Папаўненне «экстрэмісцкага спісу» Мінінфарма: старонкі Асацыяцыі палітвязняў Беларусі, YouTube-канал «Беларусь за МКАДом»
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 19 ліпеня сярод шэрагу іншых інтэрнэт-рэсурсаў былі ўключаныя YouTube-канал «Беларусь за МКАДом», старонкі Асацыяцыі палітвязняў Беларусі, Telegram-канал Blackmap Belarus.
YouTube-канал «Беларусь за МКАДом» (ідэнтыфікатар youtube.com/@by_za_mkadom), які расказвае пра навіны беларускіх рэгіёнаў, абвешчаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй 17 ліпеня. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Telegram-канал і Telegram-чат гэтага праекта былі прызнаны «экстрэмісцкім» яшчэ ў снежні 2021 года. Тады рашэнне прымаў суд Маскоўскага раёна Мінска.
16 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» Telegram-канал Blackmap Belarus (ідэнтыфікатар t.me/blackmap_belarus). Гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў праекта «Чорная мапа Беларусі», у межах якога збіраліся звесткі пра сілавыя структуры, асобаў, якія ўдзельнічалі ў падаўленні пратэстаў у 2020 годзе, а таксама пра грамадзян, якія скардзіліся ў міліцыю на пратэстоўцаў.
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва ад 15 ліпеня «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны шэраг інтэрнэт-рэсурсаў Асацыяцыі Палiтвязняў Беларусі. Гэта
- сайт ініцыятывы apbel.com,
- Facebook-акаўнт (ідэнтыфікатар facebook.com/AssosciationofPolitalPrisonersofBelarus/),
- YouTube-канал (ідэнтыфікатар youtube.com/@foundpolital).
Напярэдадні, 18 ліпеня, стала вядома, што Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфармацыі абмежавала доступ да сайта Асацыяцыі палітвязняў Беларусі. Блакіроўка інтэрнэт-старонкі apbel.com адбылася на патрабаванне пракурора Магілёўскай вобласці.