• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Перакруцілі, сказілі, спахабілі». Як галоўрэд глыбоцкай раёнкі абвяргаў уласную інфармацыю, якую перадрукаваў апазіцыйны тэлеграм-канал

    Рэдактар дзяржаўнай раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» Андрэй Панкрат напісаў чарговы артыкул пра апазіцыю. Не абышлося і без мовы варожасці. Падставай стала яго крыўда на тэлеграм-канал «LIVE Віцебск, я гуляю!». 

    У газеце «Веснік Глыбоччыны» выйшла публікацыя «Так не павінна быць! Як, напрыклад, на набярэжнай возера Кагальнае ў Глыбокім». Аўтар Андрэй Панкрат апісаў і сфатаграфаваў смецце, якое заўважыў у месцах адпачынку каля возера.

    Гэтыя фотаздымкі і перадрукаваў тэлеграм-канал «LIVE Віцебск, я гуляю!», суправадзіўшы тэкстам: «Развенчваць уяўленне аб чыстай Беларусі ўзяўся і прапагандыст. Нечакана багаты фотарэпартаж пра захламленае Глыбокае выдаў галоўны рэдактар ​​мясцовай раёнкі. Ён паказаў, што груды смецця можна сустрэць у шматлікіх парках і месцах адпачынку райцэнтра».

    Скрыншот: «LIVE Віцебск, я гуляю!»

    Андрэй Панкрат у сваім артыкуле ў адказ называе апазіцыянераў людзьмі, якія быццам прытрымліваюцца тэзы «чым горш справы ў Беларусі, тым лепш для іх».

    Даводзіць, што такія, як ён, працуюць на развіццё краіны і змагаюцца за чысціню ў сваім горадзе, а тыя, хто перадрукоўвае фотаздымкі, апублікаваныя ў дзяржаўным выданні, «не імкнуцца да стварэння спрыяльнай і стабільнай грамадска-палітычнай сітуацыі, а працягваюць правакаваць канфлікты і варажнечу». 

    Паводле Панкрата, такім чынам апазіцыя стварае ілжывае меркаванне пра слабасць дзяржаўнай улады, яе няздольнасці вырашаць праблемы на месцах. Перадрукоўку сваіх фотаздымкаў са смеццем ён называе непраўдзівай інфармацыяй, якую выкарысталі, каб маніпуляваць грамадскім меркаваннем і дамагацца сваіх інтарэсаў.

    «Маю публікацыю, якая асуджае маргіналаў і заклікае беражліва ставіцца да таго, што ствараецца грамадствам пры падтрымцы дзяржавы, яны прадстаўляюць як міф пра чыстую і добраўпарадкаваную Беларусь», — даводзіць Андрэй Панкрат.

    Далей ён піша пра двайныя стандарты, што, быццам, Еўропа пагружаецца ў Сярэднявечча, бо вуліцы еўрапейскіх гарадоў заваленыя смеццем. У якасці прыкладу прыводзіць італьянскія і французскія гарады. Пасля гэтага заклікае ўяўных апанентаў, якіх ён называе «оппамі», да напісання артыкулаў.

    «Калі оппы такія сумленныя і справядлівыя, то няхай пакажуць сітуацыю аб’ектыўна, бо ў Беларусі ёсць шмат добрага, што штодня ствараецца ўпартай працай беларусаў — тых людзей, якія не збеглі за мяжу, каб жыць на гранты нашых ворагаў. Калі оппы аб’ектыўныя, хай напішуць-пакажуць смеццевы крызіс, які выліўся ў Францыі напярэдадні XXXIII Алімпійскіх гульняў (да пачатку засталіся лічаныя дні)», — піша рэдактар глыбоцкай раёнкі.

    Панкрат сцвярджае, што еўрапейцы даюць шчодрыя гранты такім рэсурсам на іх дэструктыўную ў дачыненні да Беларусі дзейнасць.

    «Паводзіны оппаў, якія заселі ў Польшчы і Літве, можна растлумачыць толькі іх імкненнем да ўлады, дасягнення асабістых інтарэсаў і амбіцый за кошт выкарыстання маніпуляцый і знешняй падтрымкі. Аднак важна памятаць, што закладзены імі сэнс не адлюстроўвае рэальную сітуацыю ў Беларусі, таму не варта давяраць усяму, што яны гавораць», — пераконвае чытачоў галоўрэд глыбоцкай раёнкі.

    Нагадаем, сёлета, 28 траўня, Андрэй Панкрат за падобныя артыкулы на конкурсе дзяржаўнай прэсы «Залатая Ліцера» атрымаў ад беларускіх уладаў ўзнагароду. Яго ўганаравалі ў намінацыі «за лепшы аналітычны матэрыял».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці