Віталю Каракорскаму было 66 гадоў, прычыны смерці не называюць, дадае «Белсат».
Віталь Каракорскі нарадзіўся 2 студзеня 1958 года ў Бабруйску. Пасля таго як скончыў сярэднюю школу, з’ехаў вучыцца ў Літву, паступіў у Шавельскі педагагічны ўніверсітэт, затым у Віленскі. Вяртаўся ў Беларусь, дзе вучыўся ў БДУ. Пасля працаваў у бабруйскім Драматычным тэатры. Ад 1990 года жыў у Вільні.
Працаваў на літоўскім радыё і тэлебачанні, стварыў тэлешоу пра літоўскіх габрэяў, праграмы пра беларусаў і расейцаў у Літве, быў аўтарам шэрагу дакументальных фільмаў. Быў таксама старшынём Калегіі этнічнай журналістыкі Літвы, сябрам Рады габрэйскай супольнасці, старшынём Рады ў справах нацыянальных меншасцяў і эміграцыі.
Віталь Каракорскі браў удзел у беларускіх медыйных праектах у Літве, спрычыняўся да беларускай грамадскай дзейнасці, быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Свайму роднаму гораду Бабруйску Віталь Каракорскі прысвяціў тры эсэ, якія зачытваў у перадачах беларускай службы Радыё Свабода: «Бабруйск. 1960‑я. Эсэ пра дзяцінства», «Біржа эмігрантаў», «Бабруйская багема».
Не аднойчы выступаў на хвалях Радыё Свабода як эксперт у справах пашырэння NATO на ўсход, ізраільска-палестынскага канфлікту, суду над камунізмам, халакосту ў Беларусі — «Ці адказныя беларусы за галакост?» ды іншых.