• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Парвалі вуха, адбілі ныркі. Рэдактар ​​«РИА Новости» скардзіцца на катаванні на трэнінгу ў Крыме

    Рэдактар ​​«РИА Новости» Святаслаў Паўлаў падаў заяву ў Следчы камітэт Расіі з-за жорсткага абыходжання падчас курсаў экстрэмальнай журналістыкі «Бастыён», абавязковых для атрымання акрэдытацыі ў сілавікоў, піша «Медиазона». Без праходжання гэтых курсаў расійскіх журналістаў і прапагандыстаў не пускаюць у гарачыя пункты.

    Курсы праходзілі ў верасні на тэрыторыі вайсковай часці, дзе знаходзіцца 810‑я гвардзейская брыгада марской пяхоты Чарнаморскага флоту ВМФ Расіі ў анексаваным Севастопалі. Разам з Паўлавым там былі некалькі дзясяткаў іншых журналістаў і прапагандыстаў.

    Рэдактар ​​расказаў, што атрымаў траўмы падчас дэманстрацыйнага захопу заложнікаў, які адбыўся раптам падчас адной з лекцый. Па словах журналіста, марпехі ўварваліся і паклалі ўсіх тварам у падлогу. Яму ўдалося вырвацца з будынка, аднак адзін з вайскоўцаў вярнуў яго назад, суправаджаючы свае дзеянні матам, ударамі і абразамі.

    Пасля гэтага слухачам курса надзелі на галаву мяшкі, якімі перыядычна душылі. Затым журналістаў і прапагандыстаў пагрузілі ў аўтобусы і павезлі на палігон. У аўтобусе ўдары і здзекі працягваліся.

    Таксама іх прымушалі поўзаць па камянях і білі. Калі Паўлаў пачаў задыхацца ў мяшку і страчваць прытомнасць, яму сказалі, што ён забіты.

    «І далей пайшлі астатніх катаваць, дзесьці паўгадзіны. Іх палівалі барановай крывёю, стралялі над галовамі, прымушалі скакаць-адціскацца — карацей, нейкае поўнае пекла», — распавёў расійскі прапагандыст.

    Пасля захопу ў Паўлава канстатавалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія раны твару, тулава, канечнасцей, удар мяккіх тканак грудной клеткі і каленных суставаў, а таксама падазрэнне на страсенне мозгу. Адной з удзельніц курсаў парвалі вуха, іншаму адбілі ныркі.

    Паўлаў сцвярджае, што вайскоўцы не адразу пагадзіліся аказаць журналістам медыцынскую дапамогу. Ён і некалькі іншых удзельнікаў «Бастыёна» пакінулі курс датэрмінова.

    Прапагандыстаў і журналістаў пасялілі ў казарме, прымушалі шыхтаваць, забаранялі пакідаць тэрыторыю часці. Ніхто загадзя не папярэджваў пра форму і змест курсаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці