“Пакістанскі фонд прэсы” накіраваў ліст на імя Лукашэнкі, выказваючы занепакоенасць лёсам Паўлаўца і Алімкіна
Незалежная няўрадавая арганізацыя “Пакістанскі фонд прэсы” (Pakistan Press Foundation (PPF)) накіравала ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, выказваючы занепакоенасць з нагоды арышту блогераў Юрыя Паўлаўца і Дзмітрыя Алімкіна.
Паводле інфармацыі ад “Беларускай асацыяцыі журналістаў», Дзмітры Алімкін і Юры Паўлавец правялі каля чатырох тыдняў пад арыштам, ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі за “распальванне расавай нянавісці” праз артыкулы і блогі.
Артыкулы, з‑за якіх адбыліся арышты, былі апублікаваныя на сайтах Regnum, Lenta.ru, пад аўтарствам Юрыя Паўлаўца (псеўданімы Мікалай Радаў і Павел Юрынцаў) і Дзмітрыя Алімкіна (псеўданім Ала Бронь).
Алімкін, настаўнік з паўднёва-заходняга горада Брэста, і Паўлавец, выкладчык ва ўніверсітэце ў Мінску, былі затрыманыя 6 снежня.
У адпаведнасці з артыкулам 19 “Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”, ратыфікаваным Беларуссю, любыя абмежаванні на свабоду выказвання павінны быць законнымі і сувымернымі з неабходнасцю.
PPF заклікае ўлады вызваліць блогераў і гарантаваць, што яны атрымаюць справядлівае судовае разбіральніцтва, тым самым пацвярджаючы прыхільнасць свабодзе выказвання меркаванняў.