• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кіраўніка «Маланка Медыя» Паўла Марыніча завочна асудзілі да 4 гадоў зняволення

    Такі самы прысуд вынесены ў дачыненні да стваральніка лічбавай платформы «Новая Беларусь» Паўла Лібера, палітыка Аляксандра Дабравольскага і кіраўніцы грамадскай ініцыятывы «Сумленныя людзі» Алены Жываглод. Усіх чацьвярых прызналі вінаватымі ў «перашкодзе працы Цэнтрвыбаркама» (частка 2 артыкула 191 Крымінальнага кодэкса). Суд разбіраў справу у парадку спецыяльнай вытворчасці — у адсутнасць падсудных, якія цяпер знаходзяцца за межамі краіны.

    Павел Марыніч. Фота: «Наша Ніва»

    У афіцыйным паведамленні Генеральная пракуратура Беларусі сцвярджае, што «саўдзельнікі злачынства ў студзені-лютым 2022 года напісалі і даслалі на адрас чальцоў Цэнтрвыбаркама і камісій па рэферэндуме не менш за 11 000 лістоў з пагрозамі здзейсніць у дачыненні да іх супрацьпраўныя дзеянні».

    Спецвытворчасць супраць Паўла Марыніча, Паўла Лібера, Аляксандра Дабравольскага і Алены Жываглод распачалі ў снежні 2023 года. Калі дакладна адбыўся суд, ведамства не паведамляе.

    Павел Марыніч — кіраўнік «Маланка Медыя», сын рэпрэсаванага былога міністра Міхаіла Марыніча. Жыве ў эміграцыі з 2010 года, калі быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля пратэсных падзей па выніку прэзідэнцкіх выбараў.  Ягоны праект «Маланка Медыя» быў створаны ў 2020 годзе.

    «Мы пачыналі як Zubr, праект па грамадскім актывізме. У 2020‑м мы зрабілі платформу па назіранні за выбарамі, і гэтыя звесткі ўсё яшчэ адкрытыя, у адрозненне ад ярмошынскіх. Мяркую, што галоўнае, у чым я ўдзельнічаў у апошнія гады, — якраз гэты праект, тое, што Лукашэнку ва ўсім свеце больш не лічаць прэзідэнтам. Ён дыктатар, які ўтрымлівае ўладу ў краіне», — казаў Павел Марыніч у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

    Рашэнннем Міністэрства ўнутраных спраў РБ ад 15 лютага 2023 года «Маланку медыя» ў Беларусі абвясцілі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Як тады паведамлялі праўладныя тэлеграм-каналы, адпаведнае рашэнне было прынятае «за публічныя заклікі да санкцый, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці