• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Партал рабіў наш голас гучнейшым, а праблемы, з якімі мы сутыкаліся, бачнымі». Чытачы пра тое, за што любілі TUT.BY

    Сёння, 9 студзеня, пачаўся суд па «справе TUT.BY» — медыя, якое больш за 20 гадоў было галоўным СМІ краіны. З яго многія беларусы пачыналі свой дзень і ім жа заканчвалі. Незадоўга да пачатку суда мы папрасілі чытачоў расказаць, што для іх значыў TUT.BY і за што яны яго любілі. У адказ атрымалі вялізную колькасць водгукаў. Як сказалі супрацоўнікі нашага аддзела SMM, «здаецца, нам зламалі зваротку». Публікуем частку вашых лістоў.

    Імёны некаторых герояў змененыя з меркаванняў бяспекі. Іх звесткі ёсць у рэдакцыі.

    Вольга, 30 гадоў, «калісьці з Мінска»

    Чаму мне быў важны TUT.BY? Як бы смешна ні гучала, але менавіта дзякуючы сайту я правярала, ці працуе ў мяне інтэрнэт. А калі глабальна, менавіта партал дазволіў рэалізаваць мае першыя праекты. Са мной, тады яшчэ зялёным спецыялістам, Марына Золатава размаўляла вельмі паважліва, паверыла ў маю ідэю і дапамагла яе ажыццявіць. Журналісты TUT.BY заўсёды ўмелі знайсці агульную мову з людзьмі і асвятляць сітуацыі аб’ектыўна. Калі расказвала мужу, што дзесьці ў сацыяльных сетках прачытала навіну, ён пытаў: «А TUT.BY гэта ўжо пацвердзіў?» І калі не, то няма цаны гэтай інфармацыі, а калі так — значыць, ёй можна верыць. І наогул, у нас c TUT.BY народзіны ў адзін дзень. І вельмі хочацца зноў віншаваць усю каманду са святам.

    Аляксей, 36 гадоў, Мінск

    Для мяне TUT.BY быў тым навінавым рэсурсам, з якога я пачынаў свой дзень. Там былі прадстаўленыя розныя меркаванні, нават тыя, з якімі я быў не згодны. Вялікі дзякуй за гістарычныя і эканамічныя матэрыялы, якія дапамаглі мне лепш разумець краіну, у якой я жыву. 2020 год падняў для мяне партал на новы ўзровень. Нягледзячы на прэсінг, які быў большы, чым на «Медузу», TUT.BY заставаўся бесстароннім і стаў адным з найлепшых парталаў у СНД. Вы верылі ў ідэалы журналістыкі і прымушалі верыць у іх і нас.

    Юлія, 40 гадоў, Мінск

    […] Мне падабалася, што гэтую крыніцу ведалі ўсе. У многіх размовах гучала: «Чытала на TUT.BY?» Тут збіралі інфармацыю пра розныя бакі жыцця — палітыку, педагогіку, машыны. Таксама памятаю многія жыццёвыя гісторыі простых людзей, якія сутыкнуліся з бядой. І падвядзенне вынікаў у канцы года — гэта было выдатна!

    Вадзім, 39 гадоў, Мінск

    Цаніў TUT.BY за аб’ектыўную і неперадузятую падачу інфармацыі, за нейтральную пазіцыю. За тое, што казалі ўсё як ёсць, не прымаючы той ці іншы бок, і давалі магчымасць самастойна сфармаваць уласнае меркаванне па тым ці іншым пытанні.

    Дар’я, 34 гады, «Вільнюс, у мінулым Мінск»

    Для мяне TUT.BY заўсёды быў узорам сапраўднай, аб’ектыўнай журналістыкі. Плашка TUT.BY успрымаецца як своеасаблівы знак якасці. Але гэта быў не толькі партал навінаў, гэта быў інструмент на ўсе выпадкі жыцця: з дапамогай яго я знайшла сваю першую працу, сваю першую арэндную кватэру, кожны дзень глядзела тут надвор’е, правярала пошту, чытала рэцэнзіі на свежыя прэм’еры і купляла квіткі ў кіно. Я ўсё яшчэ сумую па «Баянах тыдня», тэкставых трансляцыях з «Еўрабачання» і бойках у каментарах пад артыкуламі. Вельмі ўдзячная рэдакцыі за ўсю іх працу цягам многіх гадоў і веру, што TUT.BY будзе жыць.

    Андрэй, 41 год, Мінск

    Мой працоўны дзень заўсёды пачынаўся з навін на TUT.BY. Тут жа была зарэгістраваная мая першая паштовая скрыня, якой, дарэчы, да гэтага часу карыстаюся як асноўнай!

    Валянціна, 53 гады, Орша

    Заўсёды была чытачом TUT.BY. Цаню партал за праўдзівую інфармацыю, цікавыя факты, сумленную журналістыку — без прапаганды і распальвання нянавісці.

    Арсеній, 22 гады, Мінск

    Для мяне TUT.BY — гэта максімальна незалежная беларуская пляцоўка навін, гісторый. Таксама ў вас былі цікавыя відэа ў рубрыцы «Быць маладым» і «Нязручныя пытанні». А як жа я сумую па трох цікавых навінах ад Максіма Пушкіна.

    Памятаю той дзень, калі разграмілі рэдакцыю. Для мяне гэта быў шок. Я вельмі турбуюся за затрыманых. Асабліва за Марыну Золатаву, бо для мяне асабіста гэта журналіст з вялікай літары. Яна добры кіраўнік і чалавек, які не прагінаецца перад сістэмай. Вельмі чакаю вашага вяртання ў офіс на Міхалова, каб зноў убачыць, як там лунае сцяг вашай кампаніі.

    Марыя, 28 гадоў, «з Мінска, але цяпер жыву ва Украіне»

    Актыўна сачыць за навінамі я пачала са жніўня 2020 года. І мой выбар спыніўся на TUT.BY, таму што партал заўсёды аб’ектыўна і двухбакова падаваў інфармацыю. У той момант было важна атрымліваць звесткі менавіта «нейтральна», без прыхарошвання, перабольшання «зладзействаў» аднаго ці іншага боку.

    Юрый, 32 гады, Магілёў

    TUT.BY — улюбёны навінавы партал. Падзяляю цалкам пазіцыю рэдакцыі. Навіны правераныя. Упэўнены ў сумленнасці партала. Кожнаму слову, якое было апублікаванае на TUT.BY, можна верыць! Гэта рэдкасць!

    Вольга, 41 год, Мінск

    Ніколі б не падумала раней, што буду адчуваць столькі цяпла і горычы, калі напішу гэтыя словы. Пачынаючы з 2000‑х я, як і мільёны беларусак і беларусаў, чытала TUT.BY кожны дзень. Я радавалася, смяялася, здзіўлялася, злавалася, плакала разам з вамі і навінамі пра нашую краіну і людзей. Я раней часта вас крытыкавала. Крытыкавала за многае: за тое, што вы занадта «нейтральныя», за тое, што пра важныя для мяне тэмы вы пісалі рэдка, за тое, што вы заўсёды давалі слова ўсім удзельнікам канфлікту, нават людзям, якія здзяйснялі гвалт. Але цяпер я б усё аддала, каб мець нагоду і магчымасць зноў вас крытыкаваць, таму што гэта значыла б, што і вы, і мы ўсе дома, на волі і працягваем сваю справу.

    Азіраючыся цяпер назад, я бачу, якой важнай гісторыяй быў TUT.BY. Ды і проста велізарнай часткай нашага мінулага жыцця і працы. Дзякуючы парталу мы ўсе маглі больш дапамагаць адно аднаму, збіраць ахвяраванні, заваёўваць аўтарытэт, даведвацца своечасова пра ўсе падзеі — ад вялізнай залевы ў Мінску да прыняцця або непрыняцця законаў.

    TUT.BY рабіў наш голас гучнейшым, а праблемы, з якімі мы сутыкаліся, бачнымі. Дзякуй вам велізарны за гэта, за вашую працу! Хай цёмныя часы для ўсіх нас скончацца як найхутчэй, і мы зноў будзем пачынаць сваю раніцу з кубка кавы і старонак TUT.BY!

    Арцём, 48 гадоў, Мінск

    TUT. BY асабіста для мяне — эталон журналісцкай бесстароннасці, смеласці і прафесіяналізму, крыніца аптымізму. Партал, дзе можна было, адасобіўшыся, памарыць пра светлую будучыню любімай радзімы.

    Марыя, 53 гады, Мінск

    TUT.BY быў найлепшым з вядомых мне СМІ і адзіным парталам, інфармацыі якога я давярала. Сама частку жыцця працавала ў СМІ, так што маю ўяўленне, як часта робяцца навіны. У былыя, спакойныя, часы некалькі разоў пісала на TUT.BY пра нейкія падзеі. Тутбаеўцы адразу звязваліся і прыязджалі разбірацца. Вельмі прафесійна і аператыўна працавалі людзі. У страшны перыяд жніўня 2020-га, калі секанулі інтэрнэт, TUT.BY быў адзінай крыніцай інфармацыі […]. Вельмі сумна, што партала больш няма. Вельмі балюча за ўсіх прафесійных журналістаў і іншых годных людзей нашай Беларусі.

    Наталля, 32 гады, Мінск

    TUT.BY — каманда прафесіяналаў. Карыстаючыся выпадкам, хачу сказаць ім дзякуй за тое, што яны асвятлілі праблему, з якой сутыкнуліся я, мама і мой брат-інвалід. Дзякуючы гэтаму мае блізкія, якіх выганяў з дому мамчын былы муж, не аказаліся на вуліцы. TUT.BY напісаў праўду, дзякуй ім за гэта. Вельмі перажываю за іх.

    Сяргей, 26 гадоў, Брэст

    Чаму для мяне быў важны TUT.BY? За аб’ектыўнасць, адсутнасць цэнзуры, за добрыя справы. Нямногія СМІ могуць пахваліцца такім велізарным спісам дзяцей, якім партал дапамагаў збіраць грошы на лячэнне.

    А яшчэ за пазітыў. Звычайна ў навінавай стужцы асвятляецца не так шмат пазітыўных падзей. І, мабыць, толькі на TUT.BY можна было ў «пахмурны» дзень убачыць навіну пра выратаванага з мазуту шчанюка. Убачыць і ўспомніць, што не ўсе мы сталі панурымі шэрымі масамі, што ў нас усё яшчэ жыве нешта добрае і ёсць яшчэ нешта пазітыўнае вакол.

    Юлія, 48 гадоў, Мінск

    Для мяне TUT.BY быў крыніцай рознай інфармацыі — ад палітыкі да афішы. Можна сказаць, гэта быў адзін з нямногіх сайтаў, які я чытала з цікавасцю, пакідала каментары. Цяпер мне вас вельмі не хапае. Таксама вы аказалі нашай сям’і неацэнную дапамогу: дапамаглі сабраць грошы на лячэнне дачкі. Веру, што ўсё кепскае скончыцца і будучыня ў нашай краіны будзе іншая.

    Аляксей, 37 гадоў, Мінск

    Асабіста знаёмы з многімі хлопцамі і дзяўчатамі. З некаторымі працягваю камунікаваць дагэтуль. Разгром TUT.BY — гэта велізарная страта для ўсяго грамадства Беларусі. Калі не браць пад увагу незалежнасць і неперадузятасць у навінавым блоку, то гэта яшчэ і страта неймаверна згуртаванага і лагоднага калектыву, у якім людзі заўсёды і ўсім былі гатовыя дапамагчы. Вельмі спадзяюся, што калі-небудзь убачу вас зноў разам!

    Ксенія, 31 год, Масква

    TUT.BY я пачала чытаць летам 2020-га, яшчэ да пратэстаў у Беларусі. Вельмі люблю рэдакцыю за тое, што аб’ектыўна асвятлялі падзеі: без лішніх эмоцый, прыводзілі доказы або выпускалі абвяржэнні пасля. Падчас пратэстаў і пасля рэдакцыя і журналісты працягвалі рабіць вельмі важную справу — расказваць людзям пра тое, што адбываецца. Дзякуй вялікі за вашую працу.

    Міхаіл, 53 гады, Мінск

    TUT.BY заўсёды трымаў высокую планку прафесіяналізму, падаваў самую актуальную і дакладную інфармацыю. Было шмат цікавых праектаў. Парталу давяралі ўсе карыстальнікі. Ні раней, ні цяпер у Беларусі не было і няма роўных яму.

    Алена, 52 гады, Мінская вобласць

    TUT.BY — гэта заўсёды сумленныя і аб’ектыўныя навіны, якія можна было яшчэ і абмеркаваць. Акрамя таго, гэта рубрыка «Афіша», дзе размяшчалі прыгожыя фота і водгукі на ўсе мерапрыемствы. Я публікавала рэзюмэ і шукала працу толькі на гэтым сайце. А яшчэ TUT.BY быў маёй першай «сацыяльнай сеткай». У каментарах на партале я камунікавала з людзьмі, шукала сяброў.

    Вольга, 42 гады, Мінск

    Гэта быў выдатны навінавы сайт, а таксама праграмы па пошуку працы і афіша — гэта асноўныя. Усе самыя важныя навіны, мерапрыемствы, падзеі, праекты былі сабраныя на адным сайце.

    Мне здаецца, уся краіна пачынала свой дзень са старонкі TUT.BY, ва ўсякім выпадку, для многіх знаёмых гэта так. На TUT.BY было тое, што хвалявала беларусаў тут і цяпер. І тое, што можа закрануць іх у будучыні. Пра гэта гаварылі эксперты, аналітыкі.

    Мая першая скрыня электроннай пошты — гэта TUT.BY. Першае рэзюмэ для пошуку новай працы — таксама TUT.BY!

    Ілля, 40 гадоў, Гомель

    Хацеў бы сказаць словы падзякі TUT.BY. Увесь гэты час яны былі побач. Партал я чытаў з самых першых дзён. Перш за ўсё — пра свой горад Гомель, культуру і спорт. Ды і наогул, усё вельмі цікава.

    Як арганізатар канцэртаў дасылаў афішы, якія супрацоўнікі аператыўна размяшчалі. Лічу TUT.BY наймацнейшым навінавым рэсурсам не толькі ў Беларусі, але і ў СНД. Хацеў бы выказаць падтрымку супрацоўнікам партала, якія апынуліся за кратамі! Трымайцеся, дарагія сумленныя беларусы, усё будзе добра. Жадаю моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму і найхутчэйшага выхаду на волю!

    Алена, 32 гады, Ліда

    На TUT.BY быў вельмі класны сэрвіс пошуку працы. Усе нармальныя наймальнікі з усёй Беларусі выкладвалі вакансіі менавіта туды. Цяпер шукаю працу, і даводзіцца глядзець на розных сайтах, дзе шмат паўтаральных аб’яваў, частка з якіх неяк дзіўна напісаная. Плюс навіны на партале падаваліся максімальна аб’ектыўна.

    Алеся, 28 гадоў, «мінчанка, але большую частку жыцця жыву ў Расіі»

    TUT.BY — і сама платформа, і сацсеткі, і каналы на YouTube — заўсёды дапамагалі падтрымліваць сувязь з радзімай, за што я вельмі ўдзячная.

    Аляксандар, 45 гадоў, Віцебск

    Скажу каротка. Люблю, калі прыгожа. Люблю, калі прафесійна. Люблю разумных, сумленных, крэатыўных людзей. Дзякуй вам. Беражы вас бог.

    Марына, 39 гадоў, Магілёў

    Я з тых беларусаў, якія свой дзень пачыналі з TUT.BY і цягам дня спраўджвала на партале надвор’е, курсы валют і свежыя навіны. Каб праверыць тую ці іншую інфармацыю, я спачатку глядзела, ці выйшла яна на TUT.BY. Ён быў для мяне адзінай аўтарытэтнай крыніцай інфармацыі. Не памятаю выпадкаў публікацыі неправеранай інфармацыі. Міхалок у шортах або шапцы вельмі красамоўна падказваў, што сёння надзець, і амаль ніколі не падманваў. Я так і не знайшла замену TUT.BY і жыву надзеяй, што ён вернецца і будзе побач заўсёды і ўсюды, дзе ёсць інтэрнэт!

    Ірына, 25, гадоў, Мінск

    <…> Часта, праходзячы міма вашага офіса позна ўвечары, я бачыла уключанае святло і казала сабе: «А TUT.BY усё працуе». Цяпер не хапае гэтага святла <…>.

    Чытайце яшчэ: 

    «Для рэжыму падпіска на ўкраінскія каналы горш за Nexta» 

    Па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць. Зварот рэдакцыі «Люстэрка» ў сувязі з пачаткам суда па справе TUT.BY 

    Аксана Колб: Сёння мы ўсе TUT.BY. І як бы хто не стараўся, свабоду слова не забіць

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці