Памёр пісьменнік і даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў
Зранку 17 сьнежня пайшоў з жыцьця Леанід Маракоў. Маракову было 58 год.
Развітанне з Леанідам Мараковым - ў панядзелак у Саборы Пятра і Паўла
У яго была пухліна галаўнога мозгу. Па словах сына Маракова, пухліна была прычынай таго, што на пачатку году Леанід перажыў інсульт.
Леанід Маракоў нарадзіўся ў 1958 годзе. Па прафэсіі інжынэр-радыёэлектронік. У 1990‑я ён стаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі паэта Валера Маракова, які быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году. Вынікам працы стала маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі — падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-тамовы энцыкляпэдычны даведнік пад назвай «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991». Агулам сабраныя зьвесткі пра 20 тысяч ахвяраў.
Маракоў выдаў таксама дакумэнтальны досьлед «Ахвяры і карнікі», дзе прыводзіць біяграфіі ахвяраў і тых, хто датычны да рэпрэсіяў у Беларусі. Асобна выйшла кніга, дзе сабраныя зьвесткі пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных сьвятароў.
Леанід Маракоў таксама вядомы сваімі літаратурнымі творамі, аўтар некалькіх кніг. У 2014 годзе выйшла ягоная манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880–1940».