Пасьля ператрусу ў кватэры праваабаронцу Леаніда Судаленку не затрымалі
Каля 10 гадзін працягваўся ператрус у гомельскім цэнтры апазыцыі. Пасьля гэтага праваабаронцу Леаніда Судаленку забралі ва Ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.
5 студзеня супрацоўнікі Ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй прыйшлі зь ператрусам у Гомельскі грамадзка-палітычны цэнтар «Палеская, 52».
Пры падтрымцы АМАП яны практычна 10 гадзін праводзілі ператрус. Такія дзеяньні міліцыянты патлумачылі тым, што ў офісе нібыта могуць быць «прадметы і рэчы», датычныя да крымінальнай справы Ўладзімера Няпомняшчых.
Па выніку каля 18.40 стала вядома, што на Палескай, 52 забралі дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці праваабаронцы Леаніда Судаленкі (пастановы судоў, абскарджваньні), а таксама тэхніку і бел-чырвона-белыя сьцягі. Цяпер праваабаронцу павезьлі «на гутарку» ва УБАЗІК. Судаленка ў пэрыяд выбараў і пасьля іх шмат дапамагаў удзельнікам пратэстаў — у абскарджваньні судовых пастаноў і г.д.
Паводле перапісу, пасьля ператрусу забралі 304 прадметы. Зьнялі і забралі нават бел-чырвона-белыя сьцягі са сьцен.
Дома ў Леаніда Судаленкі.таксама адбыўся вобшук. У яго забралі дзьве банкаўскія карткі і нэтбук. Леанід на свабодзе.