«Пачынаеш пазнаваць унутры сябе Лукашэнку». Галоўрэд «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў адказаў на няёмкія пытанні з паліграфам
Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў стаў госцем праграмы «Шчыра кажучы» на тэлеканале «Белсат». Ён прайшоў праз дэтэктар хлусні і расказаў пра працу на дзяржтэлебачанні, канфлікты з калегамі і магчымы сыход з пасады галоўрэда. БАЖ паглядзеў гэты выпуск і запісаў цытаты пра медыя і прафесію.
Пра незалежнасць ад спонсараў
Я не магу назваць нікога, ад каго залежыць «Еўрарадыё». Мы залежым, безумоўна, ад таго, аказываюць нам дапамогу ці не. Але калі мы кажам пра незалежнае медыя — мы кажам не пра гэта. Ці калі мы кажам пра залежнае медыя — мы кажам пра тое, што некаму плацяць за нешта канкрэтнае. «Мы табе заплацім 100 баксаў, а ты апублікуеш гэты артыкул». Такога няма на «Еўрарадыё», і я думаю, што і ў іншых беларускіх медыях няма. <…>
Спонсары «Еўрарадыё», ці, лепш казаць, партнёры — гэта ўрады краінаў, гэта нейкія міжнародныя фундацыі. Я нават не магу сфармуляваць, што за інтарэсы такія ў іх могуць быць, якія б іх прымусілі прасіць ці патрабаваць нешта выправіць [у матэрыялах «Еўрарадыё»].
Пра канкурэнцыю з «Зеркалом» і канфлікты з «Нашай Нівай»
«Зеркало» — класнае выданне з вялікай аудыторыяй. Калі ты афармляеш заяўку на падтрымку і «Зеркало» афармляе заяўку на падтрымку, то шансаў выйграць у цябе даволі няшмат. Таму што ў «Зеркала» рэальна 30–40 мільёнаў наведнікаў на сайце (на заблакаваным сайце ў месяц!) І што ты можаш супраць гэтага зрабіць, адказаць? Нічога.
Але калі казаць пра кантэнт, то я думаю, што «Наша Ніва» з «Белсатам» тут нашы канкурэнты найперш. Хутчэй «Наша Ніва» па «ашчушчэніях». Таму што ў іх шмат эксклюзіўных матэрыялаў, шмат крыніцаў — гэта відавочна. Яны вельмі часта апярэджваюць і нас, і вас [«Белсат»]. Гэта нагода іх паважаць.
Ёсць і нагоды іх не паважаць, магу сказаць шчыра. Я думаю, што беларускае незалежнае медыя ў 2024 годзе можа абыйсціся без двух публікацый пра тое, што Лукашэнка спярша не павіншаваў Пуціна, а пасля павіншаваў Пуціна. Сур’ёзна, навошта карміць сваю аудыторыю гэтым лайном? Ну якая розніца, павіншаваў Лукашэнка Пуціна ці не павіншаваў? <…>
Канфлікты [з «Нашай Нівай»] звязаныя з тым, што нехта ў некага (ці падалося, што нехта ў некага) пераставіў навіну і не спаслаўся. <…> Але я скажу, што шмат разумееш у крызісных сітуацыях. Усе гэтыя канфлікты былі вельмі дробязныя.
Напрыклад, з Ягорам Марціновічам, які быў галоўным рэдактарам «Нашай Нівы», мы, калі пазнаёміліся, былі на нажах: «А вы то зрабілі, а вы сё, а вы тут не спаслаліся, колькі можна»… Але пасля таго, як у яго дома быў ператрус і я здымаў, як Ягора Марціновіча ў кайданках вядуць па двары, я падумаў, што ўсе гэтыя канфлікты такой былі фігней.
Пра пасаду міністра інфармацыі
Я думаю, што рабіцца міністрам інфармацыі мае сэнс, каб праз пару гадоў скасаваць гэтае міністэрства. Ад міністэрства мусіць застацца нейкі аддзел, які займаецца менавіта дзяржаўнай бяспекай у лепшым сэнсе гэтага слова. Таму што свабода свабодай, а кожная дзяржава мусіць клапаціцца пра сваю бяспеку. Не пра бяспеку ўлады, як зараз, — уся праца Камітэту дзяржаўнай бяспекі накіравана на тое, каб забяспечыць улады трывалымі падмуркамі для існавання. І вось гэты аддзел, канешне, мусіць заставацца, каб сачыць: расійскія прапагандысты там распаясаліся і гэтак далей. Каб вось гэта ўсё рэгуляваць. Ну і дастаткова.
Пра сувязь медыяў у эміграцыі з беларусамі
Мне здаецца, што тэматычна на «Еўрарадыё» не дужа што змянілася з таго часу, калі мы былі ў Беларусі. Вядома, мы не вядзем рэпартажаў з месца падзеяў. З іншага боку, мы пішам пра тое, што турбуе беларусаў, і мы пішам пра гэта нашмат больш адкрыта, нашмат больш шчыра, чым гэта могуць дазволіць сабе нават недзяржаўныя медыі ўнутры краіны. <…>
Іх [беларусаў] турбуе тое, што турбуе людзей па ўсім свеце: заробкі, стан дарог і дзіцячых пляцовак, стан сістэмы аховы здароўя. Канешне, калі б мы знаходзіліся унутры Беларусі, атрымлівалася б лепш. І акрамя таго, ніхто б нам не казаў, што мы адарваліся ад людзей і паміж намі там пропасць нейкая.
Але мы можам цяпер больш. У нас тут за мяжой рэальна якая-ніякая, але ёсць палітыка. Ёсць актыўнасць офіса, актыўнасць НАУ Латушкі, ёсць АПК, ёсць Каардынацыйная рада. Ёсць некалькі структур, якія супрацьстаяць гэтым структурам, крытыкуюць іх. І мы можам пра гэта ўсё пісаць. Гэта ж крута, што мы можам гэта рабіць і нам ніхто не перашкаджае. Так што, я думаю, нічога мы не адарваліся.
Пра працу на «Еўрарадыё» і сінія пальцы
Я галоўны рэдактар «Еўрарадыё» з красавіка 2018 года — хутка 6 гадоў. І я ўжо ў мінулым годзе пачаў задумвацца: пара. Час пераходзіць, можа быць, у межах «Еўрарадыё», на нейкую іншую працу і даць вось гэтую пасаду чалавека, які вырашае, каму-небудзь больш маладому, больш прагрэсіўнаму. Чалавеку, які бачыць развіццё ў больш сучасным рэчышчы. І я вырашыў, што трэба шукаць такога чалавека.
Гэта, канешне, фантастычна было. Калі пачынаеш перабіраць калег, і вось: «Так, ну гэты на сваім месцы працуе, няхай працуе далей. Так, ну а гэты (ці гэтая — тут няважна, без гендэрнай прыналежнасці) — ой, ну не пацягне». І так пачынаеш крыху пазнаваць унутры сябе Лукашэнку і гэтыя сінія пальцы: «ну а хто, калі не я».
Скажу шчыра, што мог у «Еўрарадыё» з’явіцца новы галоўны рэдактар з 1 студзеня 2024 года. Гэта чалавек, з якім вяліся перамовы. На завяршальнай стадыі ён не пагадзіўся, таму што, канешне, не ўсім хочацца сёння быць публічнымі асобамі. Таму што кожная публічнасць адразу азначае крымінальны пераслед.
Цалкам размову з Паўлам Свярдловым глядзіце тут