Па ўказанні Міністэрства інфармацыі дзяржаўная газета выдаліла недакладныя звесткі
Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі адказаў на зварот юрыста, сябра ГА "БАЖ" Алега Мацкевіча.
У жніўні раённая газета “Адзінства” — друкаваны орган Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта — размясціла на сваім сайце публікацыю “Вниманию граждан!”. У ёй даводзілася, што “ў адпаведнасці з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2012 года № 1087, кожны землекарыстальнік і землеўладальнік, уласнік аб’екта нерухомасці павінен утрымліваць свой зямельны ўчастак, аб’ект і прылеглую да яго тэрыторыю ў належным стане”.
На думку сябра ГА “БАЖ”, юрыста Алега Мацкевіча гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.
“На самай справе правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў утрымліваюць абмежаваны пералік землекарыстальнікаў, якія абавязаныя даглядаць прылеглую тэрыторыю, норма не тычыцца кожнага з іх, — звяртае ўвагу юрыст. — Апрача гэтага ў публікацыі на сайце газеты “Адзінства” ўтрымліваліся звесткі пра рашэнне райвыканкама ад 10.04.2018 г. аб добраўпарадкаванні Барысаўскага раёна, якое мела часовы характар і на сёння згубіла юрыдычную сілу”.
На гэта Алег Мацкевіч указаў у сваёй скарзе ў Міністэрства інфармацыі. У адказе на зварот першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі паведаміў, што “ў выніку праведзенай работы публікацыя была выдаленая ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу https://edinstvo.by”.
На думку юрыста, размешчаная афіцыйным выданнем інфармацыя наносіла шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам: грамадзян уводзілі ў зман адносна абавязкаў па добраўпарадкаванні зямлі, да якой не маюць ніякага дачынення, а органы дзяржаўнай улады гублялі аўтарытэт з‑за недакладнасці інфармавання насельніцтва.