Пакуль рэдактар сайта «Першы Рэгіён» быў у міліцыі, яго смартфон узламалі і выдалілі групу з Viber
Днём 24 снежня (каля 14.40) рэдактара сайта «Першы Рэгіён» Паўла Дайліда спынілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Яны паказалі службовыя пасведчанні і адвезлі журналіста ў Івацэвіцкі РАУС.
Пакуль Паўла Дайліда апытвалі ў РАУСе, з яго акаўнта выдалілі групу ў Viber.
Як высветлілася, нагодай для затрымання была неабходнасць апытаць журналіста паводле гісторыі з размаляваным плотам старшыні Івацэвіцкага райвыканкама. Інцыдэнт адбыўся прыкладна ў ноч на 31 кастрычніка гэтага года, калі на чырвоным плоце службовага дома кіраўніка раёна хтосьці намаляваў белыя палосы.
У міліцыі рэдактару «Першага Рэгіёна» патлумачылі, што ладзіцца праверка, паколькі ў дзеяннях тых, хто размалёўваў плот, ёсць прыкметы злачынства. Павел Дайлід быў апытаны як сведка і заявіў, што даведаўся пра гэтае здарэнне з Тэлеграм-канала, пасля чаго сфатаграфаваў ўжо размаляваны плот.
Таксама журналіста апыталі з нагоды размаляванага чыгуначнага прыпынка каля вёскі Боркі ў Івацэвіцкім раёне, але пра гэты факт, паводле слоў Дайліда, ён наогул упершыню пачуў ад супрацоўніка міліцыі.
Акрамя таго, у рэдактара сайта цікавіліся, ці гатовы ён прайсці праверку на паліграфе, каб пацвердзіць свае словы. “Я пагадзіўся, таму што мне няма чаго хаваць, я казаў праўду”, — распавёў Павел Дайлід.
Пасля складання пратакола апытання журналіст яшчэ некаторы час заставаўся ў Івацэвіцкім РАУСе ў чаканні паліграфіста. Неўзабаве Паўлу Дайліду паведамілі, што паліграфіст сёння прыехаць не можа, і для гэтай працэдуры рэдактара выклічуць у іншы дзень.
Але самыя дзіўныя падзеі пачаліся, калі спадар Дайлід на выхадзе з РАУСа забраў з камеры захоўвання свой тэлефон і іншыя рэчы, якія пакінуў там па просьбе супрацоўнікаў міліцыі на час апытання.
Калі Павел Дайлід разблакаваў свой тэлефон, то ўбачыў шмат прапушчаных званкоў ад уладальніка сайта Пятра Гузаеўскага.
“Ад яго даведаўся, што ў той час, пакуль працягвалася апытанне, з майго акаўнта была выдаленая адна з груп у Viber, якая налічвала больш за пяць тысяч удзельнікаў. Я праверыў тэлефон і пераканаўся, што сам выдалены з адміністратараў чата і ўвогуле з групы”, — кажа Павел Дайлід.
Журналіст не лічыць гэта выпадковым супадзеннем, таму мае намер звярнуцца са скаргай у службу ўласнай бяспекі МУС, пракуратуру і Следчы камітэт па факце несанкцыянаванага доступу да смартфона, які быў пад надзейнай аховай у скрыні ў будынку Івацэвіцкага РАУСа.
“Я перакананы, што ў Івацэвіцкім РАУСе ёсць відэазапіс, з якога было б бачна, што ж адбывалася з маім тэлефонам пакуль мяне апытвалі”, — мяркуе рэдактар сайта “Першы Рэгіён”.
Варта дадаць, што на гэтым тыдні быў затрыманы драгічынскі карэспандэнт сайта «Першы Рэгіён» Сяргей Гардзіевіч. Супрацоўнік Следчага камітэта паведаміў жонцы журналіста, што затрыманне і ператрус звязаныя з крымінальнай справай паводле артыкула 368 (“Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”). Гаворка ідзе пра рэпост паведамлення ў тым самым Viber-чаце, дзе і адбываліся 24 снежня маніпуляцыі з акаўнта Паўла Дайліда.