• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Праз тры гады здаюць псіхіка і цела». Беларускія журналісткі расказалі, што перажываюць за кратамі палітзняволеныя жанчыны

    З якімі складанасцямі сутыкаюцца палітзняволеныя беларускі? Чаму пратэст у турме фізічна небяспечны? Як дапамагчы жанчынам за кратамі?

    Гэтыя пытанні абмяркоўвалі падчас дыскусіі «Цэнтра новых ідэй» былая рэдактарка TUT.BY, палітзняволеная, а цяпер заснавальніца медыяпраекту «План Б» Вольга Лойка і журналістка, аўтарка праекту «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

    Псіхалагічны шок

    Першае, што перажывае жанчына, калі трапляе за краты, – гэта псіхалагічны шок, кажа Вольга Лойка:

    «Чалавек, калі казаць пра палітвязняў, звычайна не чакае, што да яго прыйдуць – і ён трапіць у турму. Нават тыя, хто кажа, што былі гатовыя і чакалі, насамрэч гатовыя не былі і былі ўпэўненыя, што іх гэта неяк абыдзе».

    Далей пачынаюцца побытавыя праблемы. Найбольш сур’ёзныя ў ІЧУ, адзначае Вольга. У прыватнасці, там немагчыма спаць.

    «Пра гэта кажа мой досвед і маіх калегаў – спаць нікому не ўдавалася. Прынамсі калі сядзіш трое содняў. Напэўна, калі даўжэй, арганізм бярэ сваё. Але ў любым выпадку гэта вельмі цяжка, бо няма матрацаў, вельмі халодна, адчыненыя вокны – трэба пастаянна хадзіць, каб сагрэцца», – згадвае былая палітзняволеная.

    У СІЗА з побытам крыху прасцей:

    «Так, цесна, пракураная камера. І, безумоўна, даволі складана прызвычаіцца мыцца нармальна раз на тыдзень. Але гэта ўсё ўспрымаецца як нязручнасць, а не як глабальная праблема. Пагатоў палітвязні былі ўжо тады ў 2021 годзе ў кожнай камеры, таму з побытам было прасцей: дзяліліся прадметамі гігіены, усімі асаблівасцямі побыту».

    «Адвальванне» сяброў, канфлікты з сям’ёй і сукамернікамі

    Самыя вялікія цяжкасці ў СІЗА, паводле Вольгі Лойкі, – гэта нявызначанасць і праблемы з вонкавымі сувязямі:

    «У лістах з сям’ёю часта здараюцца непаразуменні. Ты просіш штосьці перадаць, табе не перадаюць, а аказваецца, што ліст не дайшоў. Ці абвінавачванні з боку сям’і, што самі вінаватыя, самі нарваліся, навошта вам гэта спатрэбілася і да таго падобнае. Такія сваякі, напэўна, у кожнага былі. Мне пашчасціла, што ў мяне не было. Але я бачыла, як цяжка дзеўчынам, якіх хоць хтосьці з сям’і не падтрымліваў. Табе цяжка, што ты ніяк не можаш паўплываць на тое, што адбываецца ўдома. Ты разумееш, што твой крэдыт няма каму плаціць, што тваіх дзяцей няма каму вадзіць у школу, мама не ідзе да доктара, бо яна ў стрэсе праз тое, што ты ў турме. Такія побытавыя праблемы ўва ўсіх, і яны вельмі моцна падкошваюць».

    Потым пачынаюць «адвальвацца» сябры, сямейнікі. Шмат хто трымаецца пару месяцаў, а потым хтосьці стаміўся, хтосьці выгараў, у некага свае праблемы, хтосьці з’ехаў. Далей дадаецца праблема ўнутраных дачыненняў, да якой складана прызвычаіцца.

    «У нас малюецца вобраз, што там сядзяць прасветленыя свядомыя людзі, якія любяць падыскутаваць пра лёсы радзімы. Але як мінімум палова там – цалкам сур’ёзныя злачынцы. Жанчыны ў стане крайняга стрэсу, – зазначае журналістка. – У мяне тры сукамерніцы, напрыклад, паехалі ў калонію на 13, 16 і 18 гадоў не праз палітыку. Можна сабе ўявіць, у якім настроі сядзіць 30-гадовая жанчына, якая пакінула ўдома дзіця і якой свеціць да 25 гадоў. Яна як мінімум канфліктная, нервовая, у яе мільён праблемаў, яна патрабуе дапамогі, ёй не да далікатнасці і нейкіх правілаў паводзінаў у калектыве. Таму скандалы і канфлікты частыя, жыць у гэтым даволі складана».

    «Добра трымаюцца першыя 5–7 месяцаў»

    Вольга Лойка называе міфамі аповеды пра тое, як хтосьці прадуктыўна чытаў ці вучыў замежную мову ў зняволенні:

    «Я таксама там шмат чытала, але якасць чытання і прадуктыўнасць, калі побач з табою сядзяць яшчэ сямёра чалавек, з іх чацвёра глядзяць тэлевізар, двое сварацца і пяцёра пры гэтым кураць, зніжаецца».

    Яшчэ адна праблема, з якою сутыкаюцца палітзняволеныя, – падставы і спробы выкарыстаць «сядзельцаў» у сваіх мэтах як з боку сукамернікаў, гэтак і з боку персаналу.

    «Мне калегі апавядалі, што ў камеры быў тэлефон і можна было патэлефанаваць, – прыгадвае журналістка. – Але калі хтосьці здолеў пранесці ў камеру тэлефон, значыць, з верагоднасцю 99 % аператыўнаму супрацоўніку СІЗА трэба, каб вы праз гэты тэлефон некуды патэлефанавалі. Бо там не бывае такога, каб людзі свабодна карысталіся тэлефонамі. І калі нейкі «добры» чалавек з вамі дзеліцца, значыць, з вялікаю верагоднасцю, у гэтым ёсць нейкі схаваны сэнс, гэта можа быць небяспечна. Таму патрэбныя ўважлівасць і пастаянная напружанасць».

    Галоўная рэдактарка выдання «Plan B.» Вольга Лойка. Фота: planbmedia.io

    Паводле Вольгі, у СІЗА ў атмасферы няпэўнасці людзі добра трымаюцца першыя 5–7 месяцаў. Складаней становіцца, калі разумееш, што гэта «гульня ў доўгую».

    «Многія з тых, хто распавядае бадзёрыя гісторыі, як для іх быў карысны гэты досвед і што яны недарма гэтак пацярпелі, звычайна даволі хутка атрымалі прысуд, не звязаны з пазбаўленнем волі. Бо адна рэч, калі ў цябе ўжо праз месяц справа ідзе ў суд, ты ведаеш артыкул, вілку тэрмінаў. Іншая рэч, калі ідуць месяцы, і ты не разумееш, куды гэта ўсё ідзе, цябе не дапытваюць, нічога не адбываецца, удома ўсё сыплецца, ты губляеш працу, прафесію, здароўе і нічога не зразумела – які табе свеціць тэрмін, чаго ад цябе хочуць. Тут шмат у каго нервы пачынаюць здаваць. Я не ведаю нікога, хто б доўга вытрываў энергічную пазіцыю, што ўсё мае сэнс і мы цярпім за добрую справу», – кажа былая палітзняволеная.

    «Вашым імем назавуць вуліцу»

    У такой сітуацыі важнае падтрыманне і адваката, і сваякоў, але не трэба гераізаваць досведу зняволенага, зазначае Вольга:

    «У лістах пісалі «затое вашым імем вуліцу назавуць». На гэтым месцы проста сур’ёзна «бамбіла». Бо дзякуй, вядома, але ўсё ж такі хочацца жыць, бачыцца з сям’ёй і фізічна адчуваць сябе больш-менш нармальна. Не ўсе хочуць быць героямі, не ўсіх гэта натхняе. Калі ты сядзіш без перадачаў, у цябе штосьці баліць, цьмяныя перспектывы, гэтая гераізацыя вельмі раздражняе».

    Яўгенія Доўгая, якая шмат камунікуе з былымі палітзняволенымі жанчынамі ды іхнымі сваякамі, апавяла пра новы від катаванняў, што апошнім часам рэгулярна ўжываецца ў дачыненні беларусак за кратамі. Гэта пазбаўленне бацькоўскіх правоў ці пагрозы зрабіць гэта.

    «У калонію прыходзіць пракурор з лістом, што жанчына трапляе пад Дэкрэт № 18 і яе пазбавяць бацькоўскіх правоў, дзяцей адправяць у прытулак ці іх будзе глядзець хтосьці са сваякоў, – апавядае Яўгенія. – Гэтым часта ціснуць, прымушаючы жанчын пісаць прашэнні аб памілаванні. І жанчына потым выйдзе з вялізным доўгам па аліментах. З таго, што я чула, гэта цяпер новы від катаванняў».

    Акрамя таго, жанчын працягваюць катаваць артыкулам 411 Крымінальнага кодэксу, паводле якога судзяць за нібыта парушэнне правілаў унутранага распарадку, і гэтак тэрмін зняволення расцягваецца ў бясконцасць. Найбольш вядомая гісторыя Паліны Шарэнды-Панасюк, якую двойчы судзілі паводле 411 артыкулу. Але такіх выпадкаў шмат, кажа аўтарка «Палітвязынкі». Тэрмін зняволення працягвалі Вользе Маёравай, Алене Гнаўк, Вікторыі Кульшы.

    «Вікторыя перадавала на волю такія словы: «Мне падаецца, што я ніколі адсюль не выйду, і добра, калі выйду з інваліднасцю. Галоўнае, каб я не памерла тут», – зазначае Яўгенія.

    «Чаму я мушу праз гэта ўсё прайсці, а не павесіцца проста цяпер?»

    Вольга Лойка думае, што гісторыя Паліны Шарэнды-Панасюк можа паўтарыцца, і паводле 411 артыкулу могуць працягнуць тэрмін тым жанчынам, якія ўжо вось-вось мусяць выйсці на волю:

    «411 артыкул – гэта сапраўды страшна. Тут паказальная гісторыя Змітра Дашкевіча, які ў дзень, калі ён ужо рыхтаваўся да волі і ведаў, што яго чакае сям’я, даведаўся, што яму дадаюць яшчэ год. Я не ведаю, як тут вытрымліваюць нервы ў «сядзельцаў» ды іхных сем’яў».

    Вольга бачыла ў СІЗА стан асобаў, якім працягвалі тэрмін утрымання пад вартаю ці дадавалі артыкулы:

    «Праз палітыку пры гэтым было крыху іншае адчуванне. Табе маглі даць 5 гадоў ці 12, але было разуменне, што гэта можа скончыцца ў любы момант. А калі маладой жанчыне 24 гадоў паводле 328 артыкулу спачатку следства ідзе па 4‑й частцы, а потым – 5‑й, а там зняволенне да 25 гадоў, чалавек упадае ў ступар і кажа: растлумачце, чаму я мушу праз усё гэта прайсці, а не павесіцца проста цяпер? Хоць у СІЗА самазабіцца не ўдасца, нягледзячы на тое, што там спрабуюць гэта зрабіць сапраўды часта. Але калі 25 гадоў паводле артыкулу, у якім немагчымае УДВ ці амністыя, сапраўды ўзнікае пытанне: навошта? Каб потым у 50 гадоў выйсці без нічога?»

    «Прызнаць віну – не слабасць, а спроба ацалець»

    Вольга раіць не ладзіць у месцах зняволення пратэсту і не парушаць правілаў распарадку з прынцыпу:

    «Я ведаю жанчын, якія казалі: я не буду гасіць штрафу, я ні ў чым не вінаватая. А потым з калоніі прыходзіць ліст: знайдзіце магчымасць пагасіць штраф, гэта пытанне жыцця і смерці. То бок чалавеку фізічна не давалі там выжыць. Таму прызнаць сваю віну – гэта не слабасць, а спроба ацалець. Бо ператварыць тваё жыццё ў пекла ў турме вельмі лёгка. Яшчэ казалі, маўляў, я не буду казаць «здравствуйте, гражданин начальник» і хадзіць з рукамі за спінай. Але ўсе хутка разумеюць, што гэта пратэст з нулявым сэнсам, бо ты адразу едзеш у карцар, дзе немагчыма заставацца. Тут важныя адвакат і сукамерніцы, якія растлумачаць, што так рабіць не трэба, гэта 411 артыкул на роўным месцы і можа быць фізічна небяспечна».

    Дасюль у месцах зняволення ўсё вельмі складана з лістамі: перадаюць толькі ад сваякоў, казалі на канферэнцыі выступоўцы. У жанчыны за кратамі псуецца здароўе. Хто вызваліўся, апавялі пра стан Марыі Калеснікавай, зазначае Яўгенія:

    «Некалькі чалавек казалі, што ў Марыі вельмі моцныя праблемы са здароўем, у прыватнасці высокі ціск, ёй не надаюць медычнай дапамогі, яна аслабленая. Таксама апавядалі, што Кацярына Андрэева цярпіць на алергію. Была інфармацыя пра Вольгу Саламенік, асуджаную таксама паводле артыкулу «Здрада дзяржаве», што яна там вельмі хварэе, часта непрытомнее. Таксама моцна хварэе Марфа Рабкова, у яе праблемы з усім арганізмам».

    Як дапамагаць палітзняволеным жанчынам?

    Паводле Яўгеніі, часцей аб праблемах са здароўем кажуць тыя, хто сядзіць ужо тры гады і больш:

    «Я чытала даследаванні, што псіхіка і цела пачынаюць здаваць пасля трэцяга года. Таксама я бачу, што гэтак жа ўсё больш хварэюць сваякі вязняў».

    Вельмі важна дапамагаць палітычным вязням ды іхным сем’ям і працягваць гэта рабіць нават ва ўмовах, калі дзяржава спрабуе запужаць, кажуць Вольга Лойка і Яўгенія Доўгая. Пры гэтым трэба прапаноўваць канкрэтную дапамогу.

    Журналістка, аўтарка праекту «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая. Фота: Белсат

    «Чалавек можа адмовіцца спачатку ад дапамогі, сказаць, што сам справіцца, напрыклад. Тады прапануйце праз некаторы час яшчэ, – кажа Вольга. – Бо сям’я хутка зразумее, якія вялізныя рэсурсы патрэбныя. Напрыклад, улетку трэба 2–3 перадачы на тыдзень, каб былі свежыя прадукты, бо ў СІЗА іх захоўваць няма дзе. Вельмі дарагі адвакат: адзін паход у СІЗА каштуе 400 рублёў, за азнаямленне са справаю трэба заплаціць, потым суд – гэта вялізныя расходы. Таму нават калі вам адмовілі, вярніцеся праз некаторы час з прапановаю дапамогі і канкрэтызуйце яе».

    «Калі вы баіцеся дапамагаць менавіта «сядзельцу», можна дапамагаць ягоным дзецям – купіць нейкі падарунак ці аплаціць гурткі», – дадае Яўгенія Доўгая.

    Паляпшэнне ўмоваў у турмах – тэма, пра якую трэба казаць

    Паводле аўтаркі «Палітвязынкі», у цяперашніх умовах, калі дэмакратычныя сілы Беларусі наўрад ці могуць зрабіць шмат для вызвалення людзей, варта казаць пра паляпшэнне ўмоваў іхнага ўтрымання:

    «Менавіта праз кепскія ўмовы, жорсткі прэсінг, пазбаўленне ўсяго людзі паміраюць. Мне падаецца, вылучэнне на парадак дня паляпшэння ўмоваў – гэта больш рэальнае рашэнне, чымся вызваленне».

    З Яўгеніяй пагаджаецца Вольга Лойка:

    «Напрыклад, інкамунікада. Я не ўяўляю, у якім жаху сядзяць людзі, калі год не ведаюць, што адбываецца з іхнымі сваякамі. Магчыма, думаюць, мо ў мяне ўжо і сваякоў ніякіх няма. Гэтак жа думаюць сваякі на волі. Гэта проста страта сябе ў часе і прасторы. Таму паляпшэнне ўмоваў – гэта сапраўды тэма, якую важна падымаць».

    Таксама Вольга звяртаецца да тых, хто хоча дапамагчы палітвязням, якія выходзяць з турмаў, і раяць як мага хутчэй з’язджаць з Беларусі. Паводле журналісткі, не трэба шмат разоў паўтараць «з’язджай», варта прапанаваць канкрэтную дапамогу.

    «Наважыцца з’ехаць таму, хто адсядзеў, вельмі складана. Чалавек кажа, я ўжо адцярпеў, чаму я мушу некуды ехаць. А тым часам працягваецца ціск – заставацца небяспечна. Таму кажыце прадметна, якую дапамогу вы можаце надаць за мяжою», – рэзюмуе былая палітзняволеная.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці