• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Толькі сям-там з вады ў Нароўлі тырчалі кроны дубоў»: Малавядомыя факты з успамінаў шляхты пра палац і сям’ю Горватаў

    “Нароўля! – У маіх успамінах гэта самае прыгожае і мілае месца на Зямлі …”  Так успамінае Нароўлю Анджэй Раствароўскі – нашчадак польскага шляхецкага роду Раствароўскіх, сын таленавітага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. У сваіх успамінах, якія ў 2001 годзе ў Польшчы выйшлі асобнай кнігай, ён апісвае жыццё ў палацы Горватаў, а таксама атмасферу Рудакова, Хойнікаў ды некаторых іншых мясцовасцей сучаснай Гомельшчыны. Мова Гомель прапануе пагартаць старонкі гэтай кнігі.

    Палац Горватаў Нароўля 1910-я гады

    Палац Горватаў у Нароўлі, паміж 1915 і 1917 г., Mińszczyz­na w zbio­rach Stanisława bar. Dangla. Muse­um Toma­to­rum

    З чаго ўсё пачалося

    Таленавіты польскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі (1860 ‑1928) быў адным з вядучых архітэктараў літоўска-беларускіх зямель канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў, выбітным дызайнерам і мастаком.

    Дзякуючы яму паўстаў шэраг палацаў і на землях сучаснай Беларусі. Сярод іх – мураваны палац Ваньковічаў у Рудакове. Таксама Тадэвуш Раствароўскі працаваў над інтэр’ерамі ў сядзібе Горватаў у Нароўлі.

    Нароўля Тадэвуш Раствароўскі

    Тадэвуш Раствароўскі, да 1917 г., фота з кнігі Ros­t­worows­ki, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspom­nienia Kre­sowe

    Тадэвуш Раствароўскі, продкі якога валодалі маёнткам Кавалеўшчына каля Тыкоціна на Падляшшы, ажаніўся з Сафіяй Аскерка, дачкой Аляксандра Аскеркі, аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання (уладальніка маёнтка ў Рудакове Рэчыцкага павета). Аляксандр Аскерка ў сваю чаргу меў сваяцкія сувязі з панамі Горватамі, у выніку чаго і Тадэвуш Раствароўскі бываў у Горватаў у Нароўлі, з якімі пасябраваў.

    Дзеці Тадэвуша, сын Анджэй і дачка Марыя-Ружа, нават некалькі гадоў выхоўваліся ў нараўлянскім палацы разам з маладымі Горватамі. Пазней у сваіх мемуарах Анджэй Раствароўскі (1899—1980) і напіша пра гады свайго шчаслівага дзяцінства.

    Вокладка кнігі ўспамінаў Анджэя Раствароўскага “Зямля, якую ўжо не пабачыш. Крэсавыя ўспаміны”

    Урыўкі з кнігі. палац і парк

    “Праз некалькі гадоў пасля нараджэння я выехаў з Вільні ў маёнтак у Нароўлі, які належаў дзядзьку Горвату, і ў асноўным там я выхоўваўся. Мой бацька пастаянна жыў у Вільні, дзе быў вядомым архітэктарам… Мама апекавалася сваёй сястрой Ядвігай Горватавай (цёткай Гусяй), якая хварэла на лёгкія, і часта ездзіла з ёй за мяжу… Дзеці, гэта значыць я і мая сястра Марыя-Ружа, якая на чатыры гады маладзейшая за мяне, і старэйшыя за мяне Горваты: Даніэль, васьмі гадоў, і Аляксандра (Оля), чатырох гадоў, засталіся ў Нароўлі пад апекай шматлікіх настаўнікаў, выхавацеляў і выкладчыкаў.

    Нароўля! – У маіх успамінах гэта самае прыгожае і мілае месца на Зямлі. Знаходзіцца на правым беразе ракі Прыпяць, у сарака кіламетрах ад Мазыра і прыкладна ў ста пяцідзесяці кіламетрах ад Кіева. Сапраўдны рай для дзяцей, калі ўлічыць, што дзядзька Эдзё (Эдвард Горват) вельмі любіў дзяцей і многае дазваляў, а яшчэ на многае глядзеў скрозь пальцы”.

    Не зважаючы на малы ўзрост, у якім Анджэй Раствароўскі прыбываў у Нароўлі, ён вельмі маляўніча апісвае палац Горватаў:

    – Прыгожы ампірны палац на дваццаць з нечым пакояў, двухпавярховы, стаяў на высокім беразе, метраў за сто ад ракі, так што з веранд і балконаў адкрываўся цудоўны від на Прыпяць, якая цякла велічна, шырокай дугой, а з другога боку — лугі, гэта значыць цудоўныя заліўныя лугі, парослыя рэдкімі дубамі і поўныя меншых і большых азёраў, багатыя на гарлачыкі, рыбу і, перш за ўсё, дзікіх качак. Вясной, калі Прыпяць разлівалася, яе шырыня дасягала пяці-шасці кіламетраў. Толькі сям-там з вады тырчалі кроны дубоў. Пасля таго, як вада сышла і сонца прыгрэла, усё месца раптам збялела ад незлічонай колькасці квітнеючых ландышаў!

    Нароўля палац Горватаў фантан

    Фантан перад заднім фасадам нараўлянскага палаца Горватаў, каля 1914 г., Mińszczyz­na w zbio­rach Stanisława bar. Dangla. Muse­um Toma­to­rum

     – Вакол палаца быў разбіты парк, памерам гектараў дваццаць і болей. У значнай частцы ён быў выдатна дагледжаны, упрыгожаны клумбамі, поўны чароўных куткоў, грабавых шэрагаў, груп дрэў, і з аднаго боку вёў у агароды з фруктамі і гароднінай, а з другога, праз аранжарэю, у сядзібу і гаспадарства. Гумно і стайні атачалі двор шырынёй амаль у кіламетр, пасярод якога знаходзіўся дом упраўляючага з канторай, акружаны з трох бакоў фруктовым садам і агародам. Была і высокая, цагляная вінакурня, каля якой таямнічая, часта задымленая вежа: вяндлярня, месца нашых экспедыцый і зборны пункт…

    – З боку ракі была так званая веранда, упрыгожаная двума цэментавымі сфінксамі памерам з самага вялікага быка. На супрацьлеглым баку быў ганак, або пад’езд, які ахоўвалі два бронзавыя львы звышнатуральнага памеру. Перад ганкам, на адлегласці каля шасцісот метраў, была прыгожая, стыльная ўязная брама, а пры ёй — дом. Жыў там даглядчык, цудоўны палескі селянін з вялізнай квадратнай барадой, якога звалі Лявон… За брамай цягнулася грунтавая дарога. Наўпрост ад брамы на два кіламетры цягнулася таполевая алея як гаспадарчая дарога да асобных палеткаў…

    Таксама Анджэй Раствароўскі падрабязна апісвае камунікацыю таго часу. Так, найбліжэйшай чыгуначнай станцыяй былі Каленкавічы (Калінкавічы) недалёка ад Мазыра. Калі патрэбныя былі коні, то трэба было загадзя дамаўляцца, тэлеграфаваць, але ў Нароўлі быў і тэлеграф, і пошта, дый тэлефоны ўжо меліся. Аднак часта плавалі па Прыпяці і Дняпры, бо караблі хадзілі рэгулярна: кожны дзень вялікі ў абодва бакі ў Мазыр і Кіеў, і кожны дзень невялікі, мясцовы, у Мазыр і назад. “Караблі былі чыстымі і дагледжанымі, з выдатнай ежай..”.

    Пра служачых у палацы

    – У кладоўцы кіравала “аптэчкова”, пані Ядвіга. Памятаю, што за маразільняй у форме храма стаяў гаспадарчы будынак, падобны да невялікага палаца ці флігеля… Гэты будынак быў “аптэчкай”. Ох, колькі слоікаў з варэннем, слоікаў з кампотамі, гліняных гаршкоў з мармалядам, бутэлек з сокамі, сыроў і сыркоў з фруктаў, сухафруктаў і цукатаў! А каланіяльныя тавары: разынкі, міндаль, арэхі, інжыр, фінікі – гэта былі толькі інгрэдыенты. Асобна на святы завозілі сухафрукты і арэхі. “Аптэчковай” таксама падлягала малочная гаспадарка для хатніх патрэб: малако, вяршкі (для кавы), смятана, масла, сыр і печыва, хлеб і булкі, свежыя кожныя некалькі дзён.

    Палац Горватаў рэшкі фантана

    Рэшткі фантана каля палаца Горватаў і ракі Прыпяць, 2017 г., tomkad.livejournal.com/345179.html

    – Вялікім сябрам дзяцей быў “гаёвы”, то бок ляснік Куліцкі. Ён жыў у глухім “чвараку” каля лесу. Ён быў аракулам ва ўсіх паляўнічых справах. Ён кіраваў паляваннем і ведаў, як высочваць звярыну, ведаў сцежкі, дрэсіроўку і кармленне сабак… Пасля кожнага буйнога зімовага палявання мы беглі да буфету назіраць за пэўным рытуалам. З вінакурні прывозілі вядро гарэлкі (напэўна, гэта быў неачышчаны спірт). Занёсшы звярыну ў маразільню, уваходзіў Куліцкі, змахваючы снег з чаравікаў, выпіваў адну за адной пяць-шэсць чарак гарэлкі, потым выціраў рот рукавом, мармытаў дзякуй і клаўся спаць на дваццаць чатыры гадзіны.

    – Сярод пастаянна занятых быў і мастак Мар’ян, які круглы год пісаў фрэскі, часцей за ўсё па ўзорах майго бацькі. Захапленнем дзядзькі Горвата… было пастаяннае ўпрыгожанне, размалёўка сцен маслам, напісанне выслоўяў і вершаў. У некаторых месцах малявалі чарцей і монстраў, а таксама прымаўкі: “Без прычыны не бывае наступстваў”, “Што сохне, тое рассыпаецца”. Гэта мела спрыяць паспяховаму вырашэнню пытанняў.

    Здарэнні

    Прыгадвае Анджэй Раствароўскі некаторыя здарэнні, якія называе характэрнымі для тых часоў і ваколіц. Так, да Нароўлі належаў сенапрасавальны завод, куды на працягу ўсяго лета звозілі сена з некалькіх тысяч гектараў лугоў. Затым машыны прэсавалі сена ў вялікія кубы, звязаныя дротам.

    – Гэтае першакласнае сена або грузілі на баржы — берлінкі — і па вадзе развозілі ў буйныя кавалерыйскія гарнізоны, або зімой на санях везлі на станцыю ці ў маёнтак. Дарога, з увагі на яе роўнасць і гладкасць, пралягала пераважна па рацэ, па лёдзе. Некалі ехаў такі транспарт – некалькі дзясяткаў вазоў, кожны з якіх цягнулі па два кані. Парабкі, каб было цяплей і весялей, сабраліся разам на адным з апошніх вазоў. Тым часам вада падмыла ў адным месцы дарогу, якая трэснула і першая пара коней пайшла пад лёд. Паколькі коні ўмеюць драмаць, ідучы доўгім шэрагам, за першым возам пайшоў другі, трэці і затрымалася гэта толькі на дзясятым. Памятаю вечаровую мітусню, калі парабкі паведамілі дзядзьку пра гэтую бяду.

    Горваты Ваньковічы палац у Нароўлі

    Аляксандра Горват, Эдвард Горват, Станіслаў Ваньковіч на балконе палаца ў Нароўлі падчас вяселля ў 1916 г., Ваньковічы/ Дэпартамент па архівах і справаводству

    Рэвалюцыя 1905 года

    – Памятаю вялізную карэту, запрэжаныя цудоўнай чацвёркай коней. Нас усіх, з дзясятак-другі чалавек, пагрузілі, а ззаду на вялікім, прыгожа выструганым слупе, вісеў чырвоны штандар вышынёй у некалькі метраў. Ехалі праз горад і назад з крыкамі “ура”. Праз некалькі дзён, увечары, зноў прыехала некалькі карэт, нас зноў пагрузілі ўсіх, плюс яшчэ з дзясятак пажылых людзей, усе ўзброеныя рознай агнястрэльнай зброяй, я з гонарам трымаў вялізны дуэльны пісталет, і мы рушылі ў цёмную ноч. Аказалася, што ў бок Барбарова. У Барбарове пасля нядоўгіх перамоў з ахоўнікам каля брамы, пад страшэнную страляніну, мы прыехалі пад дом. Мой пісталет прымаў актыўны ўдзел, страляючы, што праўда, толькі сляпымі. Кажуць, дзядзьку Алеся пасля з цяжкасцю выцягнулі з‑пад канапы ў гасцінай.

    Рэлігія

    Бліжэйшая царква знаходзілася ў Мазыры або Астраглядах. Таму кожную нядзелю аб адзінаццатай гадзіне ўвесь дом збіраўся і чыталіся малітвы з малітоўніка… Тэксты малітваў былі старамоднымі і часам даволі смешнымі для дзяцей, “таму даводзілася моцна трымацца, каб не смяяцца ўголас, калі чытаеш некаторыя фрагменты, і не паддавацца на правакацыі. Гэта былі тэксты кшталту: “Я адчуваю сябе як восеньскі ліст, утаптаны ў зямную лужыну” і так далей”.

    Ва ўспамінах Анджэя Раствароўскага ўзгадваюцца, акрамя Нароўлі, Рудакоў, а таксама Барбароў, Вадовічы, Барысаўшчына і Хойнікі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці