«Ніколі не думалі, што наш горад такі цікавы». Беларускі стварылі падкаст пра міфы і легенды Бабруйска
Бабруйчанкі робяць падкаст пра міфы і легенды горада — «Міфічны Бабруйск». У якім паказваюць гісторыю з іншага боку — таямнічага, прыгодніцкага, а часам нават да дрыжыкаў у каленках страшнага. Але што застаецца за кадрам? Колькі патрэбна дубляў, каб запісаць выпуск на дзесяць хвілін і адкуль увогуле бяруцца міфы? Пра гэта (і не толькі) 1387.io паразмаўляў з Алесяй Лацінскай, аўтаркай «Міфічнага Бабруйска».
Як з’явілася ідэя распавядаць пра міфы Бабруйска? І чаму менавіта міфы, а не, напрыклад, які-небудзь трукрайм, які зараз вельмі папулярны?
— Ідэя рабіць падкаст пра гарадскія міфы і легенды з’явілася пару гадоў таму. Але перадгісторыя яшчэ больш доўгая. Некалі я задумалася пра тое, чаму ў Бабруйску даволі непрыязна некаторыя краязнаўцы ставяцца да гарадскіх легендаў — маўляў, гэта несур’ёзна, ненавукова, спрэчна. Але калі здаралася бываць на экскурсіях у іншых краінах, там гіды смела і не саромеючыся нават усялякую фантастыку выдавалі за гістарычныя факты. І турыстам, у тым ліку мне, гэта вельмі падабаецца. Бо па навуку, гісторыю, якая таксама даволі спрэчная штука, можна звярнуцца ў падручнікі ды спецыялізаваныя крыніцы, а для адпачынку, каб спазнаць дух горада, патрэбныя легенды.
Так некалькі год таму мы з мастачкай Васілісай Палянінай, з падтрымкай вядомай у Беларусі грамадска-культурніцкай кампаніі, зрабілі серыю з 12 паштовак «Бабруйскія гісторыі», дзе былі як рэальныя факты, так і міфы. Я бачыла, што такі прадукт быў цікавы людзям, бо да нас нічога падобнага ніхто не рабіў, многія прасілі працягнуць серыю. Але зрабіць гэтае пакуль не атрымалася, спадзяюся, толькі пакуль.
І яшчэ адзін пазл, які прывёў да падкаста — моўныя курсы, якія мы ладзілі ў тайм-клубе «1387». Неяк нам прапанавалі паездзіць па іншых гарадах, дзе яны праводзіліся, патрэбная была тэма. Захацелася расказаць пра свой горад так, каб слухачы ўявілі, што самі павандравалі па ім. Натуральна, тут патрэбная не толькі гісторыя, але і легенды! Так мы з калегай Ірынай Ласіхінай стварылі прэзентацыю «Магічны Бабруйск», і выступілі з ёй у Гародні, Барысаве, Менску, Баранавічах, Гомелі, Салігорску. І пасля да нас падыходзілі людзі, дзякавалі, казалі, што ніколі не думалі, што наш горад такі цікавы, ведаю, што многія пасля прыязджалі яго паглядзець.
«О, мы думалі, Бабруйск шэры і нецікавы горад, з «Белшынай» і зефірам», — штось такое мы чулі пастаянна. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што наш горад у Беларусі мала прэзентаваны як турыстычная кропка.
А што тычыцца падкастаў у жанры трукрайм, то яны сапраўды цікавыя, я нават глядзела серыял «Забойства ў адным будынку» — пра тое, як трое выпадковых знаёмцаў расследуюць справы, не горш за дэтэктываў, і запісваюць пра гэта падкаст. І акурат у сваім я таксама закрану гэтую тэму. Як? Пакуль захаваю інтрыгу, але выпуск з’явіцца неўзабаве.
Адкуль увогуле бяруцца міфы і адкуль ты іх бярэш?
— Калі мне было год дзевяць, мама прынесла з бібліятэкі «Міфы і легенды старажытнай Грэцыі», якія сталі ўлюбёнай кнігай на доўгі час, а цяпер падабаюцца ўжо майму сыну. Таксама заўсёды любіла слухаць рознага кшталту гарадскія ды вясковыя легенды пра вядзьмарак, што пераўтвараюцца ў дзікоў па начах, ці пра верацяно, якое «нашапталі» ды закапалі ў двары зайздрослівыя суседзі, каб гаспадарка не вялася. Я літаральна калекцыяную такія гісторыі, ужо шмат год. Калі недзе бачу штось ці чую, датычнае Бабруйска, захоўваю гэтую інфармацыю. І шукаю дадатковую, вядома. Напрыклад, каб напісаць сцэнар для першага выпуску, пра Цэцылію Рэнату, я шукала цікавыя факты і ў польскамоўных крыніцах у тым ліку.
«Беларусацэнтрычных праектаў катастрафічна мала». Зоя Хруцкая расказала пра «Гістфак»
Не ведаю, ці збірае легенды краязнаўчы музей, не знайшла пра гэта звестак. Але адзначу, што вялікую працу ў збіранні і фіксаванні гарадскіх легендаў ужо зрабілі мясцовыя журналісты. Таксама шмат цікавых мясцовых гісторый можна знайсці ў бабруйскіх пісьменнікаў — Абрама Рабкіна, Эфраіма Севелы, Сола Шульмана, Ніны Уфлянд, ды іншых. І нават Аляксей Ненадавец, доктар філалагічных навук і літаратуразнаўца, у сваіх кнігах закранаў тэмы, якія лічацца міфамі — пра тыя ж падзямеллі.
Ёсць легенды, якія наагул нідзе толкам не зафіксаваныя, і перадаюцца вусна — такія мяне цікавяць таксама. Бо гэта гарадскі фальклор. Магчыма, некалі зробім кнігу ці комікс пра бабруйскія міфы, мне б гэтага вельмі хацелася.
У чым каштоўнасць гэтых гісторый, як яны ўплываюць на вобраз горада, чым могуць быць карысныя жыхарам і тым, хто выпадкова паслухаў падкаст?
— Мне заўсёды хочацца, каб людзі — мясцовыя ды турысты, закахаліся ў Бабруйск. Убачылі яго іншымі вачамі — што вось, у ім і архітэктура цікавая, і гісторыя, якая звязаная не толькі з Расейскай імперыяй ды СССР.
Пазбавіцца ад правінцыйнасці, якую навязвала стагоддзямі Масква, ад пачуцця сарамлівасці, што ты з «нейкага там маленькага гарадка ў Беларусі». І заўсёды абурае, калі людзі, народжаныя ў Бабруйску, прадстаўляюцца недзе: «Менск».
Спадзяюся, слухачы майго падкаста паглядзяць на горад іншымі вачамі, прыслухаюцца да яго. А тыя, хто яшчэ ні разу ў ім не быў — абавязкова прыедуць паглядзець. Тым больш, у нас ёсць краязнаўцы, што збіраюць легенды, як, напрыклад, Святлана Калюта. А таксама цікавыя гіды. Нядаўна бачыла відэа, на якім Зінаіда Сугак расказвае пра раён вакзала «Бярэзіна» — настолькі настальгічнае і кранальнае, што ў мяне нават слёзы на вачах з’явіліся. Алег Красны не цураецца легендаў, і расказвае пра горад так, што заслухацца можна! Дарэчы, да таго, як наведала яго экскурсію, не звяртала ўвагу на тое, што на Сацыялцы ёсць старая камяніца з беларускім арнаментам. Памятаю, гэта так уразіла! Хадзіла там амаль штодня шмат год, і не заўважала.
Таму людзі, якія заўважаюць, запамінаюць, каб расказаць іншым — вельмі важныя для горада, бо захоўваюць яго душу.
Зараз ты распавядаеш пра міфы з мінулага, а ці ёсць сучасныя легенды?
— Легенды нараджаюцца пастаянна. Менавіта таму збіраю не толькі стары, але і сучасны гарадскі фальклор. І ў маім падкасце абавязкова будуць міфы новага часу.
Калі ў гісторыі ёсць нейкая разынка, цікавы факцік, няхай і непраўдападобны — гэта і ёсць тое, што стварае нефармальны летапіс горада. Паўтаруся, калі пачытаць бабруйскіх пісьменнікаў — там гэтай «фантастыкі» хапае. Бо людзі пісалі пра свой горад з любоўю, жадалі паказаць, што ён жывы і яркі. А сухімі фактамі тое не перадаць.
Ці патрэбна выкрываць міфы?
— Калі твая мэта — навуковасць, то так, трэба. Хоць падручнікі па гісторыі таксама любяць перапісваць «на свой густ». Але калі твая мэта — расказаць пра горад гасцям, міфы можна і не выкрываць. Бо шпацыр па горадзе з турыстамі — своеасаблівы спектакль, і, як мне падаецца, усе бакі выдатна разумеюць, што не ўсяму трэба верыць — бо проста зараз адбываецца магія.
Памятаю, як мяне здзіўляла, што некаторыя мясцовыя краязнаўцы лічылі адно аднаго невукамі толькі праз тое, што нехта там нешта «не так» расказаў. Ці былі падземныя хады ў Бабруйску, ці не было іх — яны гатовыя спрачацца да стану варагавання. Шчыра скажу — мне такі падыход вельмі далёкі. Чым больш версіяў, тым цікавей, асабліва калі няма нейкіх дакладных дакументаў ці стоадсоткавых крыніц. У горадзе мусіць быць і загадка таксама.
Што паслухаць пра беларускую літаратуру? Топ‑8 падкастаў
На колькі яшчэ выпускаў хопіць міфаў і што будзеш рабіць, калі яны скончацца?
— Вось на гэтае пытанне мне цяжка адказаць. Маю спіс з некалькіх тэмаў, якія буду рабіць гэтым летам, але нават у працэсе падрыхтоўкі з’яўляюцца новыя ідэі. Таму тут толькі на практыцы спазнаю, на колькі. Магчыма, на 10, а магчыма і на 20, пакуль не буду загадваць.
А калі тэмы скончацца, вазьмуся за штось іншае, у галаве заўсёды шмат ідэй, былі б яшчэ сілы ўсё рэалізаваць…
Чаму менавіта падкаст, а не нейкі іншы фармат?
— Пакуль гэта самы даступны для мяне фармат, бо фізічна, на вялікі жаль, не знаходжуся ў Бабруйску. Я сама пішу сцэнары, сама начытваю, падбіраю музыку, а Дар’я Роскач робіць мантаж, дапамагае з візуалам для сацсетак. Наташа Халанская — наша арганізацыйная падтрымка. Таму я лічу гэта калектыўнай працай усё ж.
Дарэчы, начытваць тэкст для мяне стала тым яшчэ выклікам. Як на тое перад запісам першага выпуску я перахварэла на нейкі цяжкі вірус, што паўплываў на «дыхалку», і дагэтуль не магу аднавіць здароўе. Таксама за гэтыя пару год, што не вяду курсы, згубілася ўпэўненасць у голасе, я пачала баяцца публіку — нават праз мікрафон! З гэтым усім зараз працую, буду расці разам з падкастам, спадзяюся.
Колькі часу займае падрыхтоўка і наколькі складана зрабіць 10–15 хвілін падкаста?
— На сцэнар можа сысці дзень-два, а можа і больш — залежыць ад тэмы. Бо трэба перабраць шмат крыніц, знайсці самае цікавае, а пасля напісаць сцэнар — які будзе гучаць.
Напэўна, самае складанае на сёння — начытаць тэкст. Ты не ўяўляеш, колькі разоў я сябе праклінала за тое, што не запрасіла для чыткі іншы голас! Але я ведаю, як працуюць сацсеткі — аўтары сцэнароў для гледачоў і слухачоў не існуюць. І нават ты сама не ўспрымаеш сваё, але агучанае іншымі людзьмі, як штось асабістае. Таму мне важна было зрабіць менавіта мой падкаст, з маім тэстам і голасам, каб перажыць яшчэ раз гэтыя цёплыя пачуцці да горада і падзяліцца імі з іншымі.
Я запісваю па 20 дубляў, не менш! Вось што забірае найбольш часу. Таксама, каб не парушаць аўтарскія правы, я ствараю музыку праз Suno Al , і гэта таксама патрабуе часу — бо ты старанна пішаш заданне, як мусіць гучаць трэк, а па выніку атрымліваеш зусім не тое. І ты перапісваеш заданне яшчэ раз і яшчэ раз… Здаецца, такія дробязі, але іх таксама трэба ўлічваць, калі плануеш падрыхтоўку аднаго выпуску. А пасля ўжо за справу бярэцца Даша, мы слухаем чарнавік, уносім праўкі, яшчэ раз слухаем.
Напрыклад, калі пісала падкаст пра прывідаў, амаль уся музыка, якую я падабрала спачатку, не клалася ў выніку на тэкст, і Дашы прыйшлося ўсё мяняць. Вялізны дзякуй ёй за цярпенне!
Ці ёсць у планах пашырацца і распавядаць пра міфы іншых гарадоў?
— Ідэя цікавая. Шчыра — да твайго пытання я нават не думала пра гэта!
Але літаральна ўчора мой прыяцель казаў, што паслухаў падкаст і пашкадаваў, што ніхто не робіць штось падобнае пра яго родны горад. Таму варта падумаць.
Які з міфаў ты хацела б каб апынуўся праўдай?
— Што ёсць падземны ход пад Бярэзінай, з скарбамі, якія дапамаглі б гораду развівацца ў плане культуры. І таксама хацелася б, каб быў знойдзены і вярнуўся стары герб горада — што быў да часоў Расейскай імперыі. Пакуль я бачыла толькі варыянт з гербоўніка Анатоля Цітова, дзе вежа з чырвонай цэглы на фоне Бабруйкі ды Бярэзіны. Паводле яго даных — гэта гарадскі герб з 17 стагоддзя.
Наагул, троху адыду ад тэмы пытання — хочацца больш даведацца пра гісторыю старога Бабруйска, якім ён быў, што за людзі тут жылі? Хто збудаваў Порт-Артур, як выглядала Пая-Брайна Кацнельсон? Хочацца больш інфармацыі. Бо, на жаль, нават легенды не здольныя расказаць усё, што нас цікавіць.
Бабруйск міфічны ці Бабруйск рэальны?
— Рэальны Бабруйск, які не цураецца міфаў. Які любіць і шануе сябе, і таму яго любяць іншыя!
Паслухаць падкаст на розных пляцоўках (і не толькі!) можна па гэтай спасылцы.