• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пасля заканчэння допыту Пратасевіча суд па справе Nexta зрабілі адкрытым

    Мінскі абласны суд працягвае разгляд справы ў межах так званай “спецвытворчасці” ў дачыненні рэдактараў інфармацыйнага рэсурсу Nexta. Працэс пачаўся 16 лютага ў закрытым фармаце, зрабіўшы выключэнне для допыту аднаго з фігурантаў пад камерамі прапагандыстаў, але ад сёння грыф “сакрэтнасці” знялі.   

    Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік даўно недасягальныя для беларускага “правасуддзя”, таму іх судзяць завочна. Рамана Пратасевіча пасля затрымання ў выніку прымусовай пасадкі замежнага самалёта ў Мінску спецслужбы схілілі да супрацы. Ён адзіны, хто дае паказанні і каго рэгулярна дастаўляюць на слуханні з‑пад хатняга арышту. 

    Нягледзячы на першапачатковы рэжым “закрытасці”, пракуратура зрабіла выключэнне для праўладных СМІ на час допыту Рамана Пратасевіча.  Фактычна толькі з тых публікацый і можна даведацца, што былы паплечнік Сцяпан Пуцілы і Яна Рудзіка кажа ў ходзе судовага працэсу. 

    У прыватнасці, вось фрагмент “стэнаграмы” былой праваабаронцы Алены Красоўскай, якая перакваліфікавалася ў судовую рэпарцёрку прапагандысцкай “Советской Белоруссии”.  

    “Пратасевіч пачаў здалёк. У 2015–2016‑м усё пачалося з песні Уладзіміра Чудзянцова «Выбару няма» на YouTube з подпісам «Nex­ta». Песня спадабалася, Чудзянцоў стварыў канал з такой жа назвай (а пазней і ў Telegram). Пасля затрымання Чудзянцова ў 2019‑м Пратасевіч звязаўся з Пуцілам. Паколькі Чудзянцоў пісаў і здымаў для канала, а Пуціла толькі агучваў, Пратасевіч узяў на сябе тэксты, а Пуціла займаўся відэакантэнтам.

    У лютым 2020-га да іх далучыўся Ян Рудзік з «Белсата». Першы час працавалі са здымных кватэр у Варшаве, але Пуціла звярнуўся да Алеся Зарэмбюка, які кіраваў Беларускім Домам правоў чалавека. Той прапанаваў пакой, аплаты за арэнду не прасіў, але прыцягваў Пуцілу да сустрэч з замежнымі донарамі: Nex­ta набірала папулярнасць, і прысутнасць Пуцілы дадавала Зарэмбюку шанцаў атрымаць чарговыя гранты”.   

    Нягледзячы на шчыльную супрацу са следствам, Раман Пратасевіч не вызвалены ад адказнасці і праходзіць па дзясятку цяжкіх крымінальных артыкулаў — прынамсі гэта наўпрост вынікае з агучаных у судзе абвінавачанняў супраць яго. Акрамя таго, Генеральная пракуратура заявіла на трох фігурантаў пазоў у памеры больш за 30 мільёнаў рублёў дзеля “пакрыцця маёмаснай шкоды ў інтарэсах дзяржавы”.  
         
    Як казаў у каментарыі для БАЖ Ян Рудзік, не выключана, што праз фізічную немагчымасць дацягнуцца да яго са Сцяпанам Пуцілам, на колішнім аднадумцы ўлады “адарвуцца як трэба”. Гэтаксама ён адзначыў, што ні перад пасяджэннем, ні падчас працэсу ні следчыя, ні пракуроры, ні судовыя выканаўцы, ні нават дзяжурны адвакат канкрэтна з ім не звязваліся.  

    Згодна з матэрыяламі “спецыяльнай вытворчасці”, усім абвінавачаным па справе Nex­ta інкрымінаваныя наступныя крымінальныя артыкулы:

    – распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130);
    – арганізацыя масавых беспарадкаў, навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх (ч. 1 і ч. 3 арт. 293);
    – арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 і ч. 2 арт. 342);
    – публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361);
    – стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361–1);
    – паклёп і публічная абраза прэзідэнта Беларусі (ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368).

    Акрамя таго, Сцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку выстаўленыя дадатковыя артыкулы, якіх няма ў Рамана Пратасевіча:

    – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч.1 арт. 357 КК);
    – фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361–2);
    – дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1 КК).

    Асобна Сцяпану Пуцілу інкрымінавана “арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі” (ч. 1 арт .290–5 КК). 

    У дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка завочна абрана мера стрымання ў выглядзе “узяцця пад варту”, Раман Пратасевіч працягвае заставацца пад хатнім арыштам.  

    Чытайце яшчэ:

    Рекомендации по безопасности коллег в связи с признанием БАЖ «экстремистским формированием»

    «Рэпрэсіі працягваюцца, 32 супрацоўнікі СМІ ў зняволенні». Платформа бяспекі журналістаў Савета Еўропы — пра Беларусь

    Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю відэаператара Івана Мураўёва. Яго этапуюць у калонію

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці