Памятаеце справу аб праслухоўванні журналістаў у 2015‑м? КДБ адмаўляецца паведаміць, чым скончылася гісторыя
29 кастрычніка 2015 года інфармагенцтва БЕЛТА са спасылкай на КДБ Беларусі паведамляла пра затрыманне злачыннай групы, чальцы якой тры гады праслухоўвалі памяшканні, тэлефонныя перамовы Skype, Viber і WhatsApp дзяржаўных чыноўнікаў, супрацоўнікаў МУС, МНС, а таксама журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.
Тады многія людзі называлі інфармацыю сенсацыяй і чакалі гучнага судовага працэсу над затрыманымі, змешчанымі ў СІЗА. Аднак больш чым праз год даведацца, на якім этапе знаходзіцца расследаванне і ці сапраўды злачынцаў чакае суд, так і не ўдалося.
Першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сергяенка ў адказе на зварот ГА “БАЖ” паведаміў, што дадзеныя папярэдняга следства не распаўсюджваюцца.
Паведаміць хоць нейкія акалічнасці справы адмовіўся па тэлефоне і афіцыйны прадстаўніка камітэта Дзмітрый Пабяржын. У сувязі з гэтым некаторыя эксперты мяркуюць, што гучная справа можа так і не дайсці да суда. У любым выпадку ГА “БАЖ” будзе сачыць за гісторыяй.