Падчас анлайн-марафона сабралі больш за 574 тысяч еўра. Куды пойдуць сродкі?
Гэта была неверагодная хваля салідарнасці! Больш за 11 тысяч чалавек перавялі сродкі падчас анлайн-марафона «Нам не ўсё адно!» Найбуйнешыя незалежныя медыя і блогеры ўдзельнічалі ў акцыі, у тым ліку БАЖ. Падчас мерапрыемства былі сабраныя больш за 574 тысяч еўра. Куды ж яны пойдуць?
Як паведамляе тэлеканал «Белсат», усе данаты з анлайн-марафона салідарнасці збіраюцца на адзін рахунак, які належыць фонду «21 мая». Яго спецыяльна для такіх праектаў адкрыла былая палітзняволеная, а цяпер прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Гарбунова.
Па яе словах, далей усе грошы, акрамя камісіі банка, будуць пералічаны ў фонды, якія дапамагаюць палітвязням. Сярод іх шэраг вядомых і аўтарытэтных арганізацый.
Кантраляваць размеркаванне сабраных сродкаў, адзначае тэлеканал, будзе спецыяльна створаная назіральная рада, у якую ўвайдуць прадстаўнікі медыя-арганізатараў марафону. Сярод іх — «Белсат», «Радыё Свабода», Беларускі расследавальніцкі цэнтр, «Зеркало», «Брестская газета», «Маланка Медиа», Медыязона, «Наша Ніва», Радыё Рацыя, «Салідарнасць» і іншыя.
Чытайце яшчэ:
«Зняволеныя журналісты церпяць за прафесію». Пра што гаварылі прадстаўнікі БАЖ падчас анлайн-марафона салідарнасці
Заяўкі па радыё, малюнкі ў камерах, лісты падтрымкі. Пра тое, што дапамагала ў няволі, распавядаюць блогеры і журналісты
Нам не ўсё адно! Мы памятаем, што за кратамі ў Беларусі сёння 36 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ