Памёр генеральны сакратар міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крыстоф Дэлуар
У суботу, 8 чэрвеня 2024, ў Парыжы памёр генеральны сакратар міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крыстоф Дэлуар. Яму было 53 гады. Ён кіраваў арганізацыяй 12 год.
Прычынай яго смерці стала анкалагічнае захворванне, паведамляецца на сайце арганізацыі.
«Крыстоф Дэлуар быў нястомным абаронцам свабоды, незалежнасці і плюралізму журналістыкі на ўсіх кантынентах ва ўмовах інфармацыйнага хаосу. Журналістыка была справай яго жыцця, і ён змагаўся з непахіснай перакананасцю», — піша RSF.
Дэлуар пачынаў як палітычны журналіст і расследавальнік у штотыднёвіку Le Point, быў рэдактарам у выдавецтве «Фламарыён» і дырэктарам Цэнтра падрыхтоўкі журналістаў.
У 2012 годзе Дэлуар узначаліў арганізацыю «Рэпарцёры без межаў» — гэта міжнародны саюз журналістаў, які займаецца барацьбой з цэнзурай і за свабоду прэсы. Пад яго кіраўніцтвам RSF адкрылі аддзяленні ў Лондане, Рыа-дэ-Жанейра, Тайбэі і Дакары. Цяпер у арганізацыі 13 офісаў па ўсім свеце, а таксама прадстаўнікі і карэспандэнты ў 130 краінах. Пры ім была сфарміравана Камісія па інфармацыі і дэмакратыі, якая займаецца пытаннямі гарантый дэмакратыі ў лічбавай прасторы.