Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына змясцілі ў ШІЗА
Журналіста Дзяніса Івашына адправілі ў ШІЗА турмы №8 у Жодзіна. Верагодна, там ён сустрэў свой 45-гадовы юбілей. Сувязі з палітвязням няма ўжо амаль тры тыдні.
Пра пакаранне Дзяніса Івашына з уласных крыніц даведаўся актывіст Вітаўт Сіўчык — сімвалічны «хросны» журналіста.
Паводле дадзеных Сіўчыка, Івашына змясцілі у ШІЗА 21 траўня 2024 года на 10 сутак. 31 траўня тэрмін пакарання павінен быў скончыцца, але сувязі з палітвязнем дагэтуль няма. Таму Вітаўт Сіўчык выказвае згадку, што журанілст па-ранейшаму застаецца ў ШІЗА і, верагодна, там і сустрэў сваё 45-годдзе 6 чэрвеня.
Фармальная прычына пакарання, паводле крыніцы, — гэта непадпарадкаванне адміністрацыі. «Насамрэч палітзняволенага журналіста спрабавалі перавесці ў іншую камэру, дзе, з вялікай імавернасцю, знаходзіўся чалавек “з нізкім статусам”. Дзяніс адмовіўся туды заходзіць», — тлумачыць Сіўчык.
«Нагодай для пераводу нібыта стала расфарміраванне СІЗА‑1 на Валадарскага, і этап часткі вязняў з Пішчалаўскага замку ў Жодзіна. Але камера, у якой Дзяніс Івашын перабываў дагэтуль, не мае новых «жыхароў». Можна зрабіць выснову, што тэму пераводу проста выкарысталі, каб напярэдадні дня народзінаў адправіць Дзяніса ў катавальню карцара».
Раней жонка Дзяніса Вольга Івашына паведамляла, што лісты ад мужа перасталі прыходзіць ад 20 траўня.
«Падаецца, нашага ваяра намагаюцца псіхалагічна выбіць з раўнавагі, зламаць чарговымі катаваннямі», — напісала яна.
Дзяніса неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА ў Магілёўскай калоніі, а ў 2021 годзе падчас знаходжання ў карцары Гарадзенскага СІЗА ў палітвязня здарыўся сардэчны прыступ.
Журналіст асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц зняволення за сваю прафесійную дзейнасць.