Павел Левінаў: “Я іду “на суткі”, а потым раскажу ўсім пра ўмовы за кратамі”
Віцебскі БАЖавец, праваабаронца Павел Левінаў накіраваўся адбываць арышт, прысуджаны яму 17 красавіка нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на Дзень Волі.
Паводле стану здароўя, праваабаронца не мог адбыць яго раней: Павел Левінаў пакутуе ад падвышанага ціску, і на працягу апошняга месяца неаднаразова трапляў у шпіталь. Ён спрабаваў прасіць у суда растэрміноўкі адбыцця пакарання, бо даглядае 80-гадовую маці, але суддзя Кастрычніцкага райсуда Інна Грабоўская не пайшла яму насустрач. Не дапамаглі і калектыўныя лісты, у якіх жыхары Віцебска прасілі спыніць адміністрацыйную справу супраць праваабаронцы.
Павел Левінаў, ідучы адбываць арышт, патлумачыў і сваю галоўную мэту, што да знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання:
“Я маю накіраванне ад РПГА “БХК” займацца маніторынгам такіх установаў. Буду вывучаць умовы ўтрымання, кантраляваць, ці не парушаюцца санітарна-гігіенічныя нормы, або правы арыштантаў, напрыклад, на атрыманне перадач, пошты і гэтак далей. Мая мэта — данесці ўсё ўбачанае і зафіксаванае там да грамадскасці. Таму адразу пасля выхаду я правяду сустрэчу з журналістамі і распавяду пра свае назіранні”.
Паводле падлікаў праваабаронцы, ён мае выйсці на волю 14-га чэрвеня каля 17 гадзін. Усе ахвотныя могуць дапамагчы праваабаронцу ў правядзенні маніторынгу: даслаць яму лісты і паштоўкі, абавязкова пазначыўшы дату адсылкі. Бо нярэдкія выпадкі, калі арыштаваным аддавалі пошту не па меры паступлення, а ўсю разам — перад выхадам.
Пісаць Паўлу Левінаву можна на адрас:
г. Віцебск, Маскоўскі праспект, 59А. Ізалятар для часовага ўтрымання. Левінаву Паўлу Ісакавічу.