• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітвязні ў кіно: гродзенскі прагляд

    Фільм пад назвай “Паралелі. Такое рознае падабенства” паказалі гродзенцам  ў Цэнтры гарадскога жыцця 30 верасня.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/kino1.jpg

    Над фільмам, што паказвае падобныя гісторыі жанчын-палітвязняў  з розніцай амаль у 60 гадоў працавалі амаль 20 гадоў. Пра гісторыю стварэння кінастужкі распавядае рэжысёр Віктар Корзун:

    — Дзесьці з 1996 года мы рабілі архіўныя запісы былых палітвязняў саветскіх часоў. Запісвалі гэтых людзей ледзь не да 2014 года. А пасля 2010 года запісвалі ўжо маладых сучасных палітвязняў. Рэдагуючы архіўныя запісы я заўважыў, што вельмі просіцца паставіць побач дзве гісторыі. Супаставіць сённяшнія падзеі, расповеды з перажываннямі палітвязняў савецкага часу. Так атрымалася, што з розніцай ў гадоў пяцьдзесят. І ўзросты былі падобныя ў дзвюх кабет, і самі расповеды неяк рыфмаваліся.

    Віктар Корзун падкрэсліў, што асноўнай цяжкасцю пры здымках фільма былі ў тым, што і мінулыя, і сучасныя палітвязні не даюць інтэрв’ю на кожным кроку. Падступіцца да іх вельмі складана:

    —  Але ў нас былі добрыя рэкамендацыі, паколькі мы з 96 года запісвалі іх жа, то былі добра знаёмыя. А некаторыя так і не далі нам інтэрв’ю, бо баяцца ўжо не за сябе, а за дзяцей ці нават унукаў. Яны адчуваюць, што лепш перастрахавацца. Страх застаўся з савецкіх часоў.

    Прадзюсарам фільма выступіла рок-спявачка і журналістка Кася Камоцкая. Паводле яе слоў,  пры падрыхтоўцы фільма “Паралелі. Такое рознае падабенства” ўзніклі цяжкасці з савецкай хронікай, якая таксама ёсць у гэтай кінастужцы.

    — Хранікальныя здымкі ў нас абмежаваныя, і могуць быць цяжкасці з выкупам хронікі. Я была таксама інтэрв’юерам у гэтым кіно і цяжка было пачынаць размову з людзьмі сталага веку. Я не ведала наколькі можна, так бы мовіць, “лезці ў душу”, а гэтыя людзі не пускаюць у сваё жыццё чужых. Напэўна там ужо моцна напаскудзілі ў гэтай душы. Вось гэта была складанасць. Не схлушу: калі казала, што я Кася Камоцкая – і яны ведалі мае песні – гэта давала мне магчымасць шчыра, па-чалавечы размаўляць. Бо людзі нават сваім дзецям не распавядалі, што яны сядзелі “за савецкім часам” за патрыятычныя перакананні.

    Аздабленнем імпрэзы стаў невялікі канцэрт Касі Камоцкай, якая выканала некалькі песень з “Народнага альбома” і з рэпертуару гурта “Новае Неба”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці