Пачаўся суд над палітзняволенымі рэдактарамі «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам і Андрэем Скурко
Сёння ў судзе Заводскага раёна распачаўся суд над нашымі калегамі Ягорам Марціновічам і Андрэем Скурко.
У залу суда пусцілі 12 чалавек, з іх 6 сваякоў. На суд прыйшлі таксама замежныя дыпламаты.
Ягор выглядаў бадзёрым, нават энергічным. Андрэй ‒ больш зясяроджаным і спакойным.
Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.
Шкоду, нібыта нанесеную камунальнікам, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко кампенсавалі ў поўным аб’ёме. «Мінскэнэрга» адклікала іск і прэтэнзій да іх не мае.
Паседжанне суда на сёння завершанае. Працяг будзе ў сераду аб 11‑й. Максімальнае пакаранне, якое пагражае нашаніўцам — да пяці гадоў абмежавання альбо пазбаўлення свабоды.
Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Яны трапілі пад каток рэпрэсій, які прайшоўся ці не па ўсіх незалежных выданнях Беларусі.