Памерла 29-гадовая рэжысёр Любоў Зямцова, што трапіла ў аварыю пад Пухавічамі
Сёння раніцай у рэанімацыі памерла рэжысёрка праекта "Невядомая Беларусь" Любоў Зямцова. Тыдзень таму каманда праекта трапіла ў аўтакатастрофу. Яны здымалі фільм пра валанцёраў, якія дапамагаюць дактарам змагацца з каранавірусам.
Любоў Зямцова — беларуская дакументалістка. Яна скончыла школу Waida School Doc Pro ў Варшаве. Яе фільмы ўдзельнічалі ў такіх кінафестывалях, як Astra Film Festival, Артдоксфэст, Watch Docs Belarus і іншых.
У апошні час Любоў Зямцова працавала над серыялам «Невядомая Беларусь» для тэлеканала «Настоящее время».
14 мая па дарозе з Гомеля ў Мінск у аварыю трапіла група дакументалістаў: загінулі рэжысёр Уладзімір Міхайлоўскі і мастак-гукарэжысёр Максім Гаўрыленка. Любоў Зямцова трапіла ў крытычным стане ў рэанімацыю. У Гомелі дакументалісты здымалі фільм пра тое, як валанцёры дапамагаюць медыкам у барацьбе з каранавірусам.