• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пасьля пагрозы пракуратуры: краўдфандынгавы сайт выдаліў праект праціўнікаў новага заводу ў Берасьці

    Улады таксама рэагуюць на актыўнасьць пратэстоўцаў. 26 студзеня на сайце Берасьцейскага райвыканкаму зьявілася папярэджаньне раённай пракуратуры, што «публічныя заклікі, у тым ліку і на інтэрнэт-форумах і ў сацыяльных сетках да ўдзелу ў сходах, на правядзеньне якіх не атрыманы дазвол, цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам».

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/23a32ede-5312-48d3-b838-c8be649ada58_w1023_r1_s.jpg

    Пасьля гэтага, 30 студзеня, з краўдфандынгавай пляцоўкі ulej.by зьнікла старонка збору сродкаў на кампанію «Завод АКБ у Берасьці — што ня так з грамадзкімі слуханьнямі» (архіўная копія). Грамадзкія арганізацыі «За Вела-Берасьце» і «Час Зямлі» хацелі сабраць 500 рублёў, якія мелі намер патраціць на «ўдасканаленьне практыкі правядзеньня грамадзкіх слуханьняў».

    Як сказаў Свабодзе кіраўнік арганізацыі «Час Зямлі» Рыгор Цярэнцьеў, сродкі зьбіраліся на юрыдычную і экалягічную падтрымку людзей, якія пратэстуюць супраць заводу. У праекце па зборы сродкаў не выключалася і «арганізацыя публічнай акцыі».

    «Праект з Ulej па зборы сродкаў зьняты цалкам. Тут мы гэтую кампанію праводзіць ня будзем. Усе, хто ўжо ахвяраваў сродкі, атрымаюць іх назад. Магчыма, зробім на іншай пляцоўцы», — сказаў Рыгор Цярэнцьеў.

    Прадстаўнікі краўдфандынгавай пляцоўкі Ulej.by параілі карэспандэнту Свабоды зьвярнуцца да тлумачэньня сытуацыі, выкладзенай на іхнай афіцыйнай старонцы ў «Фэйсбуку».

    У прыватнасьці, там пацьвярджаецца, што закрыцьцё праекту зьвязанае з апублікаванай раней заявай пракуратуры аб недапушчальнасьці заклікаў да сходаў.

    «30 студзеня 2018 году з аўтарам кампаніі „Завод АКБ у Берасьці — што ня так з грамадзкім абмеркаваньнем“ Рыгорам Цярэнцьевым у нас у офісе прайшла сустрэча, прычынай якой стала тлумачэньне берасьцейскай пракуратуры. Мы абмеркавалі і вызначылі рызыкі для абодвух бакоў. У ходзе сустрэчы было прынятае двухбаковае рашэньне аб закрыцьці праекту», — паведаміла адміністрацыя Ulej.by.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці