Павел Левінаў падаў у суд на Белтэлерадыёкампанію
Віцебскі праваабаронца хоча дамагчыся абвяржэння звестак, распаўсюджаных у тэлепраграме “Клуб рэдактараў” 7 лютага. На думку сп-ра Левінава, яны не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
У згаданым выпуску тэлепраграмы, прысвечаны ў асноўным праблемам ва Украіне, цягам амаль трох хвілін абмяркоўвалася сустрэча беларускіх праваабаронцаў са спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці ў Вільні. Падчас абмеркавання ў эфіры даваліся негатыўныя ацэнкі дзеянням праваабаронцаў.
Напрыклад, на думку П. Левінава, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька зняважліва выказваўся пра праваабаронцаў, называючы іх “так званымі праваабаронцамі”, якія нешта ўкладвалі “яму [Міклашу Харашці] там у вушы”. А госць тэлепраграмы, дэпутат Мінскага гарсавета Георгі Атаманаў, ужыў выраз “праваабарончая шпана”.
Павел Левінаў, які быў адным з удзельнікаў сустрэчы беларускіх праваабаронцаў са спецдакладчыкам ААН, палічыў, што выказванні ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання не адпавядаюць рэчаіснасці і зняважылі яго асабіста.
Скаргу на дзеянні дзяржаўнага органа, “якія замахваюцца на права свабоднага выказвання меркавання”, Павел Левінаў накіраваў у суд Першамайскага раёна Мінска. Ён просіць суд абавязаць Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію даць яму магчымасць выступіць у эфіры тэлеканала “Беларусь‑1”.
Перад тым, як звярнуцца ў суд, Левінаў паспрабаваў вырашыць пытанне праз зварот наўпрост у Белтэлерадыёкампанію. Аднак кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі адказала на патрабаванне праваабаронцы адмовай.