Палітзняволенаму журналісту Андрэю Пачобуту працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на 3 месяцы
Нагадаем, Андрэй быў затрыманы ў сакавіку па так званай «справе палякаў».
Палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут будзе знаходзіцца за кратамі яшчэ 3 месяцы, піша «Вясна». Раней ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, а таксама адмовіўся выяжджаць у Польшчу.
Вядома, што ў турме Пачобут захварэў на COVID-19, акрамя таго, ён мае праблемы з сэрцам.
Андрэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў медыцынскім унівэрсітэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадскі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных газетах Гродна «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газеце «Народная воля», газеце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з‑над Нёмана»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, звязанымі з гісторыяй спецслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.
Панк, шахматыст, сядзеў за абразу Лукашэнкі: хто такі Андрэй Пачобут, якога затрымалі за «распальванне нацыянальнай варажнечы»
10 сакавіка сілавікі завялі крымінальную справу за правядзенне мерапрыемства ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазней стала вядома пра вобшукі ў Лідзе, Ваўкавыску і затрыманнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай. 23 сакавіка ў Гродне затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні, 25 сакавіка, — Андрэя Пачобута. Дома ў Пачобута адбыўся вобшук, а журналіста затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генеральная пракуратура завяла «за распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.
Усіх арыштаваных у «Польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.