Папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх фармаванняў – «Гомельская вясна» з імем былой журналісткі Ларысы Шчыраковай
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь 9 жніўня прыняў адмысловае рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем» праваабарончай арганізацыі «Гомельская вясна», а таксама яе інфармацыйнага сайта і акаўнтаў у сацсетках і месенджарах.
У рашэнні КДБ гаворыцца, што «група грамадзян здзяйсняе экстрэмісцкую дзейнасць, у тым ліку праз інтэрнэт-рэсурсы, аб’яднаныя агульнай назвай «Гомельская вясна». Афіцыйная дата ўключэння ў пералік экстрэмісцкіх фармаванняў — 14 жніўня 2023 года.
Да інтэрнэт-рэсурсаў «Гомельскай вясны» аднесеныя: сайт «Гомельская вясна», Telegram-канал «Гомельская вясна», чат-бот @Homiel_Bot, профіль у Facebook «Гомельская вясна», а таксама афіляваныя старонкі ў «Одноклассниках» і на YouTube.
На сайце КДБ у апісальнай частцы рашэння насупраць праваабарончай арганізацыі «Гомельская вясна» значыцца імя былой гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай як адказнай асобы за згаданыя інтэрнэт-рэсурсы.
Акурат у гэтыя дні ў Гомельскім абласным судзе вядзецца разгляд крымінальнай справы супраць Шчыраковай. Следства звінаваціла яе ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1, 2 арт. 361–4 КК) і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт.369–1 КК). Такую кваліфікацыю падтрымала пракуратура. Судовы працэс зрабілі закрытым. Невядома, распаўсюд якіх нібыта ілжывых звестак пра Беларусь у сетцы Інтэрнэт ставяць у віну журналістцы. Гэтаксама як невядома, у чым выявілася яе «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Не выключана, што вышэйзгаданыя інфармацыйныя рэсурсы фігуруюць ў крымінальнай справе журналісткі і ўрэшце стануць дадатковым аргументам у доказе віны падсуднай.
Дарэчы, Facebook-акаўнт «Гомельская вясна» на падставе рашэння Ленінскага суда Брэста яшчэ 8 чэрвеня 2023 быў унесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Нагадаем, Ларысу Шчыракову затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе доме. З таго часу жанчыну ўтрымліваюць пад вартай у следчым ізалятары. На момант затрымання Ларыса ўжо адышла ад журналісцкай працы, была прадпрымальнікам, аказвала фотапаслугі гамельчукам з выкарыстаннем нацыянальных строяў з багатай асабістай калекцыі. Першапачаткова Шчыракову вінавацілі толькі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», а пасля следства дадало яшчэ і «экстрэмісцкі» артыкул, паводле якога санкцыі больш жорсткія — да 7 гадоў зняволення.
Пасля затрымання журналісткі яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Сына Ларыса расціла адна, бо з мужам даўно ў разводзе. Служба апекі не дазваляла забраць Святаслава ні дзядулі, ні іншым сваякам. З прытулку падлетка забраў бацька. Па выкліку сваякоў ён адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірску, дзе працяглы час жыў асобна.
За кратамі ў красавіку Ларыса Шчыракова сустрэла і сваё 50-годдзе. У тым жа месяцы памерла яе маці, але на пахаванне Ларыса не прысутнічала.
Чытайце яшчэ:
Гомельскай журналістцы не аддаюць зроблены беларускі пашпарт у пасольстве РБ у Нямеччыне
«У калоніі дапамагаў іншым зняволеным, але непублічна, таемна». Інтэрв’ю Леаніда Судаленкі для БАЖ
Паэтка Сабіна Брыло: «Я не прызнаю за рускай мовай віны і не прызначаю ёй пакараньня»