Пайшла з жыцця Вольга Караткевіч
29 чэрвеня пасля цяжкой хваробы пайшла з жыцця Вольга Караткевіч – радыёжурналістка, зорка “Радыё 101.2” і “Радыё Свабода”, сябра ГА “БАЖ” з 1997 года. Ёй было 43 гады.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае шчырыя спачуванні блізкім і сябрам памерлай і горка смуткуе разам з імі.
Развітанне з Вольгай адбудзецца 30 чэрвеня аб 11.30 у 10‑м шпіталі на вул. Убарэвіча, 73 у Мінску. Пахаваюць яе а 13‑й гадзіне ў Пятровічах, непадалёк ад Мінска, побач з бацькам.
Вольга скончыла філалагічны факультэт БДУ, з 1994 года працавала ў тэлекампаніі “Фіт” (праграма “Эканамікст”). У 1995‑м прыйшла на “Радыё 101,2”, дзе вяла праграму “Бізнес-актуаліі”. Пасля закрыцця радыё супрацоўнічала з Беларускай рэдакцыяй Польскага Радыё, газетай «Наша Ніва», каардынавала аддзяленне журналістыкі ў «Беларускім Калегіюме», пазней працавала ў Беларускай службе “Радыё Свабода” ў Празе. У апошнія гады Вольга адышла ад журналістыкі, але падтрымлівала кантакты з калегамі.
“У адрозьненьне ад Купалы, Бацькаўшчыну атрымала не бяз злосьці. Усьвядоміла сябе беларускай дзякуючы Зянону Пазьняку”, — пісала Вольга ў сваім кароткім CV на сайце «Свабоды».
Яна была яркай і моцнай асобай з цвёрдымі перакананнямі. Не цярпела шэрасці ў любых яе праявах і не баялася ісці супраць плыні, калі адчувала такую патрэбу. Неабыякавасць была адной з яе вызначальных рысаў і, магчыма, паспрыяла яе заўчаснаму сыходу. Светлая памяць.