Падарожжа па Лацінскай Амерыцы журналіста Паўла Дабравольскага: а д’ябла я так і не ўбачыў
Медыйшчык Павел Дабравольскі з’ехаў з Мінска ў лістападзе 2021 года і наведаў за гэты час 50 краінаў — ад Шры-Ланкі да Панамы, а апошнія 9 месяцаў правёў у Лацінскай Амерыцы. Ён падзяліўся з БАЖам атрыманым досведам, цікавымі гісторыямі і далейшымі планамі.
У Лацінскую Амерыку патрапіў выпадкова, але правёў там 9 месяцаў
— Я не планаваў паездку ў Лацінскую Амерыку: знаходзіўся ў Барселоне і мусіў ехаць ў Латвію за ВНЖ. Дарога планавалася праз Балеарскія астравы, дзе ніколі не быў.
Шукаў пералёт з Барселоны ў Пальма-дэ-Мальёрку, але крывым націскам пальцаў замест «Пальмы» набраў «Панама». Білеты туды аказаліся таннымі — каля 300 еўра.
Схадзіў да мора падумаць: і новы для сябе свет адкрыю, ніколі так далёка не лятаў, і пазбаўлюся ад раздражняльных бюракратычных рухаў па легалізацыі ў ЕС.
Калі я ўжо выбраў Панаму, літаральна за хвіліну склаўся маршрут на 6–7 суседніх краінаў. Па сутнасці, на кантыненце можна жыць заўсёды, нават без віз ці ВНЖ: скончыцца тэрмін знаходжання ў трэцяй-чацвёртай краіне, можаш вяртацца ў першую — і так па коле.
Панама і Перу дазваляюць жыць паўгода па безвізу. Аргенціна і Бразілія — па 3 месяцы, але гэты тэрмін падвойваецца проста па жаданні без дадатковых дакументаў. Гэта зручнае рашэнне праблемы для людзей, у якіх няма моцных пашпартоў ці якія не жадаюць напружвацца з ВНЖ.
Як Панама выйшла першым блінам
— Пра Панаму мала інфармацыі і ў рускамоўным, і ў англамоўным інтэрнэце. Многія беларусы актыўна падарожнічаюць, але ў Панаме ніхто са знаёмых не быў. Краіна не надта папулярная: там мала каланіяльнай архітэктуры, за пляжамі трэба доўга ехаць ад асноўных гарадоў, шмат бруду і бяздомных. Дзіўна, бо па ВУП і заробках краіна на ўзроўні ЕС.
Праз інтэрнэт Панама ўяўляецца лепш, чым у рэальнасці: у Панама-Сіці сотні хмарачосаў, горад знаходзіцца на беразе Ціхага акіяна, недалёка да Атлантычнага — здавалася б, добрае месца для зімоўкі.
Але на свае першыя пляжы я трапіў праз 10-гадзінны пераезд да мяжы з Коста-Рыкай. Сталіца — не пра пляжны адпачынак.
Карыбскія астравы Бокас-дэль-Тора — яшчэ адно маё расчараванне: шмат бруду і галечы. За час паездкі па кантыненце я наведаў каля 30 трушчобаў, але ў самым галоўным турыстычным месцы Панамы яны самыя бедныя і брыдкія.
Такія розныя часткі Бразіліі
— У Лацінскай Амерыцы нельга вызначыць, якая краіна больш бяспечная, якая менш — трэба параўноўваць гарады.
Ад паўднёвай Бразіліі прыемнае ўражанне на фоне больш бруднага і беднага Буэнас-Айрэса, дзе да гэтага пражыў месяц. Добры грамадскі транспарт, чыстыя вуліцы, гістарычныя цэнтры рэстаўруюць кварталамі ці вуліцамі.
На поўдні Бразіліі нават існуе сепаратысцкі рух O Sul («Поўдзень»), актывісты якога сабралі больш за паўмільёна подпісаў за незалежнасць трох штатаў. Мы фаловімся ў Instagram з іх прэзідэнтам.
O Sul — развіты рэгіён з крутымі гарадамі, там пражываюць некалькі мільёнаў нашчадкаў эмігрантаў са славянскіх і германскіх краінаў. Але бліжэй да экватара «еўрапейцаў» вобмаль, большасць — гэта цёмнаскурае насельніцтва.
Тут нібыта іншая краіна: брудна і трывожна. Там сядзяць на кукішках хлопцы ў кепках — рыхтык як паказваюць у амерыканскіх фільмах, яны скануюць цябе з ног да галавы.
Я зараз гавару пра бразільскія гарады Сальвадор і Рэсіфі, дзе правёў месяц. Візуальна гарады на чвэрць складаюцца з фавэлаў. Абодва гарады ў сусветным топ-15 самых небяспечных. Але яны ж і з самымі прыгожымі гістарычнымі цэнтрамі ў краіне.
Умоўныя межы ўнутры Аргенціны
У Аргенціне таксама можна правесці падобную мяжу. Суседнія Байрэс і Разарыа — праблемныя гарады. Астатнія з 30 тых, што наведаў там, прыемныя.
Мой першы горад Аргенціны быў Сальта. Пасля амаль двух месяцаў індзейскіх Балівіі і горнага Перу. Заехаў ноччу. Выходжу зраніцы з гатэля і не веру вачам: шмат прыгожых высокіх людзей, нават са светлымі валасамі часта трапляюцца. Зусім іншая арганізацыя гарадской прасторы, нібы ў Іспаніі ці Італіі. Тратуары без вулічных гандляроў.
Прыемнае першае ўражанне ад гэтай краіны сапсавалася толькі ў сталіцы, да якой давялося праехаць некалькі тысяч кіламетраў. Але і там неўзабаве павінна быць добра: масава зносяць трушчобы, будуюць жаллё для іх жыхароў. Калі ўжо з’ехаў, улады забаранілі начаваць на вуліцах, бо ў дастатковай колькасці ёсць прытулкі.
Разбурэнне міфа пра індзейцаў і рэзервацыі
— Адно са здзіўленняў — вялізная колькасць карэннага насельніцтва. Да паездкі думаў, што індзейцаў там мала, жывуць ці ў закрытых рэзервацыях, ці ў адмысловых турыстычных вёсках.
Але народы кечуа і аймару — гэта ажно 15 мільёнаў чалавек.
І іх колькасць імкліва расце, там да сённяшняга часу лічыцца нормай мець шмат дзяцей у сям’і. Той жа вядомы турыстычны Куска — горад з абсалютнай індзейскай большасцю.
У іх таксама ёсць палітычныя рухі. Толькі больш амбіцыйныя, чым на поўдні Бразіліі: яны не за незалежнасць маленькай тэрыторыі, а за поўны ідэалагічны разварот сваіх краінаў. Эквадор, Перу і Балівія могуць стаць індзейскімі проста таму, што карэннае насельніцтва блізкае да большасці. Там ужо галоўныя плошчы і вуліцы названыя ў гонар славутых інкаў, ім усталяваныя помнікі. У гарадах Панамы, Аргенціны і Бразіліі зусім іншыя гістарычныя асобы ў пашане.
У Панаме таксама жывуць індзейцы, але гэта меншасць. Народ Гуаймі жыве каля мяжы з Коста-Рыкай, Куна — на астравах каля Калумбіі. Па колькасці сумарна каля 150 тысяч. Зарабляюць на продажы какосаў, рыбы — ім не да палітычнай барацьбы.
600 долараў хапае на месяц
— Я тры месяцы пражыў у Аргенціне, па два ў Бразіліі і Перу, па месяцу ў Эквадоры і Панаме. Працаваў анлайн, дыстанцыйная праца дазваляе падарожнічаць.
Рэгіён неаднародны па коштах. Тая ж Ліма даражэйшая за Маскву. Там ёсць на што траціць за месяц 3–4 тысячы долараў ці больш.
Перад Эквадорам Revolut закрыў мой рахунак з‑за сканчэння тэрміну латвійскай візы. Спрабаваў пераканаць, што ў Панаме яна мне не патрэбная — як са сцяной.
У панамскіх банках ліміты на зняцце наяўных. Позна спахапіўся, за некалькі дзён да замарозкі карткі — прыйшлося жыць амаль месяц у Эквадоры на каля 600 долараў. Хапіла наведаць усе запланаваныя і адшуканыя на месцы пункты, пажыць тыдзень ля акіяну са штодзённымі ўрокамі сёрфінга, без хостэлаў і «ролтанаў».
Новую картку Wise замовіў у Ліму, туды ўжо быў загадзя набыты білет.
Дарагі транспарт і танная ежа
— У Еўропе мы прызвычаіліся да авіярэйсаў за 20 еўра. А ў Лацінскай Амерыцы, каб дабрацца з адной краіны ў другую, трэба 300—700 долараў. Білет на аўтобус з аднаго «абласнога» цэнтра ў суседні каштуе 30–50 еўра, начны рэйс увогуле бліжэй да 100. У Бразіліі працуе нямецкі FluxBus з адэкватнымі цэнамі. У Эквадоры таксама танныя аўтобусы, але яны значна горшыя.
Грамадскі транспарт самы дарагі ў Бразіліі — па долару метро і аўтобусы: што ў асноўных гарадах, што ў глыбінцы. Тэхніка самая дарагая ў Аргенціне. Лепшая мадэль Айфона ў Іспаніі каштуе каля 1100 еўра, у Байрэсе — каля 3000. Але іпэшнікі возяць са Штатаў і прадаюць праз Instagram за 1200–1400. Па паўсядённых выдатках дзесьці на ўзроўні Грузіі, толькі асартымент дрэнны. Адна Панама прыемнае выключэнне — там тавары з усяго свету.
Зраблю кола гонару, а з зімы пачнецца новы этап
— У чэрвені я «псіхануў», схадзіў зраніцы на пляж у Рэсіфі і набыў білет у Тбілісі праз Доху ў той жа дзень, не дацягнуўшы бязвізавы бразільскі месяц — надакучыла.
За два тыдні тут сустрэў каля 30 беларусаў.
Нарэшце можна размаўляць на больш звыклых мовах. А таксама гуляць без унутранага напружання.
Я ўпершыню ў сваім жыцці з’язджаў так надоўга і далёка. Першыя месяцы было добра — адпачываеш, але потым пачынаюцца псіхалагічныя цяжкасці.
У Лацінскай Амерыцы людзі прыязныя, адкрытыя, кола зносінаў было вельмі вялікае: калі ты першым не загаворыш, дык загавораць з табой. Нават калі ты прыйдзеш адзін на пляж, у адзіночку ты ніколі адтуль не сыдзеш. Напрыклад, у Рыа-дэ-Жанэйра падыходзіць дзяўчына, паказвае сваю кампанію: мы збіраліся пайсці ў кавярню, убачылі, што ты адзін — хадзем з намі.
У лепшым выпадку людзі стасуюцца на англійскай мове, а ў пераважнай большасці — праз Google транслейт. Гэта дазваляе вырашыць камунікатыўны мінімум, але ў цэлым гэта стамляе.
Думаў, прыеду ў Грузію — мяне ахопіць дэпрэсія. Але не: хаджу і свячуся, амаль штодня хінкалі, сыркі, марская капуста, квас — вось такіх дробязяў не хапала. Пакуль тут, спадзяюся, праз месяц візу атрымаю і можна праз Барселону, Польшчу, Літву, Латвію — зрабіць такое кола гонару па краінах, дзе жывуць сябры. А зімой пачнецца новы этап.
«Д’ябла я так і не ўбачыў»
У такіх паездках вельмі важныя журналісцкія якасці. Калі ты глядзіш вакол сябе вачыма журналіста, атрымліваеш зусім іншы досвед. Я не называю сябе турыстам. Прыязджаючы ў Перу, чытаю кнігі пра Перу, гляджу мясцовыя фільмы і слухаю мясцовую музыку. Засоўваю свой нос у кожную шчыліну.
Наўмысна гугліў небяспечныя раёны — і адзін за адным іх наведваў. Які дурань туды свядома папрэцца? А ты ідзеш, таму што ўбіў сабе ў галаву, што гэта твая адказнасць — глядзець на свет, з якім ты сутыкаешся ўпершыню, з двух бакоў.
Таксама жыў у палоне стэрэатыпаў і страхаў, а на месцы аказалася, што з большага яны не апраўданыя, або састарэлі. Напрыклад, у Панама-Сіці небяспечныя раёны знаходзяцца прама ў цэнтры. Іх наведванне, скажам так, непажаданае: на ўездзе стаяць блок-пасты, паліцыя імкнецца не пускаць замежнікаў. У вачах паліцэйскіх я бачыў шчыры страх. Адзін напісаў мне: тут чырвоная зона, тут жыве д’ябал.
Ты адпачатку нервуешся, а падобныя фразы толькі дадаюць страху. Але наведваеш адзін за другім такія раёны, паступова робіш больш фота і відэа, пазней нават пры мясцовых жыхарах. А затым і ўвогуле адзначаеш, што бачыш там больш усмешак, чым у «нармальных» частках гораду.
Прыемна вяртацца з паездкі не з грузам новых стэрэатыпаў, а наадварот, пазбавіўшыся тых, з якімі пачынаў.