Пасля акцыі ў Маладзечне затрымлівалі карэспандэнта БелаПАН Сяргей Каралевіч
Пасля акцыі пратэсту ў Маладзечне разам з апазіцыйнымі палітыкамі быў затрыманы карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Сяргей Каралевіч. Журналіст правёў у міліцыі каля двух гадзін.
— Пасля мерапрыемства апазіцыйныя палітыкі пайшлі да машыны, а я вырашыў іх суправаджаць. У гэты час усіх затрымалі, — паведаміў журналіст прэс-службе ГА «БАЖ».
Пасля гэтага Каралевіча даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе ўзялі тлумачэнні адносна працы на акцыі. Журналіст прад’явіў рэдакцыйнае пасведчанне і патлумачыў, што знаходзіўся на заданні рэдакцыі.
Прыкладна праз 2 гадзіны пасля затрымання Сяргея Каралевіча вызвалілі без складання пратаколаў. Журналіст гаворыць, што міліцыянты паводзілі сябе з ім карэктна, узялі тлумачэнні і адпусцілі. Скардзіцца на дзеянні міліцыянтаў Каралевіч не плануе.