Памёр відэааператар Сяргей Чырык
Памёр відэааператар Сяргей Чырык, паведаміў у фэйсбуку палітык і грамадскі актывіст Сяргей Марцалеў. Гэта адбылося 15 снежня. Сяргею Чырыку было 64 гады.
«Усе, хто ў 90‑я меў дачыненне да палітыкі ці СМІ, памятаюць чалавека з прафесійнай камерай. У яго захаваўся ўнікальны архіў пра тыя няпростыя для Беларусі часы. Вечная памяць Сяргею. Хай і пішу гэта запознена», — напісаў Марцалеў.
«Ён быў сапраўдным летапісцам падзеяў нашага часу. Жыццё было не надта справядлівым да яго. У Сяргея багаты архіў. Далёка не ўсё ён паспеў перавесці на цыфру», — напісала ў Facebook журналістка Любоў Лунёва. «Усё мог знайсці, столькі памятаў пра тыя падзеі. Светлую памяць пра сябе пакінуў у фота- і відэаздымках. Колькі ён мог распавесці! Колькі народу яго ведае! Як жа гэта несправядліва».
Сяргей Чырык не меў адмысловай адукацыі відэааператара, але зняў сотні рознафарматных стужак з хронікай знакавых падзеяў найноўшай гісторыі Беларусі. Утварэнне БНФ, першыя святкаванні Дня Волі, Дзядоў, Дня вайсковай славы, курапацкія і чарнобыльскія шэсці, пратэсты мінскіх рабочых і візіт Біла Клінтана — усё адлюстравалася на ягоных стужках, піша «Наша Ніва».