Пасля сутак за кратамі журналіста Андрэя Шаўлюгу аштрафавалі на 3 базавыя велічыні
Пазаштатнага фотажурналіста БелаПАН Андрэя Шаўлюгу, які асьвятляў акцыю, суд Першамайскага раёну аштрафаваў на 73 рублі 50 капеек (тры базавыя велічыні) за «непадпарадкаваньне праваахоўнікам».
Паводле пратаколу Шаўлюга нібыта не выходзіў зь міліцэйскага аўтамабіля, калі яго даставілі ў пастарунак.
Шаўлюга заявіў на судзе, што супраціў не аказваў, добраахвотна выйшаў з машыны, якая даставіла яго ў РУУС Маскоўскага раёну Менску.
Паводле журналіста, болей за пяць гадзінаў яго і актывістаў трымалі ў РУУС і не тлумачылі, за што.
Сьведкі-міліцыянты сьцьвярджаюць, што затрыманыя адмаўляліся выходзіць з машыны і ісці ў РУУС, пыталіся «за што іх затрымлівалі». Ні ў каго зь міліцыянтаў не былі ўключаныя відэарэгістратары.
Паказаньні сьведкаў разыходзяцца. Адзін сказаў, што супраціўленне доўжылася 3–5 хвілін, другая супрацоўніца кажа, што хвілін 10.
У выніку суддзя Анастасія Папко пакарала Андрэя Шаўлюгу штрафам у тры базавыя велічыні.