Парушэнне аўтарскага права ці непаразуменне? Выстава Free Belarus у Празе выклікала абурэнне фатографаў
У сталіцы Чэхіі адбываецца выстава, мэта якой нагадаць пра рэпрэсіі ў Беларусі: выступаюць вядомыя дзеячы, дэманструюцца фота з пратэстаў. У той жа час самі фатографы дзівяцца: дэманстрацыя іх фотапрац у Празе — нечаканасць для творцаў. Дык што гэта было: непаразуменне ці парушэнне права на інтэлектуальную ўласнасць? БАЖ разбіраецца ў пытанні.
Што адбылося?
У Празе на Malostranske namesti (цэнтральная плошча перад будынкам парламента) з 29 жніўня па 4 верасня праходзіла выстава Free Belarus. Яе арганізатары — НАК, “Краіна для жыцця” і нямецкі фонд Friedrich Naumann Foundation for Freedom (Ukraine and Belarus філіял). На выставе былі прадстаўленыя фотаздымкі, што дэманструюць паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі. Выступаў спадар Павел Латушка, прысутнічала беларуская дыяспара.
Аднак аўтары многіх здымкаў даведаліся пра выкарыстанне іх матэрыялаў толькі постфактум.
Так, вядомы ўкраінскі фотакарэспандэнт Яўген Малалетка быў здзіўлены, пачуўшы ад калег, што ягоныя працы ўдзельнічаюць у выставе.
«Стаўленне: «нам цяжка ўсім пісаць, мы людзі занятыя», мякка кажучы, бянтэжыць»
Айчынны фатограф Яўген Ерчак, чые здымкі таксама апынуліся на выставе без аніякага папярэдняга ўзгаднення, звярнуўся да аднаго з арганізатараў (імя арганізатара ёсць у рэдакцыі) з пытаннем, як трапіў на выставу ягоны здымак без узгаднення. Яўген атрымаў адказ:
“Але ж “fair image use” дазваляе здымак паказаць вучням на ўроку, ці дэпутатам з трыбуны Еўрапарламента, як Ціханоўская рабіла з маім здымкам, а не выставу рабіць, яшчэ парэзаўшы ўсе фота, — каментуе БАЖу сітуацыю Яўген Ерчак.
— Звычайна арганізатары пішуць аўтарам: «Хочам выкарыстаць вашыя фота» і дамаўляюцца аб умовах. З ганарарам аўтарам здымкаў ці, калі аўтары пагодзяцца, без ганарару. Тэарэтычна магчыма проста набыць здымкі ў агенцый, але я не ўпэўнены, што стандартная ліцэнзія такое выкарыстанне дазваляе.
Прынамсі, калі па адным з маіх фота мастачка хацела зрабіць скульптуру, ЕPA (Еўрапейская прэс-фотаагенцыя — заўв. рэд.) са мной звязваліся, удакладнялі, ці згодны я, і дасылалі асобную дамову.
Ну і проста стаўленне: «нам цяжка ўсім пісаць, мы людзі занятыя, шмат розных экспазіцый маем», мякка кажучы, бянтэжыць.
Яшчэ адной прычынай сваёй занепакоенасці Яўген Ерчак называе тую акалічнасць, што арганізатары мерапрыемства — “экстрэмісты” на радзіме, і падобная выстава можа пацягнуць за сабой наступствы для фатографаў і іх сваякоў у Беларусі.
«Паводле ўмоў маёй працы, мне не дазволена дзяліцца фотаматэрыяламі з кімсьці»
БАЖ звярнуўся і да вядомага беларускага фатографа Сяргея Грыца, чый здымак таксама выкарыстоўваўся на выставе без узгаднення:
— Да мяне ніхто не звяртаўся, здымак узяты невядома дзе без папярэджання.
Калі б звярнуліся, я б, вядома, адмовіў, бо паводле ўмоў маёй працы, мне не дазволена дзяліцца фотаматэрыяламі з кімсьці: ані з палітычнымі арганізацыямі, ані з мерапрыемствамі, незалежна ад тэматыкі. Гэта ўсё належыць Associated Press і стваралася для АР, каб агенцыя распаўсюджвала сярод сваіх падпісантаў.
Я супраць падобнага выкарыстання маіх здымкаў, падкрэслю: незалежна ад палітычнай скіраванасці.
— Можна б было дапусціць, што арганізатары звярнуліся да АР, купіўшы правы на выкарыстанне?
— Так, у нас ёсць адмысловыя аддзелы і людзі, якія займаюцца менавіта гэтым: працай з кліентамі, гандлем фотаматэрыяламі. Калі б звярнуліся да мяне, я б мог даць кантакты адпаведных людзей, у якіх можна замовіць любую колькасць любых здымкаў. Тут, як я разумею, усё было зроблена ўпотай, ігнаруючы нашыя правы і інтарэсы як аўтараў.
— Ці даводзілася вам сустракацца з парушэннем вашага аўтарскага права?
— Я за гэтым не сачу абсалютна, у мяне шмат справаў, зараз праца па Украіне на першым месцы. Калі б не калега, я б і пра гэтыя здымкі не дазнаўся.
Да таго ж, на колькі я памятаю, арганізатары гэтай дзеі з’яўляюцца ў Беларусі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Калі я прыеду ў Менск, якія будуць наступствы? Ніхто ж не ведае, даваў я згоду ці не, — выходзіць саўдзел у фармаванні.
Выходзіць, нас сур’ёзна падставілі, падумаўшы: нічога страшнага, калі ўзяць фота ў інтэрнэце.
“За гэта мы хацелі б папрасіць прабачэння”
Падсумаваўшы заканамерныя пытанні творцаў да арганізатараў выставы, БАЖ звярнуўся з імі да НАК. Адказ з бачаннем сітуацыі даў прэс-сакратар антыкрызіснага кіравання Арцём Брухан:
— Мэтай выставы было інфармаванне чэшскіх грамадзян пра бягучую сітуацыю ў Беларусі. Аўтары/крыніцы кожнай выкарыстанай выявы былі дакладна пазначаныя.
Паколькі выявы выкарыстоўваліся ў адукацыйных мэтах, быў толькі адзін асобнік кожнай з іх, і мерапрыемства не зарабляла на выявах, яны патрапляюць пад катэгорыю «fair Image use», якая дазваляе пэўнае выкарыстанне прац, абароненых аўтарскім правам, без атрымання дазволу ад уладальніка аўтарскіх правоў.
— Але з маральнага гледзішча мы разумеем, што павінны былі гэта зрабіць, і за гэта мы хацелі б папрасіць прабачэння.
На дадзены момант выстава ўжо зачыненая, — дадае спадар Брухан.
Што за “fair use”?
“Fair use” перакладаецца як добрасумленнае выкарыстанне — гэта дактрына, пашыраная ў амерыканскай юрыспрудэнцыі, што мае на ўвазе выключэнні і абмежаванні ў аўтарскім праве. Гэтыя выключэнні ставяць мэтай перадухіленне негатыўнага ўплыву самога аўтарскага права на развіццё навукі і мастацтваў.
Згодна з “fair use”, матэрыялы, абароненыя аўтарскім правам, могуць выкарыстоўвацца без дазволу ці ліцэнзіі ў пэўных сітуацыях (як адукацыйны, ілюстрацыйны матэрыял і г. д.).
Даволі размытыя межы панятку “fair use” часта вымушаюць разбірацца ў кожнай сітуацыі асобна. Напрыклад, у ЗША судовыя працэсы па справах добрасумленнага выкарыстання — з’ява нярэдкая.
У іншых краінах падобны прынцып таксама зафіксаваны, часам як “сумленнае выкарыстанне”. У беларускім заканадаўстве яго называюць “свабодным”.
Артыкул 36 “Свабоднае выкарыстанне твораў у адукацыйных і даследчых мэтах” Закона РБ аб аўтарскім праве вызначае:
“Правамерна апублікаваныя творы могуць быць выкарыстаныя з абавязковым указаннем аўтара твора і крыніцы запазычання ў якасці ілюстрацый ў выданнях, радыё- і тэлеперадачах, гука- і відэазапісах адукацыйнага характару ў аб’ёме, апраўданым адукацыйнай мэтай”.
Чытайце яшчэ:
Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якімі былі медыя ў 90‑я?
Кацярына Раецкая — пра вайну, дыскрымінацыю беларусаў і тое, што зараз адбываецца ў шоў-бізнесе
«Ужо ўявіла сябе ў ложку, акружаную падушкамі». Аб чым пісала Даша Чульцова ў лістах на волю