Чарговае папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў
Міністэрства інфармацыі Беларусі 29 лютага дадало ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсы, што належаць незалежным медыя. У пераліку сярод іншых з’явіліся мабільны дадатак «Радыё Свабода» і відэаролік, размешчаны на канале «Свабода Premium», Telegram-канал «Хай так TV», а таксама акаўнт у TikTok пад назвай «Обычное утро».

«Обычное утро» — гэта праект, які стваральнікі прэзентуюць як «Шоў для беларусаў», яго вядуць Канстанцін Каверын і Людміла Міласлаўская. Праект мае акаўнты ў розных сацсетках і мэсанджарах. Рашэннем суда Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ад 23 лютага акаўнт у TikTok пад назвай «Обычное утро» з ідэнтыфікатарам @usual_morning прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
Таксама, паводле абноўленага спісу на сайце Мінінфарма, 20 лютага суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкімі» Telegram-канал «Хай так TV» з ідэнтыфікатарам t.me/hajtaktv, акаўнт «hajtaktv» (ідэнтыфікатар www.instagram.com/hajtaktv) у Instagram і нават лагатыпы гэтых інтэрнэт-рэсурсаў — надпісы «ХАЙ ТАК TV» на жоўта-сінім фоне.
Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 21 лютага прызнаў «экстрэмісцкім» мабільны дадатак «Радыё Свабода» для прылад з аперацыйнай сістэмай IOS, размешчаны ў App Store.
А суд Расонскага раёна Віцебскай вобласці 22 лютага вырашыў, што «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» з’яўляецца відэаролік «Навошта Лукашэнку выбары і што рабіць апазыцыі», размешчаны на на YouTube-канале «Свабода Premium».