Паўлюк Быкоўскі: Медыя будуць зарабляць не рэкламай, а падпіскай
Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў зладзіў анлайн-сустрэчу з вядомым журналістам і медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.
Спадар Быкоўскі адказаў на пытанні чытачоў пра медыяспажыванне ў сучасным свеце, магчымасці для медыябізнесу ў Беларусі і шанцы беларускіх анлайн-выданняў перайсці на PayWall.
— Паўлюк, як будуць выглядаць СМІ праз пяць год, якія прагнозы ў нашай галіне?
— Можна пабудаваць некалькі версіяў. Адна з іх палягае ў тым, што многае будзе бачна ў сацыяльных асяродках. Калі гаварыць не пра каналы распаўсюду, а пра мадэль, якім чынам зарабляюць медыя, то адбудзецца пераход да падпіскі.
Зусім надаўна на канферэнцыі ў ЗША заснавальнік Амазона Джэф Безас гаварыў, што для журналістыкі ў хуткім часе будзе эфектыўнай падпісная, а не рэкламная мадэль. Будзе ўсё больш праектаў, дзе паглядзець-пачытаць-паўдзельнічаць можна будзе за падпіску. Для астатніх будзе нешта іншае. Хутчэй за ўсё масавыя выданні будуць агульнадаступнымі, але з вялікай колькасцю забаўляльнага кантэнту і рэкламы, прыкладна, як выглядаюць сённяшнія беларускія FM-радыёстанцыі.
Навіны і іх аналіз будуць у платным доступе. Верагодна, журналістам давядзецца навучыцца больш лаканічна выкладаць свае думкі і ўласна журналістаў, як стваральнікаў кантэнта, будзе патрэбна меней, чым цяпер.
— То бок PayWall з’явіцца і ў Беларусі?
— Я кажу пра агульную тэндэнцыю. Натуральна будуць выданні з фінансаваннем, яны будуць працаваць не як камерцыйныя праекты, будуць даступныя. А тыя, хто хоча быць медыябізнесам, будзе працаваць у гэтай парадыгме. А гэта значыць, што асноўная маса будзе працаваць менавіта так.
— У каментарах прыйшла інфармацыя, што “Наша Ніва, інтэрнэт-газета “Салідарнасць”, Naviny.by хочуць зрабіць платнай частку кантэнту. Наколькі гэта рэальна?
— Ужо ёсць выданні, якія працуюць па падпісной мадэлі. Цяпер гэта спецыялізаваныя выданні, напрыклад, Probusiness.by, падпіску мае інфармацыйная кампанія БелаПАН. Калі знікне з бясплатнага доступу кантэнт, які падабаецца аўдыторыі і запатрабаваны, то за яго будуць плаціць. Я падпісваюся на тэлеканал “Дождь” — гэта не дорага, усяго 8 долараў на месяц. Бо там ёсць прадукт, які мне цікавы.
— Беларускі медыярынак адстае ад сусветнага?
— Наш медыярынак бедны. Асноўны паказчык — колькасць рэкламы. Па выніках мінулага года гэта — 7 долараў на чалавека. На суседніх рынках іншая сітуацыя. Гэта значыць, што ў нас больш складана рэалізаваць дарагія праекты.
Як толькі ў свеце здарыцца ўдалая манетызацыя кантэнту, яна прыйдзе і ў Беларусь. З аднаго боку мы бедныя, а з іншага — канкурыруем з усім светам. Людзі хочуць чытаць на сваёй мове і пра тое, што адбываецца побач з імі.
— Франак Вячорка гаворыць, што традыцыйныя сайты памруць, бо медыяспажыванне сыйдзе ў сацыяльныя сеткі. Ці сапраўды так адбудзецца?
— Мы з Франакам тут аднадумцы. Але гаворка не ідзе пра смерць сайтаў. Сайты набудуць новы сэнс, магчыма, як архівы кантэнту. Пры гэтым спажыванне новага кантэнту будзе адбывацца на розных платформах — недзе па падпісной мадэлі, недзе бясплатна, але выключна як анонс, тызер. Рэдакцыя мусіць ісці туды, дзе знаходзіцца аўдыторыя, бо няма іншага выйсця. А вось рэкламадаўцам не важна, аўдыторыя спажывае журналісцкі кантэнт, або гульні, фільмы, музыку.
Сярод каналаў дыстрыбуцыі журналісцкага кантэнту ўжо выступаюць інтэрнэт-кінатэатры і гаджэты, магчыма менавіта ім будзе прасцей збіраць плату за прадукт, чым гэта ўмеюць рабіць сайты газет. Паглядзім. Калі слушна, што выратаванне традыцыйнай журналістыкі ў падпісной мадэлі, то трымацца за сайты не будзе сэнсу. Яны маюць значэнне для сённяшняй рэкламнай мадэлі, але за рэдкім выключэннем не даюць рэдакцыі дастаткова грошай, каб яна трымалася на плаву.
СМІ цяпер канкуруюць на чужым полі, ім складана перацягваць на сябе рэкламу. Той жа Facebook прапануе, каб людзі не пераходзілі на іншыя сайты, а глядзелі ўсё на яго платформе. Таму тым, хто займаецца стварэннем кантэнту, не будзе хапаць грошай.
Разам з тым ужо сёння Facebook не ёсць фільтрам таго, што я хачу. Зашмат белага шуму. Галоўная валюта ў інтэрнэце сёння — увага, і яе не хапае на ўсе каналы. Існуючая мадэль прымушае чалавека прагледзець усё і ісці далей.
— Якія незанятыя нішы на беларускім рынку Вы бачыце?
— Праблема ў невялікай колькасці грошай на беларускім рынку. Шмат якія нішы занятыя расійскімі выданнямі. У Беларусі фактычна адсутнічаюць свецкае жыццё і celebrity, таму адпаведная ніша ў медыях фактычна не занятая і наўрадці будзе занятая ў бліжэйшай перспектыве. Усе айчынныя патрэбы ў гэтай тэматыцы пакрываюць масавыя выданні.
Мяняецца роля таго, што мы прывыклі ўспрымаць як медыя. І разам з тым некаторыя выданні перасталі выконваць ранейшую ролю. Ёсць праблема з тым, што няма якаснай бесстаронняй аналітыкі. Ніша якасных выданняў не занятая, але яе дорага рабіць.
У Беларусі ёсць дэфіцыт якаснай грамадска-палітычнай журналістыкі як з’явы.
У лепшыя часы гэту ролю выконвалі «Белорусский рынок», «Белорусская деловая газета», «Белорусская газета».
Аналагічная праблема з дзелавымі выданнямі, вельмі мала эканамічнай аналітыкі. І аналітыку дорага вырабляць. Але я ведаю бізнесоўцаў, якія купляюць платную падпіску на нейкія рэсурсы, а ў выніку пераключаюцца на расійскія выданні, бо гэтым людзям важна атрымліваць пэўную інфармацыю.
Няма сучасных забаўляльных выданняў. У Беларусі дагэтуль малым накладам выходзіць сатырычны часопіс “Вожык». Я на яго падпісваюся, але фактычна я падпісваюся, каб атрымаць адну добрую карыкатуру ці тэкст на нумар. У нас складана з сатырай. Бо, як казаў Канстанцін Скуратовіч: “Над кім трэба жартаваць, тыя страшныя. А іншыя — нецікавыя аўдыторыі”.
Урэшце можна прыдумаць свой нішавы праект і ў цябе не будзе канкурэнтаў.
Праблема з якаснымі ток-шоў, адлюстраваннем публічнай дыскусіі з рэальнымі апанентамі.
Няма ўласнабеларускага размоўнага радыё, на падкасты якога з’явіцца жаданне падпісвацца. Зрэшты, вельмі мала падкастаў беларускіх медыя пры шчырым здзіўленні беларускіх выдаўцоў: «А каму трэба такі фармат?». Разам з тым я ведаю беларускіх аналітыкаў, якія за стырном свайго аўто па дарозе на працу слухаюць «Полный Альбац», «Праскі акцэнт». Шмат маіх знаёмых слухаюць або глядзяць лекцыі Arzamas. Асабіста я дзень пачынаю з падкаста «Свежие «Ведомости».
Дарэчы пра лекцыі. Я плачу за падпіску расійскага тэлеканала «Дождь», там ёсць праект «TED + Дождь», дзе на рускай мове паказваюць самыя папулярныя лекцыі сусветна вядомай адукацыйнай платформы TED. Гэта на першы погляд некамерцыйная ніша, але калі пралічыць аўдыторыю, знайсці запатрабаваную тэматыку, то пры партнёрстве «Лятучага ўніверсітэта», European College of Liberal Arts (eclab) можна выйсці на добрыя паказчыкі. Для Беларусі ўжо не навіна, каб людзі набывалі білеты для ўдзелу на канферэнцыі, праўда пераважна канферэнцыі прыкладнога характару. Калі аўдыторыя складзе тысячы чалавек, то не так складана будзе знайсці спонсара і для культурных адукацыйных праектаў.
Падсумую: нішы ёсць, але ёсць праблема з плацежаздольным попытам, малая ёмістасць рынку рэкламы (усяго 70 млн USD – гэта каля 7,3 USD на жыхара Беларусі), канкурэнцыя беларускага кантэнту з расійскім і сусветным.
— Беларуская мова: гэта тормаз для выдання ў Беларусі ці наадварот плюс?
— Гэта ніша, дзе можна знайсці лаяльную аўдыторыю. Паглядзіце на «Нашу Ніву» ці радыё «Свабода». Разам з тым, выдаўцы дзвюхмоўных выданняў сведчаць, што іх аўдыторыя схільна аддаваць перавагу рускай мове пры чытанні складаных тэмаў. Такая тэндэнцыя ёсць. Ведаю, што “Новы час” спрабаваў рабіць эканамічны дадатак па-беларуску. Але не ведаю, на колькі гэта доўга па часе атрымалася, якія былі водгукі.
Думаю, хтосьці ахвярна можа пачаць гэта рабіць. Мы маем сітуацыю ва Украіне, дзе алігархі ўкладаюцца ў медыя. Калі ў нас з’явіцца публічая палітыка, могуць з’явіцца алігархічныя медыя. А ім не так важна колькі зарабляць.
— Папяровыя выданні ў свеце памруць? Калі? А ў Беларусі?
— Не думаю, што так трэба ставіць пытанне. Перакананы, што мяняецца роля папяровых выданняў. Яны робяцца менш масавымі — як ва ўсім свеце, так і ў Беларусі. З аднаго боку, даволі значная частка насельніцтва мае звычку чытаць менавіта такія выданні, але памяншаецца колькасць тых, хто гатовы плаціць за гэта грошы. Магчыма, калісьці яны зменяць носьбіт з паперы напрыклад на пластык, або на электронную паперу.
Newspaper ужо не зусім законна ўтрымлівае частку news, бо ў папяровых выданнях навіны цяпер мала хто шукае. Аўдыторыя чакае ў газеце бачыць аналітычныя і публіцыстычныя артыкулы, расклад праграм тэлебачання, красворды і г. д. Акрамя навінаў, якія мы знаходзім у інтэрнэце або на тэлеэкране, мы ўжо амаль не чакаем у газеце нарысаў (у масавай аўдыторыі няма часу іх чытаць), класічных фельетонаў (але выжываюць сатырычныя раздзелы і цэлыя выданні кшталту Onion або Borowitz Report), значна меней інтэрв’ю пытанне-адказ (іх лепей глядзець або слухаць).
Шанцы на захаванне ёсць у глянцавых часопісаў, асабліва ў тых, што прыкладаюць спробнікі шампуняў і крэмаў; у некаторых папяровых нішавых або мясцовых выданняў, падпіска на якія выступае аналагам членскага білета, сведчыць да прыналежнасці да пэўнай групы. Цяжка сказаць ці будзе гэта ў Беларусі рэалізавана, але ўвогуле ў свеце будуць існаваць папяровыя выданні прэміум-класа, якія будуць не па кішэні масаваму спажыўцу.
Мне больш цікавая мадэль, у якой робяцца выданні прэміум-класа. Такога ў Беларусі пакуль няма. Чаму ў нас з’яўляюцца дарагія кактэйлі ў барах, але няма дарагіх выданняў. Думаю, нехта паспрабуе і ацэніць ёмкасць гэтага рынку.
— За якім фарматам будучыня для прынта: штотыднёвік, штодзённік, штомесяцовік?
— Магчыма захаваецца ўсё, акрамя штодзённікаў.
— Грамадска-палітычны глянец: будучыня ёсць ці гэта цяпер нікому не патрэбна?
— Ёсць увогуле праблема з выжываннем друкаваных выданняў. Сёння глянец найпер існуе за кошт рэкламы. Заснавальнік Amazon Джэф Безас на канферэнцыі ў чэрвені канстатаваў на досведзе The Washington Post, што рэкламная мадэль больш не пакрывае выдаткі на даследавацельскую журналістыку, таму асноўны фокус на фінансавання такіх выданняў трэба пераносіць на аўдыторыю.
Я не ўпэўнены, што на беларускім рынку ў спажыўцоў хопіць грошай на ўтрыманне грамадска-палітычнага глянца як друкаванага выдання, але як інтэрнэт-выданне — магчыма. Іншае пытанне, ці хопіць грамадска-палітычных тэмаў для такога выдання, ці цікавыя яны зараз для грамадства. На маю думку, больш верагодна, што такое выданне мусіць больш усёедным і пісаць таксама пра спорт, стыль жыцця. Асноўнае пытанне: ці ў стане рэдакцыя ствараць такі кантэнт, за які спажыўцы будуць гатовыя плаціць грошы.
— А які лёс чакае дзяржаўныя раёнкі?
— Можна пайсці па шляху Расіі, дзе раёнкі сталі карпаратыўнымі выданнямі адміністрацый. Там разумеюць, што гэтыя медыя не ўплывовыя. Гэтыя выданні прадаюць у шапіках рэкламныя дадаткі, бо аўдыторыя сама там размяшчае абвесткі. І гэта ўжо не зусім газета. Думаю, нешта падобнае будзе адбывацца ў нас. Бо фінансаванне будзе скарачацца, кіраўнікі рэдакцый будуць змяншаць выдаткі на паперу і выходзіць больш у інтэрнэце.
Шмат якія выданні можна выратаваць, напоўніўшы іх сэнсам, які патрэбны мясцоваму чытачу.
Сённяшнія беларускія дзяржаўныя раённыя газеты розныя. Ёсць адзінкі, якія ў плане фінансаў цвёрда стаяць на сваіх нагах. Значна больш прыкладаў, калі раёнка не мае аўдыторыі, не мае цікавага кантэнту і існуе выключна за кошт дзяржаўнага фінансавання. Вось у апошніх сапраўды ёсць пагроза знікнення як толькі дзяржава перастане іх фінансаваць.
У Беларусі мне давялося кансультаваць адно рэгіянальнае камерцыйнае выданне, якое вырашыла спыніць выхад папяровага выпуска, пакінуўшы толькі рэкламны дадатак, бо ён прыносіў прыбытак, а навіны пісаць выключна для сайта. У выніку вырашылі не спяшацца, але разабраліся з кірункам наступнага развіцця выдання, кадравай палітыкай і г. п.
— Якія перспектывы ў тэлебачання? Яго не выцесніць інтэрнэт?
— Ужо не трэба глядзець усё на адной кнопцы. Можна глядзець прадукты, створаныя тэлеканаламі і іншымі вытворцамі, тымі ж сацыяльнымі сеткамі. У Беларусі, напрыклад, “Белтэлеком” прапануе праект Zala — інтэрактыўнае тэлебачанне, дзе чалавек не прывязаны да праграмы вяшчання.
Шмат хто цяпер не мае тэлевізара. Бо людзі хочуць глядзець не тое, што ім прапануюць,а тое, што ім падабаецца. Думаю, тэлеканалы ўжо спазняюцца ў параўнанні з сацыяльнымі сеткамі. Мне цікава даведацца пра падзею адразу. Я магу паглядзець стрым з месца, а ў вечаровым выпуску мне хочуць раскласці карціну дня, але, калі там няма таго, што я даведаўся цягам дня, мне ўжо не хочацца гэта глядзець.
Ёсць людзі, якія абіраюць пасіўнае спажыванне, і ёсць тыя, хто хоча трымаць руку на пульсе.
Мяняецца традыцыйная роля тэлебачання. Яно робіцца інтэрактыўным, больш не залежыць ад аднаго канала распаўсюду. Ужо цяпер знікае мяжа паміж пераемнікамі традыцыйнага тэлебачання і відэапраектамі, народжанымі ў сацыяльных асяродках. Сацыяльныя сеткі самі здымаюць для сваёй аўдыторыі тэлевізійныя шоў, шмат якія нетэлевізійныя медыя робяць відэакантэнт, часам аўдыторыя відэа-блогераў не меншая, а нават і большая, чым у традыцыйных СМІ.
Мяняецца і спосаб спажывання тэлепрадуктаў. Акрамя інтэрактыўнасці вельмі важны адыход ад прывязкі па часе. Відэападкасты прыходзяць на ваш планшэт або смартфон і вы глядзіце іх тады, калі вам зручна. Мабільныя аператары, інтэрнэт-правайдары прапануюць глядзець тэлепраграмы традыцыйных тэлеканалаў, але не абавязкова ў рэжыме рэальнага часу, а тады, калі вам зручна. Карыстальнік можа сам складаць сваю тэлепраграму і глядзець на розных гаджэтах, а не толькі з дапамогай тэлевізара.
На канферэнцыі ў Маскве я сутыкнуўся з тым, што відэаблогеры вучаць тэлеканалы трансляцыі ў сацыяльных сетках. Для сацсетак патрэбны іншы кантэнт, іншай якасці. І ў школьнікаў сёння наведвальнасць можа быць большай, чым у тэлеканалаў. У папулярных беларускіх блогераў трафік большы, чым у Белтэлерадыёкаманіі.
Мы набліжаемся да пэўнай канвергенцыі. Хутка мы не адрознім, што зроблена Facebook, “Одноклассниками” або нейкім тэлеканалам.
— А што чакае FM-радыё?
— У ЗША радыё спажываецца як падкасты. Я ведаю шмат каго з аналітыкаў, хто слухае падкасты, пакуль едзе на працу, бо ў чалавека не было часу слухаць перадачу падчас яе эфіру. Такіх людзе робіцца болей. Іншая справа, што ў ЗША падкасты былі папулярныя год 10 таму, у нас тады не было тэхнічных магчымасцяў. Цяпер у нас ёсць смартфоны, але моды на падкасты няма.
Разам з тым многія радыёстанцыі думаюць пра падкасты, ствараюць відэа са студыі. Шмат хто з журналістаў вучыўся добра вымаўляць гукі і не чакаў, што яго будуць бачыць.
З гэтага месяца беларуская служба Радыё “Свабода” згортвае аўдыё. Будуць асноўныя тэкставыя, мультымедыйныя матэрыялы. Будзе менш аўдыё, размоўнай журналістыкі, якой, да слова, у нас і не хапае.
— «Белорусы и рынок». Што засталося ў сухім астатку?
— Мне не вельмі прыемна казаць на гэту тэму, бо я звольніўся адтуль два гады таму разам з іншымі калегамі падчас канфліктнай сітуацыі, калі новы гаспадар выдання прызначыў новага галоўнага рэдактара, якога рэдакцыйны калектыў не прыняў. У маім вы́падку быў ліквідаваны аддзел грамадска-палітычнай інфармацыі і я адмовіўся ўзначальваць іншыя аддзелы.
Тыя 20 гадоў, што я прапрацаваў пад кіраўніцтвам былога галоўнага рэдактара Вячаслава Хадасоўскага, для мяне былі вельмі плённымі. Было вельмі прыемна працаваць у калектыве аднадумцаў, шкада, што гэтага больш няма.
Сённяшні тыднёвік «Белорусы и рынок» робіцца іншымі людзьмі. Я зычу ім поспеху, хаця новая канцэпцыя выдання асабіста мне не падаецца цікавай. Сёння вельмі складана выжываць друкаваным выданням. Напрыклад, 3600 асобнікаў выдання нацыянальнага ўзроўню – гэта менш за некаторыя рэгіянальныя газеты. Поспех рэдакцыі, што яна знаходзіць рэкламу ў такой сітуацыі. Спадзяюся, што новыя гаспадары знойдуць бізнес-мадэль, якая дазволіць «Белорусы и рынок» выдавацца і далей — усё ж я аддаў гэтаму выданню амаль палову жыцця.
— Некаторыя інтэрнэтчыкі кажуць, што відэа выцесніць увесь іншы тып канктэнту. Што думаеце?
— Значэнне відэа сапраўды павялічваецца, але будзе перабольшваннем казаць, што яно выцесніць увесь кантэнт. Трэба сачыць за тым, як змяняецца медыяспажыванне. «Лічбавыя абарыгены», «міленіялы», або «пакаленне ігрэк» не толькі больш актыўна спажываюць інфармацыю анлайн у параўнанні з традыцыйнымі афлайн медыямі. Для шмат каго з іх першым пунктам уваходу з’яўляюцца ўжо не сайты, а сацыяльныя сеткі і мэсэнджэры.
Мы прачынаемся і першай справай бярэмся за смартфон або планшэт каб даведацца, што адбылося пакуль мы спалі. Паводле апошняга даследавання Reuters 46 % гаспадароў смартфонаў чытаюць навіны ў ложку, 42 % — у транспарце і 32 % — у прыбіральні. Адпаведна ёсць сітуацыі, калі зручна глядзець відэа, а калі — больш надзейны тэкст. Відэа адаптавалася да спажывання ў сацыяльных асяродках: яно зрабілася кароткім, а таксама суправаджаецца тэкстам, каб яго было зручна глядзець без уключэння гуку.
Я цяпер працую на Deutsche Welle. Наша бонская рэдакцыя спецыялізуецца на тэкставым кантэнце, берлінская — на відэа. Часам у відэа пераўтвараюцца фотаздымкі, з якіх ствараецца слайд-шоў. Такі кантэкст мае відавочныя перавагі для распаўсюду праз сацыяльныя асяродкі, але з меншай верагоднасцю яго спажыўцы пераходзяць на сайт.
Таму цяпер даводзіцца рэдакцыі бачыць сябе шматплатформеннай. Гэта прасцей для грамадскіх медыя, якім няма неабходнасці зарабляць грошы, больш складана для камерцыйных, бо пакуль не знойдзены надзейныя формулы манетызацыі для ўсіх платформаў. Але вось я набываю падпіску тэлеканала «Дождь», уласна кажучы, таму, што бясплатна даступныя толькі кавалкі перадачы.
Відэа, колбы, гіфкі, і ўсе астатнія праявы мультымедыя з’яўляюцца важным інструментам для працы рэдакцыі ў сацыяльных асяродках. Для кагосьці з карыстальнікаў сацыяльных сетак гэта будзе адзіны кантакт з вашым рэдакцыйным кантэнтам, роўна так жа шмат хто чытае загалоўкі і пасты, але не пераходзіць да чытання артыкула. Таму перад рэдакцыяй стаіць задача як усё сказаць такой аўдыторыі і як паспрабаваць уцягнуць яе да знаёмства з уласна артыкулам ці тэлеперадачай. Відэа падвышае ангажаванасць аўдыторыі сацсеткі, але вельмі рэдка пасля прагляду відэа нехта імкнецца пераходзіць па спасылках. Часцей за ўсё глядач гатовы глядзець наступнае відэа, і YouTube або Facebook рэкамендуюць наступнае відэа. Рэдакцыя мусіць ведаць з якой мэтай яна выкарыстоўвае той або іншы інструмент. Відэаблогеры-падлеткі маюць значна большую аўдыторыю па аб’ёму, чым нацыянальныя тэлеканалы. Але яны прапануюць зусім розны кантэнт сваёй аўдыторыі.
— Ваш прыклад паказвае, што можна стаць вельмі паспяховым журналістам і без журфака. Калі б Вам было зараз 17 гадоў, куды б пайшлі вучыцца?
— Я – вечны студэнт. Даволі часу працаваў без дыплома аб вышэйшай адукацыі, абапіраючыся на здаровы сэнс, кнігі па журналістыцы, навучанне калег у «Чырвонай змене», газеце «Свабода», радыёстанцыі «Крыніца», «Белорусском рынке», іншых выданнях, з якімі я супрацоўнічаў. Калісьці штуршок у журналістыку мне дала Наталля Плыткевіч, вельмі шмат даў нябожчык Ігар Гермянчук. Я прайшоў шэраг курсаў на Deutsche Welle, стажыраваўся на радыё «Свабода». Сам вяду курсы і адначасова хаджу на курсы калег, дыстанцыйна наведваю лекцыі Arzamas, курсы «Универсариум», «ВУМ on-line», Coursera і г. п. Мяркую, што нельга стаяць на месцы. Адзін мой знаёмы на курсах Coursera назбіраў крэдытаў (ACE CREDIT) на прызнанне Амерыканскай радай па адукацыі што ён мае амерыканскі дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Мне падаецца, што курсы падвышэння кваліфікацыі даюць даволі вялікі вынік.
Я не маю профільнай журналісцкай адукацыі – паводле дыплома я філолаг. Працэс атрымання вышэйшай адукацыі дысцыплінуе інтэлектуальнае развіццё і гэта вельмі карысна для наступнай працы журналіста. Разам з тым я не думаю, што для журналіста сапраўды неабходная вышэйшая адукацыя — можа хапіць настаўніцтва ў рэдакцыі, курсаў падвышэння кваліфікацыі. А спецыялізаваная журналісцкая адукацыя, на маю думку, мусіць быць чымсьці кшталту Акадэміі генштаба для вайскоўцаў – з яе выйдуць медыяменеджары.
Цяпер уласна пытанне. Калі б мне было 17 гадоў, то я б парупіўся атрымаць вольнае валоданне англійскай мовай, пазнаёміўся з праграмаваннем. Мне, на жаль, не давялося гэта зрабіць. Для журналіста трэба мець падставовую адукацыю і ўвесь час яе дапаўняць. Акрамя гэтага – філалагічныя дысцыпліны, гісторыя, эканоміка, паліталогія, псіхалогія.
Важна не спыняцца, бо ўвесь час з’яўляецца нешта новае.
— Паўлюк, як ацэньваеце вагу Спутнік.бай у беларускай медыяпрасторы? На вашу думку, ці можа Спутнік з такой аўдыторыяй паўплываць на грамадска-палітычную сітуацыю? Дзякуй.
— У Sputnik.by расце трафік, некаторыя мае знаёмыя там працуюць. Кантэнт, які яны робяць, не прымушае іх паміраць ад згрызотаў сумлення, іншыя беларускія выданні, у тым ліку апазіцыйныя, час ад часу цытуюць sputnik.by. Зусім іншае пытанне, што побач у стужцы паведамленняў прысутнічаюць прывітанні ад «русского мира», таму не сакрэт, што выданне ў любы момант зможа пераўтварыцца ў інструмент інфармацыйнай вайны супраць суверэнітэту Беларусі. Аднак пакуль такога не адбылося.
У гэтай рэдакцыі дастаткова фінансаў для набыцця моцных журналістаў, што з’яўляецца выключэннем з правілаў на сённяшнім беларускім медыярынку.
— Што думаеце пра кангрэс рускай прэсы? Гэта іміджава для Беларусі — з’явіцца пазітыўна ў рускамоўных СМІ альбо ёсць небяспека, што рускія «калегі» навучаць нашых журналістаў сваім прыёмчыкам і прынясуць адпаведнае стаўленне да інфармцыі?
— Мяркую, што кангрэс не меў мэты навучання беларускіх журналістаў прыёмчыкам інфармацыйнай вайны. Хутчэй ён выконваў тэрапеўтычную функцыю, каб расійскія журналісты пабачылі, што іх не толькі крытыкуюць, як гэта бывае цяпер на міжнародных канферэнцыях, але і паважаюць.