• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Перакупленая «Народная воля» перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі

    Пасля таго як нязменны галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч пакінуў сваю пасаду, выданне пратрымалася на блізкіх да старых пазіцыях усяго месяц. За апошнія дні ў падачы матэрыялаў «Народнай волі» адзначыўся карэнны пералом, які ставіць кропку на яе гісторыі як незалежнага медыя. У рэдакцыі звярнуліся нават да ўпадабаных дзяржаўнымі медыя «астролагаў», якія прадказваюць развал Захаду, падзел Украіны і поспехі Пуціна.

    «Народная воля» зазнала тыя ж праблемы, што і ўсе незалежныя выданні ў лёсавызначальны для беларускага грамадства 2020 год. У лістападзе таго года рэдакцыя была вымушаная спыніць друк газеты пасля таго, як лукашэнкаўскія ўлады забаранілі з ёй супрацоўнічаць усім беларускім друкарням і перакрылі магчымасці друкавацца за мяжой.

    Газета працягнула выдавацца ў PDF-фармаце, але ў пачатку 2023 года было прыпынена і гэта. А ў чэрвені Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвогуле анулявала пасведчанне аб рэгістрацыі. 31 ліпеня сайт выдання перастаў абнаўляцца.

    4 жніўня стала вядома, што Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара. Ён кіраваў выданнем 28 гадоў з моманту заснавання газеты ў ліпені 1995 года. Менавіта на ягонай асобе трымалася выданне ва ўмовах, калі астатнія агульнанацыянальныя незалежныя медыя ў Беларусі былі разгромленыя, выгнаныя з краіны і прызнаныя «экстрэмісцкімі».

    Новым уладальнікам выдання «Народная воля», як даведаліся журналісты, стала фірма «Гіпер ПК», якую ачольвае менеджар інтэрнэт-праектаў Мікалай Зіневіч. Гэты чалавек раней у медыйнай сферы нікому не быў вядомы.

    Сайт і тэлеграм-канал «Народнай волі» аднавілі працу 8 жніўня пад назвай «НВ». Пры першым набліжэнні здавалася, што ніякіх зменаў у падачы матэрыялаў не адбылося, артыкулы на сайце заставаліся таго ж стрыманага кірунку, што былі да 31 ліпеня.

    Аднак у верасні стала ясна, што палітыка некалі незалежнага выдання пасля звальнення галоўнага рэдактара карэнным чынам змянілася. Асабліва яскрава гэта выявілася ў падачы інфармацыі пра вайну ва Украіне і супрацьстаянне Расіі і Захаду.

    Так, напрыклад, расказваючы пра польскую забарону на пастаўкі збожжа з Украіны, «НВ» дакладна паўтарае тыя фармулёўкі, якія выкарыстоўваліся дзяржаўнымі медыя кшталту БелТА для стварэння ўражання моцных супярэчнасцей паміж дэмакратычнымі краінамі. Ці расказвае пра крытыку Байдэна з боку Трампа, якога ў расійскіх і прарасійскіх медыя малююць ледзь не змагаром супраць «бесчалавечнай ліберальнай сістэмы», якую нібыта ЗША навязваюць усяму свету.

    А з 11 верасня «НВ» пачала актыўна публікаваць навіны, якія цяжка адрозніць ад таго, што пішуць прапагандысцкія крыніцы.

    У гэты дзень з’явіліся матэрыялы пра тое, што польскія вайскоўцы, размешчаныя на мяжы з Беларуссю, нібыта сутыкнуліся з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў забеспячэнні сваіх базавых патрэбаў; пра прыбыццё ў Мінск мошчаў з Расіі; разбіраўся быццам бы наяўны канфлікт паміж Украінай і Румыніяй; расказвалася пра безумоўную патрэбу Германіі ў расійскім газе і пра Індыю, якая, «нягледзячы на ціск з боку Амерыкі і Еўропы, не саступае і працягвае закупкі расійскай нафты» — усё гэта навіны, якія кожную гадзіну, адна за адной, публікаваліся на канале некалі «незалежнага выдання». 

    Да прыкладу, кіруючыся знаёмым нам наратывамі, «Народная воля» ў сваім артыкуле выстаўляе Украіну як фактар раздражнення заходніх суседзяў:

    «Украіна ўжо двойчы заявіла пра ўяўныя расійскія ўдары па аб’ектах НАТА, ствараючы напружанасць у рэгіёне».

    Невялікі тэкст насычаны адсылкамі да іншых уяўных палітычных канфліктаў паміж краінамі Захаду і Украінай, якія ўпарта, але безвынікова раскручвае расійская, а следам і лукашэнкаўская, прапаганда. 

    «Сітуацыя стала больш складанай пасля адмовы Бруселя фінансаваць экспарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі і забароны Польшчы на імпарт украінскай пшаніцы», — у тэксце добра пазнаецца ўпадабаная прапагандысцкая тэма ўкраінскага збожжа, якая, як і энерганосьбіты, застаецца апошнім рычагом уздзеяння Расіі на заходні свет.

    На наступны дзень падача матэрыялаў у духу звычайных прапагандыстаў засталася ранейшай: былы дарадца Пентагона паведаміў, што заходнія краіны «знішчылі ўкраінскую нацыю і разбурылі краіну»; забастоўка на аўстралійскіх заводах прыводзіць да падаражання газу ў Еўропе; французскі палітык асудзіў пагрозу Зяленскага аб бунце бежанцаў у Еўропе; кіраўнік Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымаў расследаванне, якое можа прывесці да імпічменту зненавіднага Расіі Джо Байдэна. 

     

    Звярнуліся і да ўпадабаных дзяржаўнымі медыя «астролагаў», якія прадказваюць развал Захаду, падзел Украіны, перамогу Расіі і поспехі Пуціна. Вялікім аматарам астралогіі з’яўляецца і новы ўласнік беларускага выдання. «НВ» пераказала прадказанне аракула, што Ала Пугачова, якая з’ехала з Расіі і выразна асудзіла вайну, урэшце вернецца назад

    І ўчора, і сёння на «НВ» працягваецца палітыка выкрыцця супярэчнасцей на Захадзеагрэсіўнай палітыкі ЗША, публікуюцца матэрыялы пра нібыта цяжкія страты ва ўкраінскім войску, для закрыцця якіх заклікаюць ваяваць жанчын; пра абмежаванні на ўвоз збожжа з Украіны; патрэбу ў зброі супраць непераўзыдзенай расійскай; няздольнасць паўднёвай суседкі падтрымліваць баяздольнасць свайго войска і хуткае спыненне контрнаступу.

    І цалкам адсутнічаюць публікацыі на тэмы беларускай палітыкі.

    Не саромеецца выданне цяпер спасылацца і на зусім смеццевыя прарасійскія крыніцы. Так, нармалізаваная «НВ» напісала пра пагрозу звяржэння Зяленскага з боку вайскоўцаў, пра якую распавёў прапуцінскі блогер з псеўданімам «Гоблін». А адказнасць за расстрэл пратэстоўцаў на Майдане ў 2014 годзе пераклала з рэжыму Януковіча на замежжа. Крыніца — прапагандысцкі фільм «Украіна: схаваныя ісціны» італьянскага журналіста Джана Мікалесіна, чые артыкулы публікаваліся на сайце «Руская вясна».

    Фільм быў паказаны яшчэ ў 2017 годзе тэлекампаніяй Matrix, што належыць сям’і Сільвіа Берлусконі, які ў 2015 годзе наведваў акупаваны Крым.

    А неназваным экспертам, які прадрок Еўропе «велізарныя геапалітычныя змены», як выявілася, аказаўся адзін з гасцей канала «Салаўёў Live», якога дружна працытавалі ўсе іншыя прапагандысты.

    Незалежнага медыя «Народная воля» больш няма. Цяперашні рэсурс мімікруе пад стары і не заяўляючы пра кардынальны паварот свайго палітычнага кірунку, спрабуе даволі груба ўздзейнічаць на старую аўдыторыю.

    Выданне, якое на працягу дзесяцігоддзяў давала беларусам альтэрнатыўны погляд на палітыку, пасля сыходу Іосіфа Сярэдзіча ўлілося ў прапагандысцкі дыскурс рэжымаў-агрэсараў.

    Чытайце яшчэ:

    Асцярожна: прапаганда! Ці трэба і як асвятляць прадзяржаўны кантэнт

    «Ёсць людзі, з якімі, здаецца, не мусіць штосьці здарыцца…» Успаміны калег пра Алега Ануфрыенку

    Навіны палітвязьняў: Журналіст Андрэй Аляксандраў за кратамі схуднеў на 40 кг. Яму дазволілі перапісвацца са зьняволенай жонкай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці