• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Парадоксы гісторыі ў прэсе: ананімнасць і кадравы голад

    Тэма «генацыда беларускага народа» закансервавалася, а дзяржпрапаганда менш эксплуатуе гісторыю ў параўнанні з гарачымі 2021–2022 гадамі. БАЖ пагутарыў з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім, які падрыхтаваў маніторынг гістарычнай палітыкі ў Беларусі за май-ліпень 2024 года.

    Аляксей Ластоўскі. Фота: з асабістага архіву

    У якой стадыі знаходзіцца «вайна памяці», якую беларускія ўлады аб’явілі «калектыўнаму Захаду»? Чаму спробы Мінска навязаць тэму «генацыду беларускага народа» Захаду церпяць правал? Як асвятляюць «вайну памяці» дзяржаўная прапаганда і незалежныя СМІ?

    Гэты тэкст БАЖ змог стварыць з вашай дапамогай на Patreon

    Гісторыя эксплуатуецца менш, чым у гарачы перыяд

    — Май-ліпень — адметны ў календары перыяд, на які прыпадае і Дзень перамогі, Дзень незалежнасці, а з мінулага года ўведзена яшчэ і дадатковае свята — день памяці ахвяр генацыду. Раней 22 чэрвеня адзначалі дату пачатку Вялікай Айчыннай вайны, але зараз гэта дата сваё значэнне страціла. У гэты перыяд найбольш гавораць пра гісторыю, бо на яго прыпадаюць найбольш важныя мемарыяльныя падзеі ў Рэспубліцы Беларусь.

    Самая галоўная тэндэнцыя, на мой погляд, — назіраецца спад цікаўнасці да гісторыі ў параўнанні з першымі гадамі пасля пратэстаў 2020 года, калі, уласна кажучы, і адбыўся паварот да канцэпту «гістарычнай памяці», які выступаў як інструмент для перагляду беларускай ідэнтычнасці.

    Пасля мацнейшага крызісу, калі не спрацавала мадэль дзяржаўнай ідэалогіі, улады звярнуліся да гісторыі. Варта згадаць, што за масавымі пратэстамі прыйшоў Год народнага адзінства, затым — Год гістарычнай памяці — дзяржаўныя СМІ былі запоўненыя такога кшталту публікацыямі ў «гарачы перыяд». Зараз такіх спасылак стала менш. Ці то наступіла пэўная стомленасць, ці то не ўдалося дасягнуць пажаданага эфекту, але зараз гісторыя эксплуатуецца менш, чым раней. 

    З іншага боку, працягваецца рэалізацыя ранейшых ініцыятыў, асабліва «генацыда беларускага народа». Хаця за май-ліпень такіх публікацый стала менш, асабліва з рэальнымі фактамі і рэальнымі падзеямі. Можна канстатаваць, што «генацыд беларускага народа» закансерваваўся, і зараз мы маем ўстойлівую сітуацыю, калі чыноўнікі і журналісты агучваюць нейкія формулы і пры гэтым не абавязкова прывязваюць іх да канкрэтнага гістарычнага матэрыялу.

    Ілюстрацыя з сайта brest-edu.gov.by

    Сціплы арсенал антызаходняй лексікі

    — Я б звярнуў увагу на ўстойлівы трэнд, які дамінуе ў беларускім афіцыёзе — адказнасць Захаду, ці «калектыўнага Захаду» (норма з лексікону расійскіх палітыкаў, якую пераняла Беларусь), які вінаваты ў развязванні Другой сустветнай вайны. Нібыта Захад, пазбягаючы адказнасці, перапісвае гісторыю, хаця нацызм па-ранейшаму з’яўляецца неад’емнай часткай Захаду. Гэта трэба прачытваць так, што Беларусь бярэ ўдзел у «вайне памяці».

    Адкуль столькі многа антызаходняй рыторыкі? Зразумела, што гэты наратыў вельмі слаба карэлюе з гістарычнымі працамі, бо ступень адказнасці за развязванне вайны ў нацысцкай Германіі ці Вялікабрытаніі насіла розны ўзровень. Такі рэтраспектыўны погляд, маўляў, Савецкі Саюз ваяваў з калектыўным Захадам, паказвае рэальнае перапісванне гісторыі, бо заходнія саюзнікі разам з СССР ваявалі супраць нацысцкай Германіі. Тыя людзі, якія крычаць пра перапісванне гісторыі іншымі, з няменшым імпэтам і займаюцца перапісваннем гісторыі. Мне падаецца, што такі масіў антызаходняй рыторыкі трэба разглядаць у кантэксце актуальных падзей: расійскай агрэсіі ва Украіне і суагрэсіі з боку Беларусі, якая не прымае ваеннага ўдзелу ў вайне, але падтрымлівае Расію рыторыкай.

    Арсенал антызаходняй рыторыкі вельмі сціплы: літаральна тры-чатыры формулы (пра перапісванне гісторыі, адказнасць Захаду за развязванне вайны, уваскрашэнне нацызму). Такое ўражанне, што кожнаму беларускаму чыноўніку далі па метадычцы з трыма-чатырма сказамі, якія ў сваіх прамовах у рознай варыяцыі іх дублююць.

    Сімуляцыя палітычнай актыўнасці МЗС

    — Да прасоўвання тэмы «генацыду беларускага народа», якой з самага пачатку займаецца Генеральная пракуратура, падключылася і Міністэрства замежных спраў. Відавочна, яму далі такое заданне, бо сам канцэпт генацыду патрабуе міжнароднага прызнання. У тым уся і сутнасць: класічны выпадак генацыду, які стаў асновай палітыкі памяці ў Еўропе і, можа, у свеце, — гэта Халакост.

    Спачатку ўлады агучылі канцэпт, што страты падчас Другой сусветнай вайны (у беларускім выпадку — падчас Вялікай Айчынай вайны) павінны быць прадстаўлены як генацыд беларускага народа. І тут відавочна з’явілася патрэба і ў міжнародным прызнанні гэтага канцэпта той жа нацысцкай Германіяй ці Злучанымі Штатамі. Відавочна, гэты разлік не спрацаваў. І нават з боку Расіі адбылося толькі неафіцыйнае прызнанне, прызнанне ў афіцыйных фармулёўках. Таму МЗС і атрымала заданне далучыцца да кампаніі.

    А ў міністэрстве не знайшлі лепшага шляху, як скарыстаць свае даўнія кантакты — задзейнічаць сетку людзей у заходніх краінах, якія супрацоўнічаюць з беларускімі дыпламатычнымі пляцоўкамі. Пераважна гэта палітычныя маргіналы, якіх прывезлі ў Беларусь — і цэлы тыдзень беларускія дзяржаўныя СМІ выдавалі інтэрв’ю з грамадзянамі Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі…

    Агулам гэтая акцыя прэзентавалася як акт заходняга прызнання, хаця насамрэч гаворка ідзе пра сетку маргінальных асобаў. Адпаведна, ніякага заходняга прызнання на палітычным ці дзяржаўным узроўні не адбылося. Мы не першы раз назіраем сімуляцыю палітычнай актыўнасці ў выкананні беларускіх чыноўнікаў.

    Беларуская амбасада ў Бразіліі прэзентуе кнігу «Геноцид белорусского народа», выдадзеную Генпракуратурай на чале з Андрэем Шведам. Фота: brazil.mfa.gov.by

    Праваднік дзяржпрапаганды і гульня на апераджэнне

    — Найбольшай актыўнасцю традыцыйна выдзяляецца «СБ. Беларусь сегодня» — флагман ідэалагічнай працы, праваднік самых важных ідэалагічных трэндаў у Беларусі. Трэба разумець, што фактычна мы маем справу з дзяржаўным канцэрнам: «СБ. Беларусь сегодня» — гэта не адна газета, але яшчэ некалькі выданняў, якія шчыльна супрацоўнічаюць і актыўна перадрукоўваюць матэрыялы: «Народная газета», «Сельская газета» і нават «Альфа-радио». Гэта самы галоўны актар сярод дзяржаўных СМІ, у тым ліку і ў галіне гістарычнай палітыкі. Іншыя выданні могуць працаваць сітуатыўна: БТ ці СТВ часам могуць арганізаваць адну-дзве дыскусіі, але гэта не выглядае як сістэмная праца.

    У 2021–2022 гадах за тэму гісторыі актыўна ўзялася дзяржаўная прапаганда: шмат ініцыятыў, многа публікацый. Напачатку недзяржаўным СМІ вельмі цяжка было рэагаваць за гэтую хвалю: незалежная прэса адаптавалася да новай рэчаіснасці, апынуўшыся ў выгнанні.

    Але адаптацыя ўсё ж адбылася: недзяржаўныя СМІ ўспрынялі як выклік для сябе, бо раней гісторыя была іхняй традыцыйнай зонай экспертызы. У гэтым выпадку мы можам казаць пра спробу выпрацаваць стратэгію супрацьдзеяння дзяржаўнай прапагандзе. Сталі з’яўляцца дэталёвыя, падрабязныя разборы асноўных укідаў дзяржпрапаганды. Мне асабліва спадабалася сітуацыя з публікацыяй пра польскі лагер у Бярозе-Картузскай: абсалютна слабенькі артыкул, шаблонны, з неабгрунтаванымі нацяжкамі — у адказ з’яўляецца дэталёвы разбор недзяржаўнай прэсы, які каменя на камені не пакідае ад гэтага прапагандысцкага тэкста. Мне здаецца, што ў гэтым кірунку незалежнай прэсе варта і развівацца далей.

    Зараз недзяржаўныя СМІ нават спрабуюць іграць на апераджэнне: камератыўны каляндар дзяржаўных СМІ вядомы, з вялікай доляй верагоднасці можна прадказаць загадзя, пра што будзе пісаць прапаганда.

    Вось што пісала «Звязда» ўзору 1991 года. І дзе цяпер тая «Звязда»?

     Гістарычная навука губляе: ананімнасць і інтэлектуальны голад

    — Праўда, існуюць некаторыя складанасці: напісанне гістарычных тэкстаў патрабуе і знешняй экспертызы. Калі мы кажам пра грунтоўныя тэксты па гісторыі, то трэба прыцягваць да супрацы гісторыкаў. Тут мы сутыкнуліся з цяжкай сітуацыяй. Гісторыкам, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі, супрацоўнічаць з недзяржаўнымі СМІ небяспечна.

    Ёсць патэнцыял гісторыкаў, якія выехалі ў эміграцыю і гатовыя супрацоўнічаць з незалежнай прэсай, але ў сітуацыі моцнага дзяржаўнага ціску на розныя супольнасці гістарычная экспертыза набыла ананімны характар, яна не можа абапірацца на традыцыйную сістэму рэйтынгаў і рэпутацый. Спасылка на канкрэтную думку канкрэтнага аўтара можа прывесці да рэпрэсій супраць гісторыка, які нават знаходзіцца за мяжой.

    Аляксей Ластоўскі. Фота: з асабістага архіву

    Скажу, што і ў дзяржаўных СМІ сітуацыя ненамнога лепшая, бо пра гісторыю выказваецца толькі вузкае кола прапагандыстаў, і толькі адзінкі з іх можам назваць прафесійнымі гісторыкамі: Ігар Марзалюк ці Вадзім Гігін. Але гэта вельмі вузкае кола людзей.

    Мы бачым, што нават дзяржаўная прапаганда не можа выкарыстоўваць рэсурсы беларускіх гісторыкаў, нават тых, хто знаходзіцца ў Беларусі і працуе ў дзяржаўных універсітэтах ці Акадэміі навук. У беларускай дзяржаўнай прапаганды вельмі абмежаваны інтэлектуальны і людскі рэсурс: выкарыстоўваецца невялікае кола людзей, якія паўтараюць адныя і тыя ж формулы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці