Перамога Трампа — гэта вынік зменаў у медыяспажыванні? Спрабуем разабрацца
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі наведаў Злучаныя штаты Амерыкі ў межах міжнароднай адукацыйнай паграмы Кангрэса ЗША. Візіт супаў з прэзідэнцкімі выбарамі ў гэтай краіне. У межах праграмы наш калега не толькі змог на ўласныя вочы пабачыць працэс агітацыі і галасавання, але і абмеркаваць з амерыканскімі калегамі адметнасці выбарчай кампаніі, звязаныя з медыя.
Як галасавала Амерыка
— Для кагосьці стане нечаканасцю, але ў ЗША таксама існуе датэрміновае галасаванне. Да дня выбараў прагаласавалі амаль 83 мільёны з 244 мільёнаў выбаршчыкаў — датэрмінова ці па пошце. Кожны штат самастойна выбірае форму галасавання: папяровыя бюлетэні альбо галасаванне на экране электроннай прылады.
У Амерыцы дзень галасавання прыходзіцца на працоўны дзень. Амерыканцы сур’ёзна ставяцца да неабходнасці галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах. Нават часта абазначаюць сябе рознымі стыкерамі, паказваючы, што яны выканалі грамадзянскі абавязак.
Звычайна ўчасткі арганізуюць у публічных прасторах: ва ўніверсітэце, у школе ці ў іншым грамадскім месцы.
На выбарчы ўчастак мы прыехалі з самай раніцы. На ім і ў радыўсе каля 100 метраў ад яго нельга праводзіць агітацыю. Напрыклад, нават калі прыходзіць чалавек у цішотцы з выявай Трампа ці Харыс, яго папрасяць або зняць майку, або зашпіліцца. Гэта насамрэч не з’яўляецца вялікай праблемай, як магло б падацца нам, беларусам. На выбарчых участках няма паліцыі, там усё мірна і спакойна.
Выбарчыя камісіі ў ЗША звычайна сфармаваныя на парытэтных умовах з прадстаўнікоў розных партый, а супрацоўнікі такіх камісій (Polling stations) не атрымліваюць грошы за сваю працу, гэта валанцёрства.
Мы размаўлялі з супрацоўнікам камісіі. Ён дазволіў нам прыйсці на ўчастак і зрабіць некалькі здымкаў з месца, дзе знаходзяцца назіральнікі. Ён таксама расказаў, што ягоныя дзяды-бацькі ўдзельнічалі ў арганізацыі выбараў, і таму ён таксама лічыць гэта сваім абавязкам.
У штаце Мічыган, дзе я быў у дзень галасавання, волевыяўленне адбываецца ў папяровых бюлетэнях, якія пасля сам выбаршчык скануе ў спецыяльным сканеры для падліку галасоў і пакідае там і папяровую версію таксама.
Напрыканцы дня машына-лічыльнік (на фота) выдае канчатковы вынік. Але супрацоўнікі выбарчых участкаў павінны заставацца на сувязі на працягу 24 гадзін пасля сканчэння галасавання, калі раптам па нейкіх прычынах паступіць запыт на пералік галасоў. У штаце Мічыган гэта можна зрабіць і ў ручным рэжыме.
Якасная журналістыка застаецца ўдзелам інтэлектуалаў
— Як і ў іншых краінах свету, у ЗША ўсё большую папулярнасць набываюць хуткія фарматы спажывання медыя, сацыяльныя сеткі. Таму якасная журналістыка ўсё больш становіцца ўдзелам людзей з большым інтэлектуальным бэкграўндам. Канешне, у ЗША значна больш людзей чытаюць якасную друкаваную прэсу, чым, напрыклад, у Беларусі.
Але моладзь і тут пераважна чытае навіны ў сацсетках. Палітычная рэклама таго ці іншага кандыдата па тэлебачанні таксама даволі простая, часам цягнецца лічаныя секунды ў выглядзе простых заклікаў галасаваць за Камалу ці Трампа з кароткай аргументацыяй.
Безумоўна, у ЗША таксама назіраецца і феномен таго, што людзі схільныя чытаць тую аналітыку і выданні, якія пацвярджаюць ужо існуючыя ранейшыя перакананні чалавека: рэспубліканцы чытаюць прэсу, якая падтрымлівае рэспубліканцаў, дэмакраты — дэмакратаў. Гэта таксама стварае пэўную хібнасць у папярэдніх прагнозах пра вынік галасавання.
Чаканая перавага абярнулася правалам
— У рамках адукацыйнай праграмы мы з калегамі змаглі пабываць як у сталіцы ЗША, так і ў штаце Мічыган, які традыцыйна «вагаецца» ад выбараў да выбараў. Напярэдадні галасавання ў інтэрнэце нават хадзіў жарт пра тое, што ўсё вырашыцца ў Мічыгане.
Гэта адметнасці амерыканскай выбарчай сістэмы і палітычнага жыцця. Ёсць штаты, якія традыцыйна падтрымліваюць дэмакратаў, іншыя — рэспубліканцаў. Але ў сямі штатах вызначаных перавагаў няма, таму менавіта за гэту аўдыторыю ідзе актыўная барацьба.
Трэба сказаць, што прайшоўшая выбарчая кампанія была адметнай з многіх пунктаў гледжання, у тым ліку і з медыйнага.
Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Камала Харыс з’явілася толькі ў апошнія месяцы перад выбарамі, стала надзеяй дэмакратаў на магчымую перамогу, але не мела дастаткова часу на раскрутку. І размова нават не пра веданне яе, як палітыка, а пра рэйтынг даверу. Таму ў пэўным сэнсе перамога Трампа была запраграмаванай ягонай шматгадовай прысутнасцю ў палітыцы.
Перамога Трампа стала абумоўленая некалькімі фактарамі. Варта нагадаць, што Трамп ужо быў прэзідэнтам, і ўжо пасля завяршэння папярэдняга тэрміну заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Нягледзячы на неадназначнасць і нават варожасць ягоных поглядаў, ён увесь час іх рэтрансляваў — актыўна і агрэсіўна, удзельнічаў у розных рэкламных кампаніях. А няўдалы замах на Трампа толькі ўзмацніў ягоныя пазіцыі ў вачах амерыканцаў.
У любві не прызнаваліся, але прагаласавалі за Трампа
— На гэтых выбарах сваю ролю сыграў яшчэ адзін амаль незаўважны чыннік, які ў выніку аказаўся вырашальным. Выявілася, што на фоне антытрампаўскіх настрояў частка людзей падчас сацыялагічных апытанняў напярэдадні выбараў не хацела прызнавацца, што яны падтрымліваюць Трампа. Напэўна, яны разумеюць, што Трамп кажа спрэчныя, небяспечныя, ксенафобскія рэчы — таму яны аказаліся не гатовыя раздзяліць з ім гэтую частку ягоных перакананняў, але яны падтрымліваюць бізнэс-план Трампа.
Публічна не прызнаючыся ў сімпатыях да Трампа, выбаршчыкі 5 лістапада прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і аддалі за яго свае галасы.
Гэтыя людзі падтрымліваюць рыторыку Трампа пра тое, каб амерыканскія грошы заставаліся ў краіне. Такую ж пазіцыю падтрымліваюць многія выхадцы з Цэнтральнай Еўропы, натуралізаваныя амерыканцы: яны не маюць вялікіх даходаў, гэта не мільянеры.
Хаця да гэтай кампаніі далучыўся і Ілан Маск, звычайна натуралізаваныя амерыканцы маюць меншыя даходы і больш схільныя да пазіцыі Трампа. Галоўны чыннік, якім кіраваліся выбарцы пры галасаванні, — не геапалітыка, а грошы, падаткі.
Чаго чакаць Беларусі ад новага прэзідэнта ЗША
— Паказальна, што ў першы ж дзень пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у ЗША Лукашэнка вызваліў чарговую партыю палітычных вязняў у Беларусі. Гэта непрыхаванае запрашэнне дамаўляцца.
Трамп — бізнэсовец. Таму, верагодна, ён у сваім звыклым бізнэс-фармаце захоча вырашыць пытанне Усходняй Еўропы.
Перакананні Трампа прадугледжваюць, што грошы амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў больш павінны заставацца для самой Амерыкі. Гэта ягоны курс. Таму, канешне, ёсць сур’ёзнае пагроза скарачэння падтрымкі ЗША для Беларусі і Украіны. І гэта кепская навіна для усіх нас.
Трэба нагадаць, што адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі праходзілі і выбары ў ніжнюю палату Кангрэса ЗША — Палату прадстаўнікоў. У выніку выбараў Трамп мае большасць зараз і ў Палаце прадстаўнікоў. Гэта азначае, што пасля інаўгурацыі Трамп атрымлівае паўнату ўлады для прыняцця рашэнняў.
Вядома, дэмакраты расчараваныя вынікамі выбараў. Хаця многія дэмакраты бачаць у тым і станоўчы бок: за ўсе правалы будзе несці адказнасць Трамп. Але для беларусаў важна, каб такіх правалаў было як мага менш. Якім бы курсам ні пайшлі амерыкана-беларускія адносіны, нам важна захоўваць ранейшыя камунікацыі і кантакты, не дапускаць іхняга зніжэння і пастаянна нагадваць пра Беларусь, нагадваць пра беларускіх палітвязняў.