• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Падчас Global Media Forum Саюз журналістаў Германіі зладзіў акцыю падтрымкі беларускіх фрылансераў

    У нямецкім Боне адбыўся штогадовы Глабальны медыяфорум 2019 (Global Media Forum). Свет цяпер нестабільны, шмат дзе назіраюцца зрухі ў ацэнцы традыцыйных каштоўнасцяў і нормаў, у многіх краінах страчаны давер да міжнародных інстытутаў і дэмакратычных сістэм.

    Як СМІ, палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, бізнесу ўзаемадзейнічаюць у перыяд, калі адбываюцца “зрухі асноўных сіл”.  

    Shifting Powers — так гучала агульная тэма дванаццатага Глабальнага медыяфоруму галоўны арганізатар якога Deutsche Welle.

    На пачатку канферэнцыі адбылася размова праз відэасувязь паміж дырэктарам Deutsche Welle Пітэрам Лімбургам і Федэральным прэзідэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Суразмоўцы абмяркоўвалі выклікі сучаснасці, калі дэмакратыя і свабода прэсы ў небяспецы, а папулізму становіцца ўсё больш.

    “Захоўвайце смеласць паведамляць, нават пра з’явы, якія не падабаюцца ўладам, але якія патрэбныя дэмакратыі”, — звярнуўся да прысутных з Берліна Франк-Вальтэр Штайнмаер.

    Палітык таксама заўважыў, што сацыяльныя сеткі прыносяць грамадству шмат праблем, найперш таму, што там няма месца кампрамісам і дыялогу, затое шмат безапеляцыйных, грубых заяў.

    Дырэктар Face­book па партнёрстве з медыя Джэспер Доуб нагадаў, што глабальная сацыяльная сетка Face­book застаецца вернай ідэі Марка Цукерберга: быць платформай, якая аб’ядноўвае, злучае людзей. Усведамляючы сваю адказнасць адміністрацыя Face­book змагаецца з фэйкавымі навінамі і допісамі, якія распальваюць варажнечу. Штодня выдаляецца каля мільёна фальшывых акаўнтаў.

    Цікавым быў выступ навукоўца-футурыста са сферы IT Жарона Ланье. Ягоны даклад «Як сацыяльныя сеткі змяняюць грамадства» некалькі разоў выклікаў апладысменты.

    Спадар Ланье заявіў, што распрацоўшчыкі ў Сіліконавай даліне дапусцілі вялікую памылку. Яны хацелі стварыць інтэрнэт для кожнага, а ў выніку стварылі платформу, якой кіруюць некалькі манапалістаў.

    Ланье мяркуе, што сацыяльныя медыя руйнуюць наша жыццё і спрыяюць таму, што мы жывём у час з непрадказальнай будучыняй. Ланье выступае за ідэю, што інтэрнэт мусіць быць створаны наноў.

    Паводле выступоўцы, камунікацыі ў інтэрнэце вядуць да таго, што мы жывём у дзіцячым свеце са злым стылем камунікацыі. А перазапусціць інтэрнэт магчыма, запусціўшы новую бізнес-мадэль, калі вялікія карпарацыі плацяць карыстальнікам за іх дадзеныя, бо менавіта за гэты кошт яны і жывуць. То бок Face­book мусіць плаціць новаму карыстальніку, а Google — за кожны пошукавы запыт.

    У межах Glob­al Media Forum адбылася дыскусія пра ўзаемадачыненні палітыкі і СМІ. У ім удзельнічала прадстаўніца ад Беларусі медыяэксперт Галіна Малішэўская.

    Адзін з запланаваных удзельнікаў — Леанід Волкаў, паплечнік апазіцыянера Аляксея Навальнага — не змог прыехаць, бо з 22 мая знаходзіцца пад арыштам у Маскве. Суд прызнаў яго вінаватым за YouTube трансляцыю акцыі пратэсту супраць пенсійнай рэформы, якая адбылася ў верасні мінулага года, і прысудзіў да 20 сутак адміністрацыйнага арышту.

    Волкаў даслаў відэазварот удзельнікам Форуму.

     

    “Шкада, што я не змог прыехаць. Але думаю, што гэтая гісторыя важная, каб лепш зразумець, як СМІ і палітыка звязаныя паміж сабой”, — сказаў Волкаў у сваім звароце.

    Ён заклікаў удзельнікаў Форуму працягваць барацьбу за свабоду СМІ і свабоду палітычнага выказвання.

    Іншы ўдзельнік гэтай дыскусіі Джан Дзюндар з 2016 года жыве ў Нямеччыне, яму прадастаўлены асабісты ахоўнік. Дюндару давялося эміграваць пасля таго, як улады Турцыі прысудзілі яго да пяці гадоў зняволення за разгалошванне дзяржаўнай таямніцы. У 2015 годзе, узначальваючы рэдакцыю Cumhuriyet, ён апублікаваў рэпартаж, у якім сцвярджалася, што спецслужбы Турцыі пастаўлялі на грузавіках зброю ў Сірыю. У Турцыі яго таксама абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў у Стамбуле ў 2013 годзе.

    «Гэта цана, якую нам даводзіцца плаціць, каб абараняць праўду ў такіх краінах, як Расія і Турцыя», — заявіў Дзюндар.

    Па словах спадара Дзюндара, улады кантралююць 90 адсоткаў СМІ ў Турцыі, больш за 150 яго калег знаходзяцца за кратамі ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю.

    Медыякансультант з Беларусі Галіна Малішэўская падчас дыскусіі сказала, што ў Беларусі медыя не толькі зведваюць ціск з боку ўладаў, але і вымушаныя канкураваць з блогерамі, сацыяльнымі сеткамі. Яна падкрэсліла, што ў любых умовах журналісты мусяць кіравацца адказнасцю ў сваёй прафесіі.

    Сёлета Беларусь апынулася на 153 месцы ў штогадовым рэйтынгу свабоды прэсы, які выпускае арганізацыя «Рэпарцёры без межаў”. Расія знаходзіцца на 149 месцы, Турцыя — на 157‑м. Усяго ў гэтым рэйтынгу 180 краін.

     

    Упершыню прэмію Deutsche Welle «За свабоду слова» атрымала жанчына

    Мексіканская журналістка Анабель Эрнандэс была ўзнагароджаная прэміяй Deutsche Welle «За свабоду слова» за яе ўнёсак у барацьбу з карупцыяй і за абарону свабоды меркаванняў у сябе на радзіме.

    Эрнандэс была ўдастоеная гэтай узнагароды за ўклад у барацьбу з карупцыяй і беспакаранасцю злачынцаў у сябе на радзіме ў Мексіцы.

    Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Боне ў межах Glob­al Media Forum.

    Саюз журналістаў Германіі (DJV) зладзіў акцыю падтрымкі беларускіх калег-фрылансераў

    Саюз журналістаў Германіі (DJV) меў свой стэнд падчас працы Glob­al Media Forum. Апрача іншага на ім можна было знайсці інфармацыю пра пераслед журналістаў у Беларусі.

    Калегі з Германіі зрабілі ўлёткі пра найбольш абсурдныя выпадкі: калі журналістаў штрафавалі за матэрыялы з прэс-туру ў фермерскую гаспадарку, а таксама пра праблемы на малочным заводзе. На стэндзе DJV можна было пачаставацца морквай і сырам ды даведацца, як ідуць справы ў журналістаў Беларусі.

    Прадстаўнік Саюз журналістаў Германіі Майкл Хіршнер сказаў, што людзі цікавіліся інфармацыяй пра Беларусь.

    ***

    Glob­al Media Forum у 2019 годзе сабраў каля 2000 удзельнікаў са 140 краін.

    Glob­al Media Forum — міжнародная канферэнцыя, якую штогод праводзіць Deutsche Welle з 2008 года. Удзел у ёй прымаюць прадстаўнікі СМІ, грамадзянскай супольнасці, палітыкі.

    Абмеркаваць тэкст можна на старонцы ў FB

    Падпісацца на наш Telegram-канал можна ТУТ

     

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці