалі іншым пра традыцыю баранавіцкіх журналістаў наведваць з падарункамі жыхароў мясцовага дома інвалідаў. У складзе Бабруйскай  суполкі ГА “БАЖ”  сёлета з’явілася новая маладая сям’я, БАЖаўцы з Глыбокага ладзяць незвычайны “Бульбафэст” разам з іншымі мясцовымі актывістамі, у Слоніме з вялікім поспехам прайшоў конкурс малюнкаў “Мая сям’я”, арганізаваны тамтэйшымі БАЖаўцамі, а самая спартовая філія — у Лунінцы…

    Безліч такіх цікавых падрабязнасцяў была згадана калегамі. Што да дзейнасці, накіраванай на прафесійнае самаўдасканаленне, то ў кожным рэгіене селета праходзілі і майстар-класы, і трэнінгі, і абмеркаванні за “круглымі сталамі” журналістцкіх праблем…

    Пералік найбольш запамінальных селетніх імпрэзаў завяршыўся ўзнагароджаннем тых рэгіянальных філій і суполак, дзейнасць якіх была прызнана самай паспяховай. Такіх было названа тры:

    Магілеўская суполка, якой кіруе Барыс Вырвіч, Гомельская філія на чале з  Анатолем Гатоўчыцам  і Віцебская суполка пад кіраўніцтвам Алены Сцяпанавай.

    Да слова, Віцебская суполка ГА “БАЖ” ужо другі год перамагае ў конкурсе рэгіянальных суполак, і зноў горад над Дзвіной  можа ганарыцца сваімі прадстаўнікамі, якія займелі ўжо другі па ліку дыплом “За перамогу ў конкурсе “Лепшая філія/ суполка — 2016 года”.

    Сярод селетніх, найбольш запамінальных імпрэзаў віцебскіх БАЖаўцаў — яскравая падтрымка міжнароднай кампаніі салідарнасці “Станем за журналістыку”. Гомельскія калегі могуць ганарыцца выдатнай арганізацыяй прэс-тураў па сваім рэгіёне, да ўдзелу ў якіх далучаюцца і прадстаўнікі іншых абласцей. Магілеўскія БАЖаўцы таксама ўмеюць сябраваць і ладзіць супольныя імпрэзы, на якія збіраюцца журналісты з бліжэйшых рэгіенаў.    

    Паказальна, што менавіта падчас узнагароджання, калі філіі і суполкі пералічвалі свае паспяховыя здзяйсненні, нараджаліся і новыя планы працы. Адна з найбольш маштабных задумак, якую прапанаваў браслаўчанін Галляш Дзянісаў, —  гэта “Эстафета добрых спраў”, што будзе перадавацца з рэгіену ў рэгіен. І, вядома ж, кожная рэгіянальная суполка запланавала зрабіць яшчэ шмат цікавага і карыснага, каб наступны год стаў не менш цікавым і пленным за сыходзячы, 2016-ты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці