Гісторыя ў слухаўках: 9 падкастаў пра беларускую гісторыю
Цікавіцеся гісторыяй, але не маеце часу чытаць кнігі? Не праблема, калі можна паслухаць! Агульная гісторыя і мікрагісторыя, сэкс, вандроўкі, археалогія і этнаграфія — знойдзецца на любы густ і інтарэс. Усе падкасты можна слухаць бясплатна, на зручных для вас платформах і ў любы час.
Budzma.org распавядае пра 9 беларускіх гістарычных падкастаў.
«Так склалася гістарычна»
Падкаст ад кандыдаткі гістарычных навук Ганны Дзягель. Адзін з самых вядомых і трывалых у беларускай медыяпрасторы — першы запіс з’явіўся яшчэ ў жніўні 2021 года. Дзеліцца на шэсць сезонаў, сёння можна паслухаць ажно 60 выпускаў падкасту.
Фармат — інтэрв’ю. Ганна запрашае беларускіх гісторыкаў, якія распавядаюць як і пра сябе, так і пра тэму падкасту. Сярод гасцей шмат пазнавальных імёнаў: Таццяна Валодзіна, Іна Калечыц, Зміцер Скварчэўскі, Аляксандр Гужалоўскі, Дзяніс Лісейчыкаў, Наталля Сліж і многія іншыя. Кожны выпуск абмяркоўваюць асобную тэму альбо пытанне, звычайна звязаныя з навуковай дзейнасцю госця.
Для пачаткоўцаў і навічкоў у гісторыі падкаст можа здацца спачатку трохі складаным, бо ўсё-ткі размаўляюць прафесійныя гісторыкі. Але якасць запісу вельмі добрая, а з удакладненнямі і пытаннямі ад Ганны можна і варта спрабаваць разабрацца. Працягласць эпізодаў у сярэднім 30–40 хвілін. Карацей, слухаць і слухаць!
Таксама раім звярнуць увагу на сацсеткі праекта, асабліва — TikTok старонку і Іnstagram — там не толькі кароткія фрагменты з гутарак, але і анонсы будучых выпускаў. Ну а на сайце падкасту можна паслухаць любы з эпізодаў, альбо перайсці на любы з папулярных сервісаў — ад Youtube да Яндэкс.Музыкі.
Тры спецпраекты ад 34mag&34travel
Інтэрнэт-часопіс 34mag&34travel у калабарацыі з МТС мае тры невялікія праекты, прысвечаныя гісторыі. Кожны спецпраект уключае да 8 серый працягласцю прыкладна 10 хвілін, таму расказваем пра ўсе разам.
«Шляхецкія сем’і Беларусі» — экспрэс-курс для тых, хто ганарыцца сваёй гісторыяй і хоча бліжэй пазнаёміцца з яе яскравейшымі прадстаўнікамі — шляхецкімі родамі.
Можна паслухаць эпізоды пра Радзівілаў, Агінскіх, Сапег, Тызенгаўзаў, Пуслоўскіх, Тышкевічаў, Храптовічаў і Друцкіх-Любецкіх. Не толькі сціслыя біяграфіі, але й малавядомыя цікавосткі. Падкаст часткова расшыфроўваецца тэкставай версіяй і багата ілюструецца якаснымі фотаздымкамі з дадатковымі каментарыямі.
«Ежа» — падкаст па гісторыі беларускай кухні, прысвечаны беларускім стравам і культуры харчавання. Пакуль апублікавана толькі пяць выпускаў, але абяцаюць болей.
Можна паслухаць эпізоды пра дранікі, калядны стол, шляхецкую кухню, хлеб і беларускія супы. Нават з рэцэптамі! Будзьце ўважлівыя: як трапна заўважана ў апісанні, «слухаць пажадана не на пусты страўнік».
«Гісторыя мастацтва Беларусі» — курс з 8 выпускаў, з дапамогай якога «можна скласці ўяўленне пра тое, што адбывалася на беларускай арт-сцэне ад старажытных часоў да сучаснасці».
Сапраўды, можна ахапіць усё самае базавае — ад ікон і мастацтва сарматызму, і праз барока, рамантызм, супрэматызм дайсці да савецкага і сучаснага беларускага мастацтва.
Ва ўсіх праектах аўтары вельмі адказна падышлі да афармлення як візуальнага, так і музычнага. Атрымаліся сапраўдыя аўдыясерыялы, хоць і больш падобныя да кніжнай агучкі, чым звыклага падкасту.
Важнае ўдакладненне — варта не проста выбраць цікавую тэму і слухаць, але і выдзяліць трохі часу, каб паразглядаць партрэты тых асоб, пра каго гаворка, альбо фота архітэктурных ці мастацкіх помнікаў. Таму зручна слухаць падкаст на сайце медыя, бо з кожным выпускам ідзе суправаджальны тэкст і выявы.
Сярод плюсаў — вельмі добрая якасць запісу, прыемная агучка і ненавязлівае музычнае суправажэнне. Бонус — прыгожае ілюстратыўнае афармленне.
Усе падкасты можна знайсці на сайце часопіса, там жа ёсць і спасылкі, дзе можна паслухаць падкаст на стрымінгавых платформах
Vandra
Ідэальны варыянт на «паслухаць» для тых, хто любіць вандраваць і хоча рабіць гэта асэнсавана, з разуменнем, куды і для чаго ён едзе і што там паглядзець. Vandra — праект з 2017 года, мэта якога «павысіць лакальную турыстычную граматнасць праз розныя, у тым ліку не тыповыя, напрамкі дзейнасці».
Праект мае свой сайт, на якім не толькі выкладзеныя 44 выпускі падкасту, але таксама можна знайсці фірмовую краму, спецпраект пра Чучавіцкі край і старонку са скрэтч-картай Беларусі.
Аўтар і вядоўца — Раман Клеўжыц.
Сваю мэту праект акрэслівае так: «Мы маем сапраўды багатую гісторыю, але ж не так шмат пра яе ведаем. Таму будзьма пашыраць веды і прасоўваць спадчыну: ад архітэктунрных да прыродных і этнаграфічных каштоўнасцей.
Ствараем, каб абудзіць грамадства!»
Выпускі падкастаў пабудаваныя ў фармаце інтэрв’ю, госці Рамана — эксперты і энтузіясты ў сваіх сферах дзейнасці — Глеб Лабадзенка, Кастусь Шыталь, Сяргей Лескець, Сцяпан Стурэйка, Вольга Барышнікава, Уладзіслаў Чаховіч і іншыя.
З плюсаў — шырокі ахоп тэм, разнастайнасць пытанняў і цікавыя суразмоўцы, а таксама прыемнае музычнае суправаджэнне. Шмат цікавостак асобна ідзе ў Instagram, звярніце ўвагу.
«Гісторыя беларускага сэксу»
Падкаст «Гісторыя беларускага сэксу» ад праекта «Альтэрнатыўны музей» распавядае пра тое, як беларусы размаўлялі пра сэкс раней і як яны робяць гэта цяпер:
«У гэтым падкасце мы распавядзем пра эротыку ў беларускім фальклоры. Пра тое, як займаліся сэксам нашыя продкі. Развянчаем міф аб іх бязгрэшнасці і параўноўваем з тым, як беларусы займаюцца сэксам сёння:
— па-беларуску
— з пошлымі жартачкамі
…і з фалічным сімвалізмам!»
У сеціве можна знайсці тры сезоны падкасту. Першыя два закранаюць вострасацыяльныя пытанні (прастытуцыя / сэксуальная арыентацыя / самаідэнтыфікацыя / гвалт), запісаныя на рускай мове. Трэці — больш занураецца ў гісторыю і этнаграфію, запісаны па-беларуску.
На старонцы праекта можна знайсці і паслухаць усе выпускі альбо выбраць спасылку на камфортную платформу.
Па-беларуску апублікавана восем выпускаў: пра кантрацэпцыю, вяселле, гінекалогію, цяжарнасць, цноту і менструацыю.
Таксама раім звярнуць увагу на Іnstagram праекта — там і анонсы, і асобныя допісы, і нават валянцінкі. Ну і асобны бонус — стылістычнае афармленне праекта.
«Гістфак» на Palatno media
Падкаст «Гістфак» — адзін з аўдыяпраектаў маладога медыя Palatno. На Youtube-канале можна знайсці сціплую пазнаку, што гэта «Падкаст пра гісторыю Беларусі і беларусаў».
На сайце медыя апублікаваны 24 выпускі. Тэматыка ў эпізодаў шырокая — ад мікрагісторыі БНР ці паўстання 1863 года да этнаграфіі і гісторыі ХХ стагоддзя.
Фармат падкасту — гутарка. Вядоўцы размаўляюць жывой (і не заўсёды літаратурнай) мовай і дазваляюць сабе жартаваць, а часам нават і спрачаюцца.
Выпускі пабудаваны на абмеркаванні нейкага канкрэтнага пытання ці праблемы: ці то шляхецкія забавы, ці то асоба Расціслава Лапіцкага, ці то партызанская дзейнасць у гады Другой сусветнай вайны, ці то пытанне ліцвінства і літвінаў у беларускай медыяпрасторы і іншыя.
Працягласць выпускаў — у сярэднім 30 хвілін. Фармат навукова-папулярны, таму падыдзе для любога ўзроўню слухачоў.
«Палатно» мае яшчэ некалькі падкастаў, таму на стрымінгавых пляцоўках выпускі «Гістфака» трэба шукаць сярод іншых.
Natatnik
Шыкоўная серыя падкастаў ад берасцейцаў: можна не толькі слухаць, але і глядзець. Лакацыі здымак кожны раз мяняюцца — студыі, кватэры і нават хаты.
«Здымаем таямнічую і прыгожую Беларусь. Запісваем падкасты», — лаканічна пазначаюць аўтары праекта.
Падкаст ахоплівае як этнаграфічна-краязнаўчыя вандроўкі па Беларусі, так і размовы-інтэрв’ю з запрошанымі гасцямі, сярод якіх Віктар Сямашка, Віктар Малышыц, Алена Браніславаўна, Вольга Трубач, Нэля Крэйн, Сяргей Лескець і іншыя. Як лепш вандраваць, з гідам ці без? Якое яно, традыцыйнае пчалярства? Што такое відзікі? Якія яны, беларуская музыка, ці балоты, ці зоркі?.. І многае-многае іншае.
З адназначных плюсаў — якасць запісаў і прыгажосць карцінкі, а таксама пазнавальны дызайн у афармленні. Гэтаксама раім звярнуць увагу на TikTok і Instagram старонкі праекта. Там шмат прыгожага.
«Байкі ля вогнішча»
«Байкі ля вогнішча» — падкаст ад праекта (альбо як пазначаюць аўтары — карпарацыі) «Крывіцкі Край». І гэта пакуль адзіны падкаст, які цалкам прысвечаны беларускай археалогіі.
Можна паслухаць 10 выпускаў. У камфортным суправаджэнні трэску вогнішча вядоўца падкасту зачытвае ўспаміны і нататкі вядомых археолагаў — Мікалая Улашчыка, Мікалая Плавінскага, Сяргея Тарасава і іншых. Напрыклад, самы першы выпуск — успаміны ўдзельніцы археалагічнай экспедыцыі 1928 года па даследаванні палеалітычнай стаянкі Бердыж Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці Іны Рытар.
Суполка «Крывіцкі край» пазначае сваю дзейнасць як «археалогія/раскопкі/валанцёрства» і падкаст характарызуе так: «Тут вы зможаце пачуць успаміны валанцёраў з розных археалагічных экспедыцый, іх уражанні ад раскопак і археолагаў!»
Вельмі раім звярнуць увагу і на Іnstagram-старонку праекта — класны дызайн, шмат карыснага і цікавага для тых, хто цікавіцца археалогіяй, старажытныя нюдсы і нават коміксы.
«Без доктара навук не разабрацца»
Самы свежанькі з гістарычных падкастаў — аўтарскі праект «Без доктара навук не разабрацца» ад гісторыка Алеся Краўцэвіча, які ён запусціў разам са сваёй дачкой Юляй.
««Без доктара навук не разабрацца» — гэта Алесь Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, і Юля Краўцэвіч — мае так многа талентаў, што не ўлезе ў падкаст. Тут мы гутарым аб Беларусі, беларусах і беларускасці як тата і дачка. Успамінаем нашую гісторыю і прыпамінаем мае дзіцячыя траўмы. Дыскутуем, хто быў важнейшы, Кейстут ці Альгерд, і чаму я павінна быць улюбёнай дачкой спадара прафесара», — пішуць аўтары праекта.
Гісторыю Беларусі ад Алеся Краўцэвіча таксама можна паслухаць у 2‑гадзінным аўдыяпадкасце «Кароткая гісторыя Беларусі», якую агучыў Уладзімір Лісоўскі.
Першы ж выпуск сустрэў хвалю розных водгукаў у сацсетках, як пазітыўных, так і негатыўных. Серыя падкасту называецца «Чаму Беларусь такая небеларуская. Шляхецкі пачатак», дзе вядоўцы разважаюць, як з’явілася і перастала быць беларускай беларуская шляхта, і прадстаўляюць сваё бачанне ролі сялянства ў нацыянальнай гісторыі краіны.
Знайсці падкаст можна на платформах PodBean, YouTube, Apple Podcasts, Google Падкасты і на Spotify.
«Гісторыя на Свабодзе»
Падкаст «Гісторыя на Свабодзе» — адзін з праектаў медыя «Радыё Свабода». У анонсе да падкасту аўтары акрэслілі сваю мэту так:
«Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Расея страляе ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі вачыма беларусаў — асноўная тэма падкасту «Гісторыя на Свабодзе».
Першы эпізод апублікаваны ў студзені 2023 года, новыя выпускі рэгулярна з’яўляюцца па некалькі разоў на месяц. Можна слухаць у фармаце аўдыя, можна глядзець як ТВ-праграму на Youtube.
Падкаст пабудаваны таксама ў форме інтэрв’ю. Журналіст Сяргей Абламейка размаўляе з беларускімі і замежнымі інтэлектуаламі, якія разважаюць пра самыя актуальныя пытанні гісторыі Беларусі і суседніх краін.
Плюсы — экспертнасць выступоўцаў, перавага сацыяльна-палітычнай тэматыкі ў эпізодах. Аднак фармат аўдыязванкоў дрэнна ўплывае на якасць у некаторых эпізодах, плюс для неспрактыкаванага слухача сама падача інфармацыі можа падацца складанай.